Мікалаеўская царква (Магілёў)

(Пасля перасылкі з Мікольская царква, Магілёў)

Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у горадзе Магілёве. Помнік архітэктуры барока, характэрны прыклад дойлідства, дзе яскрава праявіліся планіровачна-канструкцыйныя і архітэктурна-дэкаратыўныя асаблівасці, характэрныя для гэтага рэгіёна[1].

Славутасць
Мікалаеўская царква
53°53′38″ пн. ш. 30°20′45″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль Магілёўская школа дойлідства
Дата заснавання 1637
Будаўніцтва 16691672 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000017шыфр 511Г000017
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Будаўніцтва манастыра пачалося ў XVII ст., калі кіеўскі мітрапаліт Пётр (Магіла), атрымаў згоду польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV на будаўніцтва у Магілёве царквы Святога Мікалая. Падчас праўлення магілёўскай епархіяй епіскапам Сільвестрам (Косавым) ў 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква. Будаўніцтва неацепленнага цаглянага храма пачалося ў 1669 г., а ў 1672 г. ён быў асвечаны біскупам Феадосіем I (Васілевічам).[2].

 
Царква ў 1917 годзе

У гады савецкай улады царкоўная рэчы храмаў манастыра былі канфіскаваны і выкарыстоўваліся не па прызначэнні, іканастас разбураны. А ў 1934 г. са смерцю святара Міхаіла Пляшчынскага Свята-Мікольскі сабор быў зачынены. У 1937 г. спыніла існаванне і Магілёўская епархія (адроджана ў 1989 г.).

З 1937 г. ў Свята-Мікольскім саборы знаходзілася перасыльная турма. У 1941 г. турма была зачынена.

Комплекс моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны[1]. З 1946 г. у саборы размяшчалася кніжная база. З 1956 года вяліся, т.зв. рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх будынак Свята-Мікольскага храма прыйшоў у яшчэ большы заняпад.

У 1981 г. скончаны знешнія работы па аднаўленні і рэканструкцыі комплексу манастыра паводле праекта, распрацаванага ў Спецыялізаваным навукова-рэстаўрацыйным аб’яднанні «Белрэстаўрацыя» Міністэрства культуры БССР (архіт. А. Канаваленка). Адноўлена Мікалаеўская царква, вяліся работы па рэстаўрацыі манументальнага жывапісу ў інтэр’еры і экстэреры[1].

У 1995 г. да Свята-Мікольскага храма падвялі ацяпленне.

Архітэктура правіць

 
Прытвор

Уяўляе сабой трохапсідную крыжова-купальную базіліку з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Да цэнтральнага нефа з захаду далучаны прытвор. Галоўны фасад падзелены карнізамі па 3 ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы масіўны ярус аздоблены 3 плоскімі паўцыркульнымі нішамі на ўсю вышыню, з’яўляецца п'едэсталам для наступных ярусаў. Другі дэкарыраваны «глухой» аркатурай, пілястры якой пакрыты ляпным раслінным арнаментам, спаранымі нішамі з гіркамі. У трэцім ярусе аркатурны матыў з паўкалонкамі прарысаваны больш дэталёва. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі пілястрамі. Крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя і лучковыя[1].

Інтэр’ер правіць

 
Іканастас царквы
 
Роспіс купала Мікольскай царквы з кампазіцыяй «Тройца новазапаветная»
 
Іканастас бакавога прыдзела

У інтэр’еры 2 рады калон падзяляюць прастору на 3 нефы. Базілікальная частка завершана трансептам, які крыху выступае. Перакрыцце цэнтральнага нефа і крылаў трансепта — цыліндрычныя скляпенні, бакавых нефаў (завершаны паўцыліндрычнымі апсідамі) — крыжовыя. У бабінцы над уваходам размешчаны хоры. Абапал бабінца — 2 службовыя памяшканні, у адным з іх знаходзілася вітая лесвіца на вежы. Інтэр’ер царквы ўпрыгожаны манументальным жывапісам розных часоў. Самыя раннія фрэскі — кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (па скляпенні купала) і выявы 4 евангелістаў з сімваламі (па ветразях) — адносяцца да канца 17 ст. Сюжэтныя сцэны на біблейскія і евангельскія тэмы (захавалася 19 кампазіцыіі) размешчаны ў 2 ярусы паміж аконнымі праёмамі светлавога барабана (1-я палова 18 ст.). У алтарнай частцы захаваліся невялікія сюжэтныя кампазіцыі і арнаментальны дэкор канца 18 — пачатку 19 ст. Размалёўкі выкананы ў тэхніцы фрэскі (па сырой тынкоўцы) і клеявымі фарбамі. Палітра стрыманая, светлая і цёплая: пераважае вохра з адценнямі ружова-чырвоных, жоўта-карычневых, зялёных і блакітна-сініх колераў. Мадэліроўка форм, твараў і складак адзення — колеравая. Кампазіцыі характарызуюцца прасторавай глыбінёй і аб’ёмам. Тыпаж простанародны. У сцэны ўведзены скупы пейзаж з певялікімі архітэктурнымі кулісамі, але кампазіцыі цэласныя, напоўненыя ўнутраным рухам[1].

Чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) зроблены мясцовымі майстрамі да 1672 г. Некалькі разоў рамантаваўся, але істотна змяніліся толькі дэталі ніжняга яруса. Увенчаны скульптурным распяццем у абрамленні пышнай разьбы[1].

Зноскі

  1. а б в г д е 29. Комплекс Мікалаеўскай царквы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  2. Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006. (руск.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць