Мікалай (Шамяціла)

беларускі праваслаўны дзеяч

Епіскап Мікалай (свецкае імя: Мікалай Іванавіч Шамяціла; 1877, Аброва, Пінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя  — 23 чэрвеня 1933, Мінск, БССР, СССР) — беларускі праваслаўны дзеяч, епіскап Слуцкі (1923—1933).

Мікалай (Шамяціла)
Мікалай (Шамяціла)
Епіскап Слуцкі, вікарый Мінскай епархіі
сакавік 1923 — 1933
Царква Руская праваслаўная царква
Адукацыя
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Мікалай Іванавіч Шамяціла
Нараджэнне 1877
Смерць 23 чэрвеня 1933(1933-06-23)

Біяграфія

правіць

Па нацыянальнасці беларус. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара Івана Шамяцілы. Навучаўся ў Пінскім духоўным вучылішчы, у 1897 годзе скончыў Мінскую духоўную семінарыю.

У 1899 годзе быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Параскева-Пятніцкай царквы ў вёсцы Мясяцічы Пінскага павета. З 1902 года — выкладчык Закона Божага ў Мінскім жаночым вучылішчы. У 1903 годзе прызначаны настаяцелем Троіцкай царквы ў вёсцы Белавушы.

У 1904 годзе паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя (1908). Па вяртанні ў Беларусь служыў у Міхайлаўскай царкве ў Востраве, прадмесці Слуцка. 22 красавіка 1914 года прызначаны настаяцелем слуцкага Мікалаеўскага кафедральнага сабора, старшынёй Слуцкага аддзялення Епархіяльнага вучылішчнага савета з наданнем сана протаіерэя.

Падчас польска-савецкай вайны падтрымліваў кантакты са Слуцкім беларускім нацыянальным камітэтам, культурна-асветніцкім таварыствам «Папараць-Кветка». Падтрымліваў і прапагандаваў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння[1]. 29 мая 1920 года выступіў з урачыстым малебнам перад выпускнікамі Слуцкіх беларускіх настаўніцкіх курсаў, у якім заклікаў маладых настаўнікаў служыць на карысць бацькаўшчыны і беларушчыны.

У пачатку 1920-х гадоў ідэйна зблізіўся з прыхільнікамі аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі епіскапам Бабруйскім Філарэтам, святарамі Уладзімірам Бірулям, Валяр’янам Навіцкім і іншымі. Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву.

У сакавіку 1923 года мітрапаліт Мелхіседэк пасвяціў айца Мікалая ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі[2].

Арыштаваны 21 жніўня 1926 года ДПУ БССР па абвінавачванню ў антысавецкай дзейнасці, аднак вызвалены ў верасні 1926 года з-за недаказанасці злачынства. У ліпене 1927 года ў епіскапа здарыўся інсульт з частковай паралізацыяй.

Зноў арыштаваны ў 1933 годзе і разам з 20 святарамі Слуцкага вікарыяцтва прыгавораны да 8 гадоў зняволення ў лагерах па сфабрыкаванай справе «контррэвалюцыйнай праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі». Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках — расстраляны ў Мінскай унутранай турме АДПУ і тайна пахаваны на гарадскіх лютэранскіх могілках[3].

Рэабілітаваны 17 ліпеня 1989 года пракуратурай БССР.

Узнагароды

правіць

Зноскі

  1. Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды: айцец Мікалай ШамяцілаРадыё Свабода, 13 траўня 2006.
  2. Становішча царквы ў 20-х — пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя — Афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.

Літаратура

правіць