Мікола Гусоўскі

паэт, гуманіст эпохі Адраджэння

Мікола (Мікалай) Гусоўскі (лац.: Nicolaus Hussovianus; польск.: Mikołaj Hussowczyk, Mikołaj Hussowski; каля 1470 — пасля 1533) — беларускі[3][4][5] і польскі[4] паэт, гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Пісаў лацінскай мовай у публіцыстычным, эпічным, гераічным, лірычным, гістарычным і сатырычным жанрах. Дзейнічаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, землях Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Мікола Гусоўскі
лац.: Nicolaus Hussovianus
Уяўны партрэт Міколы Гусоўскага на паштовай марцы Беларусі, 1996 г.
Уяўны партрэт Міколы Гусоўскага на паштовай марцы Беларусі, 1996 г.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1470
Месца нараджэння
Дата смерці 1533[1][2]
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, пісьменнік, святар
Мова твораў лацінская мова
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія і адукацыя

правіць

Паводле найбольш абгрунтаванай версіі, паходзіў з Гусава каля Ланьцута (цяпер Падкарпацкае ваяводства Польшчы)[6].

Паводле іншай версіі, месцам нараджэння Гусоўскага магла быць вёска Уса (Усава) у цэнтральнай Беларусі[4], дакладнае месцазнаходжанне якой дагэтуль не высветленае праз нястачу дакументальных крыніц. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая выказала меркаванне аб радзіме паэта ў межах сучасных Гомельскага ці Буда-Кашалёўскага раёнаў Гомельскай вобласці — на рацэ Уза або ў населеных пунктах Уза ці Гусявіца[7].

Паходзіў з сям’і паляўнічага. Пачатковую адукацыю атрымаў у кафедральнай або царкоўна-прыходскай школе. Працягваў навучанне ва ўніверсітэтах Балонні, Вільні, Кракава.

У 1515 годзе быў клерыкам перамышленскім і натарыусам на службе ў падскарбія вялікага кароннага Анджэя Касцялецкага[8].

Прынята лічыць, што вялікую ролю ў яго лёсе адыграў мецэнат Эразм Вітэлій (Цёлак) — сакратар велікакняжацкай канцылярыі, біскуп плоцкі. У многіх публікацыях сцвярджаецца, што 1518 годзе ў складзе літоўска-польскай дыпламатычнай місіі (1518—1522), якую ўзначальваў Вітэлій, Мікола Гусоўскі трапіў спачатку ў Аўгсбург (рэзідэнцыя імператара Свяшчэнай Рымскай імперыі Максіміліяна I), а затым у Рым, да двара папы Льва X.

Паводле даследванняў польскага гісторыка Веслава Врубля, перш чым пазнаёміцца з Цёлкам, Гусоўскі ў другой палове 10-х гг. XVI ст. быў на службе віленскага ваяводы і канцлера вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла. Ваявода меў разглеглыя ўладанні на Падляшшы з цэнтрам у Ганёндзы, дзе ў 1519 годзе быў складзены адзін з дакументаў з подпісам Гусоўскага. Падчас службы ў Радзівіла Гусоўскі меў магчымасць пазнаць культурны, гістарычны і палітычны кантэкст Вялікага Княства Літоўскага, а таксама пабачыць паляванне на зубра ва ўладаннях Радзівіла на Падляшшы. Врубэль лічыць, што Гусоўскі мог вырушыць у Рым вясной-летам 1521 г., калі Мікалай Радзівіл па просьбе Эразма Цёлка адправіў скуру і шкілет зубра ў дар Папу Льву Х[8].

У Італіі канчаткова сфарміраваліся творчая індывідуальнасць і літаратурнае крэда Гусоўскага. Выконваючы заказ Вітэлія для папы Льва Х, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў, Мікола Гусоўскі стварыў у 1521 годзе ў Рыме свой найлепшы твор «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго»), дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. Аднак Гусоўскі не паспеў надрукаваць свой твор у Італіі, бо ягоны апякун папа Леў X раптоўна памёр. Свой паэтычны зборнік «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis» ён надрукаваў у 1523 годзе ў Кракаве ў друкарні Ераніма Віетэра, ён складаўся з празаічнага прысвячэння, аднайменнай паэмы і 11 вершаў, напісаных пераважна ў рымскі перыяд. У прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі і спрактыкаванымі ў навуцы і мастацтве людзьмі. Фінансава дапамагла з выданнем вялікая княгіня літоўская і каралева польская Бона Сфорца, у гонар якой была прысвечана кніга.

Гуманістычнасць

правіць

Паэт выступіў як выразнік перадавых грамадска-палітычных і эстэтычных поглядаў таго часу і папулярызатар гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага ў свеце, быў прадстаўніком рэнесанснага рэалізму. Гусоўскі першы ў славянскай літаратуры ўбачыў і адлюстраваў пачатак крызісу сацыяльна-палітычнага ладу Вялікага Княства Літоўскага, крытыкаваў сацыяльна-класавую палітыку Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў выразнікам настрояў баяр, шляхты і гараджан. З мэтай маральна-этычнага ўдасканалення грамадства, павышэння яго адукаванасці Мікола Гусоўскі прапагандаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі («сем свабодных навук»).

У войнах паэт бачыў адну з найважнейшых прычын няшчасцяў чалавецтва, пакут радзімы і народа. Ён заклікаў спыніць міжусобіцы паміж уладарамі хрысціянскай Еўропы, прапаведаваў роўнасць народаў. Грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка ён лічыў абуджэнне нацыянальнай свядомасці свайго народа. Мікола Гусоўскі даў якасныя ўзоры грамадзянскай патрыятычнай лірыкі. Заклікаў суайчыннікаў задумацца над цяжкім становішчам радзімы, усвядоміць, што галоўны яе біч — гэта палітыка ўладароў. Пясняр прыроды, працы і свабоднага чалавека ў беларускай і ўвогуле ўсходнееўрапейскай літаратуры, Мікола Гусоўскі выказаў замілаванасць і гарачую любоў да роднай зямлі. Ярка паказаў жыццё мужных, працавітых людзей, паляўнічых, ратнікаў, бортнікаў, аратых, іх працоўную і ратную дзейнасць, побыт і звычаі, ідэалізаваў вобраз вялікага князя Вітаўта. У народнай мудрасці ён бачыў невычэрпную крыніцу паэзіі, інфармацыі і адну з прычын стойкасці народнага духу. Паэт паклаў пачатак збіранню народнай мудрасці беларусаў. Ён авалодаў скарбамі беларускага народнага гумару, прынцыпамі яго выкрывальнага ўздзеяння, выступаў супраць тых, хто лічыў, што вучоная лацінская паэзія па сваім характары несумяшчальная з творчасцю народа.

«Песня пра зубра»

правіць
 
Першы аркуш 1-га кракаўскага выдання (1523) «Песні пра зубра»

(лац.: «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis») (1521—1522) — паэма напісаная на класічнай лацінскай мове. Спачатку твор быў прысвечаны Папу Льву X, у пазнейшым выданні (Кракаў, 1523) — каралеве Боне. Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа да з'яўлення паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. У паэме яскрава выказаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, рэнесансна-ўтапічная канцэпцыя гарманічных узаемадачыненняў чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўных адносін. Усе часткі твора аб'яднаны тэмай лёсу радзімы, адданасці роднай зямлі. Мікола Гусоўскі стварыў мастацка-гістарычны гімн прыгажосці сваёй зямлі. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Гусоўскі выказаў праблему аховы прыроды, беражлівых адносін да яе, рацыянальнага выкарыстання і памнажэння багаццяў радзімы. Для Міколы Гусоўскага прырода — усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. «Песня пра зубра» напісана ім на класічнай латыні, але ў ёй ёсць прыкметы жывой беларускай мовы. Паэзія Міколы Гусоўскага паўплывала прама ці апасродкавана на станаўленне гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага, росквіт лацінскай, уласнабеларускай і польскай літаратур, на развіццё такіх жанраў ва ўсходнееўрапейскай літаратуры, як лірыка-эпічная, гістарычная і сатырычная паэма, элегія, эпіграма.

«Новая і славутая перамога…»

правіць

«Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы» (Кракаў, 1524) — паэма, створаная за адзін дзень па гарачых слядах падзей. Напісаная хворым, змучаным неўладкаванасцю жыцця чалавекам, яна здзіўляе сілай мастацкага асэнсавання народнага подзвігу. Паэт ганарыцца, што перамога над туркамі[uk] пад Церабоўляй здабыта паспалітым рушэннем. Твор значна ўплыў на развіццё жанру гераічнай паэмы і хронікі ў літаратурах Беларусі, Польшчы і Літвы.

«Жыццё і подзвігі Св. Гіяцынта»

правіць

Паэма (Кракаў, 1525), прысвечаная кракаўскаму ваяводу Хрыстафору з Шыдлоўца паэт гаворыць пра неабходнасць «адкрыцця» спраў славутых людзей мінулага для папулярызацыі іх жыцця. Паэма апісвае жыццё дамініканскага прапаведніка Яцка (Гіяцынта) Адрованжа, да чыёй беатыфікацыі напісаная. У гэтым дыдактычна-рэлігійным творы аўтар прапаведаваў хрысціянска-гуманістычны подзвіг як служэнне народу. У разуменні Міколы Гусоўскага Вялікае Княства Літоўскае і Польшча складаюць адзінае цэлае — славянскі рэгіён. Таму вобраз Гіяцынта, дзейнасць якога праходзіла ў ВКЛ і Польшчы, дарагі сэрцу паэта ідэйнай сутнасцю. Многія радкі паэмы — гімн чалавечаму розуму, духоўнай велічы. Паэма сцвярджала адзінства лепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі. У гэтым выявіліся дэмакратызм, народнасць светаўспрымання, публіцыстычнасць і грамадзянская мужнасць Міколы Гусоўскага.

Меркаваны партрэт

правіць
 
Выява ў першым выданні

Беларуская даследніца Жана Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што адшукала ў першым выданні паэмы аўтэнтычную выяву, на якой адлюстраваны Мікола Гусоўскі. Аднак Мікалай Касцюковіч звяртае ўвагу, што тая ж выява змешчаная ў мностве іншых выданняў Віетора, прычым кніга Гусоўскага сярод іх – не першая храналагічна; выглядае, такім чынам, што гэта проста марка друкара, натхнёная, гледзячы па ўсім, персанальнай эмблемай Эразма Ратэрдамскага.[9]

Пераклады

правіць

На беларускую мову «Песня пра зубра» перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. На сённяшні дзень, адзіны беларускі пераклад «Песні пра зубра», які захоўвае вершаваны памер арыгінала — элегічны двуверш, належыць У. Шатону.

Апроч беларускай, «Песня пра зубра» перакладалася на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.

Бібліяграфія

правіць

Памяць

правіць

У 1980 годзе з нагоды 500-годдзя Мікола Гусоўскі быў уключаны ЮНЕСКА ў каляндар міжнародных дат выдатных дзеячаў сусветнай культуры.

Крыніцы

правіць
  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118962507 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Советский энциклопедический словарь. 4-е издание, Москва, «Советская энциклопедия», 1988, С.353.
  4. а б в Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2 тамах. 2-е выданне, Мн., 2007, Т.1, С.562
  5. Гусоўскі Мікола // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 256. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  6. Chachaj, M. Narodowa i kulturowa przynależność Mikołaja Hussowskiego, autora "Pieśni o żubrze". Fakty i mity // Etniczne, kulturowe i religijne pogranicza Rzeczypospolitej w XVI-XVIII wieku. — Toruń, 2005. — С. 247-252.
  7. Некрашэвіч-Кароткая, Ж. Загадка Гусоўскага чакала свайго часу Архівавана 1 студзеня 2022. // Жаўруковая песня Радзімы: народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / [В. С. Новак і інш. — Гомель : Сож, 2008. — С. 418–422.
  8. а б Wróbel, Wiesław. Uzupełnienia do biografii Mikołaja Hussowskiego, autora "Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis" // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2018. — С. 690-698. — ISBN 978-83-64103-22-3.
  9. Николай Костюкович. Закрытие чудных открытий // Веды, 27.08.2012. С. 6.

Спасылкі

правіць