Мілаградская культура
Мілагра́дская культу́ра — археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на поўначы і р. Рось на поўдні, Зах. Бугам на захадзе і р. Іпуць на ўсходзе (тэр. паўднёвай Беларусі і Украінскага Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласці. Большасць археолагаў датуе культуру 7—3 ст. да н.э. На думку С. Я. Рассадзіна яе межы больш шырокія — 9 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.
археалагічная культура | |
Мілаградская культура | |
---|---|
|
|
Эпоха | жалезны век |
Этнічная прыналежнасць | славяне альбо балты |
Паселішчы
правіцьХарактэрныя 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя — гарадзішчы і неўмацаваныя — селішчы. Яны размяшчаліся на берагавых мысах рэк, праток, водападзелаў і ў забалочаных мясцінах, паплавах на невялікіх узвышшах. У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі з усіх бакоў. Нярэдка гарадзішчы мелі 2 і больш пляцовак, аддзеленых адна ад адной валамі (Гарошкаў, Мілаград). Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. У Падняпроўі яны прымыкаюць ла гарадзішчаў і ўтвараюць з імі адзіны гасп.-эканам. комплекс. На Палессі яны існуюць незалежна ад гарадзішчаў.
Жытла
правіцьАсноўны тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы (апошнія характэрныя для палескіх помнікаў). Памяшканні прамавугольнай або акруглай формы плошчай 12—16 м² слупавой канструкцыі і з выступам каля адной са сцен разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах, размешчаны паміж апорным слупам і сцяной. У гасп. мэтах выкарыстоўваліся пабудовы тыпу хлявоў і ям-скляпоў.
Пахаванні
правіцьПахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Да ранняга этапу культуры належаць курганы — паўсферычныя невысокія насыпы дыяметрам да 22 м. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы, або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні.
Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі знаходзіліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. Зрэдку пахаванні знаходзяць і на пляцоўках гарадзішчаў. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Косці ссыпалі на дно ям (круглых ці авальных) глыбінёй 0,5—1 м. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні.\\
Артэфакты
правіцьДля носьбітаў Мілаградскай культуры характэрны гліняны посуд з прамым адагнугым вонкі венчыкам і яйка- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Вышыня і дыяметр па зрэзе венчыка ад 10 да 30 см, але ёсць мініяцюрныя пасудзінкі вышынёй 3—5 см. Частка посуду аздоблена па венчыках, шыйках, плечуках уцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду, арнаменты на іх у выглядзе заштрыхаваных трохвугольнікаў, зорак, крыжоў, кольцаў і імш. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы скіфскага тыпу, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жалезныя ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, завушніцы, фібулы, разнастайныя падвескі, шпількі, бляшкі і інш.), пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, бронзавыя).
Гаспадарка
правіцьАсноўныя формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду.
Этнічная прыналежнасць
правіцьЭтнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка даследчыкаў адносіць іх да славян (В. М. Мельнікоўская, Л. Д. Побаль і інш.), частка (П. М. Траццякоў, В. В. Сядоў, А. Р. Мітрафанаў, Э. М. Загарульскі) лічыць іх балтамі.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Мілагра́дская культу́ра // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 482—483. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.