Мінскае ваеннае губернатарства
Мінскае ваеннае губернатарства (1812—1815), Мінскае часовае ваеннае губернатарства (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864) — шэраг ваенных губернатарстваў у Расійскай Імперыі, якія ствараліся ў час дзеяння ў Мінскай губерні ваеннага становішча ў сувязі з верагоднымі ці рэальнымі ваеннымі дзеяннямі на яе тэрыторыі. Складаліся толькі з адной Мінскай губерні. Мінскае ваеннае губернатарства існавала з 13 сакавіка 1812 па 15 сакавіка 1815 г. А Мінскае часовае ваеннае губернатарства стваралася тры разы: 1) з 30 красавіка 1831 па 22 студзеня 1832 г.; 2) з 14 лістапада 1861 па 16 жніўня 1862 г.; 3) з 12 мая 1863 па 2 ліпеня 1864 г. Цэнтрам быў Мінск.
Мінскае ваеннае губернатарства (1812—1815)
правіцьМінскае ваеннае губернатарства было створана 13 сакавіка 1812 г. напярэдадні вайны з Францыяй (вайна 1812 года) і распачатымі ў Мінскай губерні сялянскімі хваляваннямі, а галоўнае — ростам прафранцузскіх настрояў мясцовага карэннага дваранства (у сваёй большасці — каталіцкага). На пасаду мінскага ваеннага губернатара быў прызначаны камендант Бабруйскай крэпасці генерал-маёр атрылерыі Гаўрыіл Аляксандравіч Ігнацьеў (1758—1852), які павінен быў назіраць за мясцовай адміністрацыяй, палітычнымі настроямі мясцовага насельніцтва, падаўляць сялянскія выступлені, чыніць ваенны суд. Ён падпарадкоўваўся Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяй. У пачатку вайны з французамі летам 1812 г. камандзір II расійскай арміі генерал Пётр Баграціён прызначыў Гаўрыіла Ігнацьева на пасаду бабруйскага ваеннага губернатара (1812), улада якога распаўсюджвалася на Бабруйск і акругу. Пасля вайны Ігнацьеў працягваў быць мінскім ваенным губернатарам. Пасада і мінскае ваеннае губернатарства было скасавана 15 сакавіка 1815 г.[1]
-
Зварот мінскага ваеннага губернатара Гаўрыіла Ігнацьева да мінскага губернскага маршалка графа Міхала Ракіцкага, 11 верасня 1814 г.
Мінскае часовае ваеннае губернатарства (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864)
правіцьУпершыню Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана 30 красавіка 1831 г. у сувязі з Лістападаўскім паўстаннем (1830—1831). Яшчэ 1 снежня 1830 г. Мінская губерня была аб'яўлена на ваенным становішчы, а 8 студзеня 1831 г. уключана ў склад Віцебскага генерал-губернатарства. Аднак 13 красавіка 1831 г. паводле ўказу Сената Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і стала вярхоўна падпарадкоўвацца Галоўнакамандуючаму Рэзервовай арміяй (да 31 ліпеня 1831 г.), а з 31 ліпеня 1831 па 6 кастрычніка 1831 г. — Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяй[3]. І паралельна з 30 красавіка 1831 г. Мінская губерня была пад кантролем мінскага часовага ваеннага губернатара, які падпарадкоўваўся Галоўнакамандуючаму Дзеючай арміяй[3]. Першым на пасаду мінскага часовага ваеннага губернатара быў прызначаны генерал-ад'ютант, генерал-маёр князь Мікалай Андрэевіч Далгарукаў (1792—1847). Указам ад 23 жніўня 1831 г. Далгарукаў быў прызначаны на пасаду віленскага часовага ваеннага губернатара, а на пасаду мінскага часовага ваеннага губернатара 15 верасня 1831 г. быў прызначаны генерал-маёр граф Сяргей Рыгоравіч Строганаў (1794—1882)[4].
У другі раз Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана 5 жніўня 1861 г. па прычыне неабходнасці падаўляць сялянскія хваляванні, якія пачаліся пасля пачатку рэалізацыі сялянскай рэформы на падставе маніфеста 19 лютага 1861 г. аб адмене прыгона. У губерню былі ўведзены войскі, якія, як атрымалася, заставаліся тут да канца падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864)[4]. Губернатар атрымаў статус ваеннага губернатара. На кароткі час з 4 лістапада 1861 г. ім стаў генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант Мікалай Мацвеевіч Яфімовіч (1804—1874)[5]. Пасады грамадзянскага губернатара Мінскай губерні ў 1861—1862 гг. не было: толькі 15 чэрвеня 1862 г. быў прызначаны грамадзянскі губернатар у Мінскую губерню — Андрэй Львовіч Бажэўнікаў. А 14 лістапада 1861 г. быў прызначаны новы мінскі часовы ваенны губернатар генерал-маёр Сяргей Ягоравіч Кушалёў (1821—1890)[6], які атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы ў губерні: права аб'яўляць ваеннае становішча як цалкам у губерні, так і ў асобных паветах ці гарадах; права звальняць з пасад ненадзейных і нелаяльных асоб; права заключаць у турмы і крэпасці нелаяльных і высылаць нежаданых асоб у аддаленыя губерні імперыі; права ўжываць ваенную сілу для падаўлення паўстанняў, чыніць ваенна-палявы суд і г.д. Указам Сената ад 16 жніўня 1862 г. пасада часовага ваеннага губернатара была скасавана, а Мінская губерня ўвайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864) і Віленскай ваеннай акругі[7].
У трэці раз Мінскае часовае ваеннае губернатарства было створана паводле царскага ўказу ад 12 мая 1863 г. у сувязі з пачатым Студзеньскім паўстаннем (1863—1864). На пасаду часовага ваеннага губернатара быў прызначаны генерал-лейтэнант Васіль Іванавіч Забалоцкі (1802—1877), які падпарадкоўваўся віленскаму ваеннаму генерал-губернатару[8]. Яго пасада афіцыйна менавалася як «часовы ваенны губернатар Мінскай губерні і камандуючы войскамі, у гэтай губерні знаходзячыхся». Пры часовым ваенным губернатары было створана праўленне з трох аддзелаў (ваеннага, палітычнага і судовага), а таксама — мінская следчая камісія па палітычным справам (для вядзення следства над удзельнікамі паўстання)[9].
Пасада скасавана 2 ліпеня 1864 г. пасля прапановы віленскага ваеннага генерал-губернатара, калі было вырашана, што паўстанне ўжо канчаткова падаўлена. Усё кіраванне Мінскай губерняй вярталася грамадзянскаму губернатару, а сама губерня да 22 снежня 1870 г. уваходзіла ў склад Віленскага генерал-губернатарства (1864—1912)[9].
Спіс ваенных губернатараў
правіцьМінскі ваенны губернатар (1812—1815)
правіць- 13 сакавіка 1812 — 15 сакавіка 1815 — Гаўрыіл Аляксандравіч Ігнацьеў (1758—1852), генерал-маёр
Мінскія часовыя ваенныя губернатары (1831—1832, 1861—1862, 1863—1864)
правіць- 30 красавіка 1831 — 23 жніўня 1831 — князь Мікалай Андрэевіч Далгарукаў (1792—1847), генерал-ад'ютант, генерал-маёр
- 15 верасня 1831 — 22 студзеня 1832 — граф Сяргей Рыгоравіч Строганаў (1794—1882), генерал-маёр
- 4 лістапада 1861 — 14 лістапада 1861 — Мікалай Мацвеевіч Яфімовіч (1804—1874), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант
- 14 лістапада 1861 — 16 жніўня 1862 — Сяргей Ягоравіч Кушалёў (1821—1890), генерал-маёр
- 12 мая 1863 — 2 ліпеня 1864 — Васіль Іванавіч Забалоцкі (1802—1877), генерал-лейтэнант
Гл. таксама
правіць- Мінскае, Ізяслаўскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства (і яго пераемнікі Мінскае, Валынскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства; Мінскае, Валынскае і Падольскае ваеннае губернатарства) (1793—1801)
- Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832)
- Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796)
- Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823)
- Дынабургскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832)
- Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801)
- Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830)
- Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832)
- Беластоцкае часовае генерал-губернатарства (1905—1907)
- Паўночна-Заходні край
- Заходні край
Зноскі
- ↑ Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14; Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 63.
- ↑ «Кантрактамі» у літоўска-беларускіх губернях называліся гаспадарчыя з'езды дваран.
- ↑ а б Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 10.
- ↑ а б Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14.
- ↑ Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 193.
- ↑ Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 195.
- ↑ Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 14—15.
- ↑ Бригадин, П.И. Минские губернаторы... С. 199.
- ↑ а б Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения... С. 15.
Літаратура
правіць- Большакова, О.В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О.В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В.М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. [1](недаступная спасылка)
- Бригадин, П.И. Минские губернаторы: история власти / П.И. Бригадин, А.М. Лукашевич. — Минск : БГУ, 2009. — 351 с. (фрагмент кнігі гл. тут [2] Архівавана 1 кастрычніка 2013.)
- Зайончковский, П.А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. / П.А. Зайончковский. — М. : Мысль, 1978. — 288 с.
- Лукашевич, А. М. Политическая ситуация в белорусских губерниях накануне войны 1812 г. в оценке российских служб политического сыска и контрразведки Архівавана 19 лютага 2014. // Российские и славянские исследования, Выпуск 4, 2009 год
- Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII – начало XX века) / Л.М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с.
- Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1793—1917) / Сост. Т.Е. Леонтьева. — Мн : Бел НИИДАД, 2006. — 392 с.
- Тепляков, С. Оборона Бобруйской крепости в 1812 году
- Бобруйская крепость Архівавана 25 студзеня 2013. // Міністэрства абароны Расійская Федэрацыі