У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Мікратапаніміка (ад грэч. μικρός (мікрас) — малы, τόπος (топас) — мясціна, ὄνομα (онама) — імя) — кірунак тапанімікі, які вывучае мікратапонімы — назвы малых геаграфічных аб'ектаў: лясоў, лугоў, палёў, урочышчаў і інш. Мікратапаніміка даследуе паходжанне гэтых назваў, іх сэнсавае значэнне, развіццё, сучасны стан, вымаўленне і напісанне.

Сукупнасць мікратапонімаў на той ці іншай тэрыторыі называецца мікратапанімія. Мікратапонімы ў пэўнай ступені паўтараюць іншыя групы тапонімаў, і рэзкай мяжы, якая б аддзяляла мікратапанімію ад іншых геаграфічных назваў, няма. Таму мікратапаніміка перакрыжоўваецца з шэрагам іншых кірункаў тапанімікі: гідранімікай (даследуе назвы рэк і інш. водных аб'ектаў), урбанімікай (вывучае назвы ў населеных пунктах) і г. д.

Але ў мікратапонімаў існуюць і шмат адметнасцяў. Так, яны бліжэй да агульных імён, чым іншыя тапонімы, нярэдкая дублетнасць мікратапонімаў, іх граматычная і лексічная ўстойлівасць бываюць адноснымі. У ліку мікратапонімаў існуе вялікая колькасць складаных назваў, створаных з прычыны імкнення людзей як мага дакладна ахарактарызаваць называныя аб'екты.

Па колькасці адзінак мікратапанімія ў сотні разоў перавышае іншыя групы тапаніміі. У Беларусі мікратапанімія даследуецца з 1960-х гг. Мікратапонімы з'яўляюцца крыніцай для вывучэння мовы народа, яго геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі. У іх захоўваюцца ўказанні на рассяленне і заняткі людзей у мінулым, пра былыя паселішчы, раслінны і жывёльны свет края.

Літаратура

правіць