Мікола Абрамчык

беларускі грамадскі і палітычны дзеяч
(Пасля перасылкі з Мікалай Сямёнавіч Абрамчык)

Мікола (Мікалай Сямёнавіч) Абрамчык (16 жніўня 1903, в. Сычавічы пад Радашковічамі, цяпер Маладзечанскі раён — 25 мая 1970, Парыж) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, інжынер. Прэзідэнт Рады БНР (снежань 1947—1970).

Мікола Абрамчык
Мікола Абрамчык
Мікола Абрамчык
сцяг
Прэзідэнт БНР
1947 — 1970
Папярэднік Васіль Захарка
Пераемнік Вінцэнт Жук-Грышкевіч
 
Адукацыя
Дзейнасць публіцыст, журналіст, палітык
Нараджэнне 16 жніўня 1903(1903-08-16)
Смерць 29 мая 1970(1970-05-29) (66 гадоў)
Пахаванне
Бацька Сямён Абрамчык
Жонка Ніна Абрамчык

ПаходжаннеПравіць

Прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, якія ўзялі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў. Адзін быў за гэта пакараны смерцю на шыбеніцы, іншыя высланыя, а дзеда Міколы Янку выгналі з духоўнай семінарыі і пазбавілі грамадзянскіх правоў.

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў в. Сычавічы Вілейскага павета Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Наконт даты нараджэння Міколы Абрамчыка ёсць розныя версіі, найбольш праўдападобна, што ён нарадзіўся 6 жніўня 1903 года, бо гэтая дата ўласнаручна ім запоўнена ў анкеце БІНіМ. Гэтая ж дата была надрукавана ў газеце «Бацькаўшчына» за 1952 год, дзе быў размешчаны вялікі біяграфічны артыкул, напісаны Лявонам Рыдлеўскім.[1]

З 1921 года браў удзел у нацыянальным руху, быў прадстаўніком Рады БНР на Вілейскую акругу. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію. З 1924 года працягваў адукацыю ў Чэхаславакіі, скончыў там эканамічна-кааператыўны факультэт Украінскай гаспадарчай акадэміі ў Подзебрадах з дыпломам інжынера-эканаміста, а таксама факультэт гісторыі і сацыялогіі Карлава ўніверсітэта ў Празе. Быў дзеячам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. У Чэхаславакіі зблізіўся з прадстаўнікамі ўрада БНР (П. Крэчэўскім, В. Захаркам і інш.). У пачатку 1920-х гадоў з мэтай каардынацыі дзеянняў шмат разоў нелегальна наведваў БССР[2].

У 1930 годзе пераехаў у Францыю, заснавальнік і кіраўнік аб’яднання беларускіх рабочых «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» (1932), выдавец яго перыядычных выданняў «Бюлетэнь» (Le Bulletin des Travailleures Bielorussiens en France) і «Рэха». Працаваў рабочым і інжынерам на фабрыках, шахтах і ў сельскай гаспадарцы. У Парыжы жыў па адрасе Rue de Gravilliers 65. Мікалай Вакар, знаёмы з Абрамчыкам, успамінаў: «Быў у яго ў мансардзе пад небам… кніжныя паліцы, чыгунная печка, пішучая машынка на часанам стале і рататар…»[3].

У 1941—1943 гадах дзеяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Берліне, рэдактар газеты «Раніца» (1939—1944), арганізатар і лектар курсаў беларусазнаўства, выдавец кніг Я. Коласа «Сымон Музыка» і Л. Геніюш «Ад родных ніў». Працаваў у Камітэце самапомачы ў Беластоку. Уступіў у кантакты з Беларускай незалежніцкай партыяй, але ў кастрычніку 1943 года быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Парыж пад хатні арышт.[4] Жыў у прыгарадзе Парыжа Вільпэнце.

Старшыня (прэзідэнт) Рады БНР (1943; снеж. 1947—1970). Арганізаваў крывіцкую Раду БНР (крывіцкі блок) (1947). Ад 15 жніўня 1945 быў старшынём Беларускага нацыянальнага цэнтру. Ад 1946 г. працаваў у Еўропе па лініі IRO (International Refugee Organization). У снежні 1947 г. афіцыйна аднавіў і ўзначаліў Раду БНР. Мікола Абрамчык быў праціўнікам пераходу беларускіх епіскапаў у РЗПЦ і адным з ініцыятараў адраджэння БАПЦ у 1948 годзе.

 
Магіла Мікола Абрамчыка на могілках Пер-Лашэз у Парыжы

Удзельнічаў у паваенным антыкамуністычным руху, аўтар брашуры «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» (Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народа; ЗБК, Таронта, 1950). У 1950—1960-я гады быў прэзідэнтам Лігі за вызваленне народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR (Paris Bloc)). Паводле гісторыка Наталлі Гардзіенка, дзякуючы Міколе Абрамчыку з’явілася беларуская рэдакцыя Радыё «Вызваленне/Свабода».

У канцы 1960-х гадоў захварэў на рак. У 1969 годзе перанёс аперацыю. 29 мая 1970 года памёр у шпіталі Анэ-су-Буа. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз. З-за таго што на магільнай пліце не было надпісу, а магілу значны час не даглядалі, месца пахавання М. Абрамчыка было згублена. Намаганнямі сяброў супольнасці «Беларуская нацыянальная памяць» магілу знайшлі ў 2008 годзе.

Сям’яПравіць

Быў жанаты з Нінай Ляўковіч (з пачатку 1940-х). Дзядзька беларускага дзеяча эміграцыі Данілы Клінцэвіча.

ТворыПравіць

  • Historyja Biełarusi u kartach: pavodle lekcyj čytanych ing. M. Abramčykam, na kursach Biełarusawiedy u Berlinie 1941-42 hodzie. Berlin, 1942.
  • Introduction critique à l'étude de l’histoire bélarussienne (1944).
  • О белорусско-польских взаимоотношениях в прошлом и настоящем. Париж, 1945.
  • Ab pryrodnykh bahatstvakh Belarusi. Liondan, 1947.
  • [La Bielorussie]. Paris, le 29 Avril 1948.
  • I accuse the Kremlin of genocide of my nation: based on the secret documents of the military prosecutors and N.K.V.D. of the U.S.S.R. Toronto: Byelorussian Alliance in Canada, 1950.
  • Manifesto of the Rada of the Byelorussian Democratic Republic. N.Y., 1958.
  • Belorussia. Munich, 1963.

Зноскі

  1. Радыё Рацыя. Калі насамрэч нарадзіўся Мікола Абрамчык?
  2. МІКОЛА АБРАМЧЫК
  3. Кодин Е. В. Н. П. Вакар и начало американского послевоенного белорусоведения // История и историография: объективная реальность и научная интерпретация: сб. науч. ст. по материалам междунар. науч. конф., посвящ. 140-летию со дня рождения акад. В. И. Пичеты / редкол.: А. Д. Король (гл. ред.) [и др.]. Минск: БГУ, 2018. С. 53.
  4. Уладзімір Аляксеевіч Арлоў: Імёны Свабоды: Мікола Абрамчык

ЛітаратураПравіць

  • Zaprudnik J. Historical Dictionary of Belarus. Lanham, Md. [u.a.]: Scarecrow Press, 1998. ISBN 0-8108-3449-9
  • Арлоў У. Імёны Свабоды / Уладзімер Арлоў. — [Б.м.]: Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода, 2007. — (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — С. 256—257.
  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.
  • Экспедыцыя Беларускай Нацыянальнай Памяці па краінах Заходняй Еўропы // Беларускае Радыё «Рацыя»: Матэрыялы: Замежжа. 7.8.2008, 12:59. — Эл.рэсурс racyja.by