Муравінскае міжледавікоўе

(Пасля перасылкі з Мікулінскае міжледавікоўе)

Муравінскае міжледавікоўе (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага раёна), мікулінскае міжледавікоўе[1] (Расія), эмскае міжледавікоўе (Заходняя і Цэнтральная Еўропа) — познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па іншых меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле іншых меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад.

Адклады міжледавікоўя трапляюцца невялікімі ўчасткамі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазерскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найбольш вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г. Ф. Мірчынкам і Т. М. Мікулічам), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў.

У час міжледавікоўя былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пачатку і канцы міжледавікоўя былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэрыторыі Беларусі ў канцы міжледавікоўя вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўночнай часткі, дзе асноўныя рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.

Зноскі правіць

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).

Літаратура правіць