Славянскія мікрамовы

(Пасля перасылкі з Мікрамова)

Славя́нская мікрамо́ва — тэрмін, уведзены ў канцы 1970-х гадоў расійскім лінгвістам Аляксандрам Дулічэнкам для пазначэння асаблівых літаратурных і лінгвістычных форм, што існуюць побач з больш вядомымі славянскімі мовамі. Славянскія мікрамовы звычайна вызначаюцца як стандартызаваныя формы некаторых ізаляваных або перыферыйных дыялектаў буйнейшых нацыянальных моў, пры гэтым мікрамовы, як і нацыянальная мова, маюць шэраг літаратурных функцый у грамадстве, аднак у прыкметна меншым аб'ёме ў адрозненне ад нацыянальнай. Усе літаратурныя мікрамовы, як правіла, маюць некаторую лінгвістычную сувязь з нейкай нацыянальнай мовай, у выніку чаго славянскія мікрамовы часта фактычна ўяўляюць сабою стандартызаваныя формы дыялектаў нацыянальнай мовы. Тым не менш, з гэтага правіла могуць быць выключэнні.

Астраўныя і перыферыйныя мікрамовы правіць

Носьбіты або карыстальнікі сучасных славянскіх мікрамоў звычайна пражываюць сярод няроднасных моўных супольнасцей, складаючы тым самым своеасаблівы этнічны «востраў», або ў перыферыйных рэгіёнах сваёй гістарычнай этнічнай групы. Адпаведна з гэтым, славянскія мікрамовы падзяляюцца на «астраўныя» і «перыферыйныя» (таксама вядомыя як рэгіянальныя). Сярод астраўных славянскіх мікрамоў найвядомейшымі з'яўляюцца панонска-русінская, градышчанска-харвацкая, малізска-славянская, рэзьянская, (часам азначаецца як «паўастраўная») і банацка-балгарская мікрамовы. Асноўнымі перыферыйнымі славянскімі мікрамовамі з'яўляюцца прэкмурская, усходнеславацкая, ляшская, русінская, заходнепалеская і г.д.

Функцыянальныя рысы правіць

Дакладныя іерархічныя зносіны між нацыянальнымі літаратурнымі мовамі і мікрамовамі могуць быць устаноўленымі шляхам даследаванняў унутраных уласцівасцей, такіх як неадпаведнасць між строгай маўленчай нормай нацыянальнай мовы і ўмеранай нормай мікрамовы, якая нярэдка зліваецца з дыялектамі. Нацыянальная літаратурная мова часта адлюстроўвае стандартызаваную форму маўлення, што, аднак, можа адсутнічаць у мікрамоў, чые нормы нярэдка складаюцца з досыць розных дыялектаў. Апрача таго, розніца можа складацца між шырынёй выкарыстання нацыянальнай мовы і мікрамовы.

Між тым, мікрамовы звычайна маюць большае функцыянальнае выкарыстанне ў адрозненне ад адпаведных дыялектаў; яны праяўляюць тэндэнцыю да стандартызацыі, што цягне за сабою значнае пашырэнне лексікі, больш кадыфікаваную граматыку (часта — шляхам знешніх запазычанняў), а таксама зварот да папярэдняй літаратурнай і лінгвістычнай традыцыі іншых дыялектаў. У адрозненне ад дыялектаў, якія могуць ужывацца ў мастацкіх мэтах, мікрамова звычайна ў той ці іншай ступені рэгулюецца арганізаваным літаратурным і моўным працэсам, які ўяўляе стварэнне і функцыянаванне мікрамовы.

З пункта гледжання геаграфіі славянскія мікрамовы могуць існаваць сярод іншых славянскіх альбо сярод не-славянскіх рэгіёнаў. Такім чынам, адны з мікрамоў маюць становішча своеасаблівых «астравоў», узнікшых у выніку міграцыі, у той час як іншыя — як мовы, што не адасабляліся ад рэгіёна свайго паходжання.

Спіс сучасных мікрамоў правіць

Ніжэй прыведзены спіс шырока вядомых сучасных славянскіх мікрамоў. Мікрамовы згрупаваныя паводле дыялектнай прыналежнасці да іншай, буйной нацыянальнай мовы (то бок да мовы, адным з дыялектаў якой ёсць дыялект, на якім заснавана мікрамова), а таксама паводле прыналежнасці да той ці іншай групы славянскіх моў.

Асаблівае становішча займае панонска-русінская мова (русіны-перасяленцы ў Ваяводзіне і Харватыі, таксама вядомая як югаславарусінская), якая генетычна адносіцца да славацкага моўнага масіву, аднак мае моцны субстратны і адстратны русінскі ўплыў. Па сукупнасці крытэрыяў займае прамежкавае становішча між мікрамовамі і асноўнымі славянскімі мовамі.

Да апошняга часу адзіным моўным арэалам, дзе не ўзніклі літаратурныя мікрамовы, заставалася руская мова. У пачатку ХХІ ст. у Расіі з'явілася некалькі праектаў, сярод якіх можна адзначыць сібірскую і паморскую мікрамовы. У пачатку мінулага стагоддзя ставіліся спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове мясцовых гаворак для Усевялікага Войска Данскога — кароткатэрміновай дзяржавы на поўдні Расіі.

Этнічны фактар правіць

Большасць славянскіх мікрамоў, як правіла, прасоўваюць не нацыі або этнічныя групы, а культурна-моўныя і этнамоўныя групы як субэтнічныя групы таго ці іншага славянскага этнасу.

Перыферыйныя літаратурныя мікрамовы функцыянуюць у асяроддзі культурна-моўных груп, што існуюць у межах перыферыйнага (этнічнага) арэала і вылучаюцца ў яго межах толькі мясцовымі асаблівасцямі культурна-гістарычнага і дыялектнага (моўнага) характару, — да падобных груп належаць чакаўцы, кайкаўцы ў Харватыі і г.д. Да астраўных літаратурных мікрамоў адносяцца этнамоўныя групы, што рэзка адрозніваюцца ад навакольнай большасці — градышчанскія харваты, малізскія славяне, банацкія балгары і г.д., у адрозненне ад культурна-моўных груп гэтыя групы характарызуюцца трохі большай этнічнай і моўнай адасобленасцю. І перыферыйныя, і астраўныя этнічныя групы ў пераважнай большасці (за некаторымі выключэннямі) разглядаюць уласную ідэнтычнасць як частку большай, буйной славянскай нацыі (банацкія балгары — балгар; малізскія славяне, градышчанскія харваты, чакаўцы, кайкаўцы — харватаў і г.д.). Зыходзячы з падобнага крытэрыя, панонска-русінская мова можа разглядацца як асобная з прычыны прэтэндавання панонскіх русінаў на статус асобнага народа. З іншага боку, пад падобны крытэрый і пад вызначэнне мікрамова не трапляюць лужыцкія мовы, якія маюць астраўное размяшчэнне, але не адносяцца да якой-небудзь буйнейшай славянскай мовы, а таксама кашубская мова, якая, нягледзячы на перыферыйнае становішча адносна польскай, лічыцца большасцю лінгвістаў асобнай мовай.

Гісторыя ўзнікнення правіць

Сярод асноўных умоў, што садзейнічалі ўзнікненню літаратурных мікрамоў, найперш вылучаюцца наяўнасць кампактнага асяроддзя і звязаная з гэтым адасобленасць ад асноўнага дыялектнага кантынуума; усведамленне моўнай і этнічнай спецыфічнасці; складанасць дыялектнага ландшафту, якая вымушае звярнуцца да пошукаў уласнай літаратурнай мовы (асабліва ў перыяд фарміравання нацыянальных літаратурных моў) на бліжэйшай дыялектнай аснове; наяўнасць літаратурна-моўнай перадтрадыцыі на роднаснай ці няроднаснай мове, якая забяспечвала ўмовы для эксперыментаў па прымяненні роднага маўлення ў ролі літаратурнай мовы. Пры гэтым колькасны фактар не з'яўляецца вырашальным, але аказвае ўплыў на патэнцыйныя магчымасці літаратурна-моўнага працэсу.

Стымуламі для ўзнікнення рада мікрамоў стаў пратэстантызм, які быў распаўсюджаны сярод некаторых славянскіх этнічных груп і прапагандаваў богаслужэнне на мясцовай мове (XVI ст.), рухі за нацыянальнае адраджэнне славянскіх народаў (ХІХ ст.) і суб'ектыўны фактар — існаванне асветнікаў, здольных уласным прыкладам, у асноўным у літаратурнай галіне, даць штуршок да арганізацыі літаратурна-моўнага працэсу на мясцовых дыялектах.

Асаблівасцю перыферыйных літаратурных мікрамоў з'яўляецца тая акалічнасць, што амаль усе з іх на пачатковай стадыі свайго развіцця (да эпохі нацыянальнага адраджэння) прадстаўлялі сабою рэгіянальныя варыянты, якія ўступалі ў канкурэнцыю адзін з адным з мэтай стаць асновай для стварэння нацыянальнай літаратурнай мовы.

Зноскі

  1. Милетич, Любомир. I, кн. 5 и 6 // Нова латинска писменост за македонските българи под Гърция. — Македонски преглед, 1925. — С. 229-233.

Літаратура правіць

  • Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки, микроязыки // Языки мира. — Славянские языки. — М.: Academia, 2005.
  • Дуличенко А. Д. Славянские литературные микроязыки. Вопросы формирования и развития. — Таллин, 1981.
  • Дуличенко А. Д. Языки малых этнических групп: функциональный статус и проблемы развития словаря (на славянском материале) // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen. — Tübingen, 1999.
  • Duličenko А. D. Kleinschriftsprachen in der slawischen Sprachenwelt // Zeitschrift für Slawistik. — 1994, Bd. 39.