Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі

арганізацыя

Мі́нскае тавары́ства се́льскай гаспада́ркі — грамадская арганізацыя гаспадарчага (а пазней і палітычнага) характару, якая існавала з 20 жніўня 1876 г. па 1 мая 1921 г. і мела ў сваім складзе галоўным чынам сярэднезаможных і заможных землеўласнікаў Мінскай губерні. Сядзіба таварыства знаходзілася большую частку часу свайго існавання ў Мінску — спачатку ў дваранскім доме, пасля на Захараўскай вуліцы ў доме Паўлоўскага (да 1898 г.), а затым (з 1898 г.) — у доме № 47 на Захар’еўскай вуліцы, набытым у графа Караля Эмерыкавіча Чапскага (1860—1904). Таварыства атрымала сваю вядомасць і ўплыў у Мінскай губерні (і шырэй) дзякуючы намаганням галоўных кіраўнікоў арганізацыі — доўгачасовага і аўтарытэтнага віцэ-старшыні (1888—1907), старшыні (1907—1921) Эдварда Адамавіча Вайніловіча; графа Караля Эмерыкавіча Чапскага (1860—1904); графа Ежы Эмерыкавіча Чапскага (1861—1930); віцэ-старшыні (1907—1917, 1918—?) Рамана Аляксандравіча Скірмунта (1868—1939); Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і інш. Таварыства выйшла ў шэрагі самых эфектыўных і прагрэсіўных гаспадарчых арганізацый Расійскай Імперыі. Дзякуючы свайму лідару Эдварду Вайніловічу Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі стала ўзорным і цэнтральным у літоўска-беларускім краі, на якое ў сваёй дзейнасці аглядаліся сельскагаспадарчыя таварыствы астатніх літоўска-беларускіх губерняў[1], што дазваляла паслабляць негатыўнае ўздзеянне дыскрымінацыйных законаў, уведзеных расійскімі ўладамі пасля паўстання 1863—1864 гадоў у адносінах да мясцовых каталіцкіх дваран. Па сутнасці, у канцы XIX — пачатку XX ст. Эдвард Вайніловіч стаў неафіцыйным лідарам карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран літоўска-беларускіх губерняў. Менавіта лідары і члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі вылучыліся на ролю лідараў у распрацоўцы і рэалізацыі ідэй «краёвасці» ў 1905—1918 гг., сталі галоўнымі заснавальнікамі Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). Пасля падзення расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) лідары таварыства станоўча ўспрынялі працэс палітычнага самавызначэння беларусаў і сталі актыўнымі прыхільнікамі палітычнай суб’ектнасці Беларусі (аж да стварэння беларускай дзяржаўнасці), робячы для таго канкрэтныя крокі. У 1918 г. выступілі з праектам стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, а ў 1919—1921 гг. былі прыхільнікамі стварэння польска-беларускай федэрацыі.

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі
Сфера дзейнасці гаспадарчая і навукова-адукацыйная дзейнасць: вытворчасць і гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй; крэдытаванне і страхаванне сельскагаспадарчай дзейнасці; навуковыя даследаванні і папулярызацыя ведаў у галіне сельскай гаспадаркі
Дата заснавання 20.08.1876
Дата роспуску 01.05.1921
Тып таварыства
Колькасць удзельнікаў некалькі соцен (рознілася ў розныя часы)
Цэнтр па факту: г. Мінск (1876—1920); г. Варшава (1920—1921)

Стварэнне Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1876)

правіць

Першым нефіліяльным сельскагаспадарчым таварыствам у шасці губернях Паўночна-Заходняга краю было Віцебскае таварыства сельскай гаспадаркі, статут якога быў зацверджаны 28 ліпеня (8 жніўня) 1876 г. Міністэрствам дзяржаўных маёмасцей Расійскай імперыі[2]. Неўзабаве 20 жніўня (1 верасня) 1876 г., калі быў зацверджаны статут, было створана Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) па ініцыятыве будучага міністра ўнутраных спраў (1879—1880) Расійскай імперыі Льва Савіча Макава (1830—1883), які атрымаў ва ўласнасць маёнтак Блонь (Мар’іна Горка) і Навасёлкі ў Ігуменскім павеце, канфіскаваныя расійскай уладай пасля Студзеньскага паўстання (1863—1864) у мясцовай каталіцкай шляхты[3]. Галоўнай задачай таварыства ставілася падтрымка рускага землеўладання ў Мінскай губерні, а таксама падтрымка развіцця сельскай гаспадаркі рускіх уладальнікаў маёнткаў, каб супольнымі сіламі падарваць эканамічнае і колькаснае дамінаванне карэнных землеўласнікаў, аслабленых разбуральнымі вынікамі паўстання, увядзеннем «выключнага заканадаўства» і кантрыбуцыямі, выштурхнуць іх з маёнткаў[3].

Першапачаткова яго ўзначаліў мінскі губернскі маршалак (1877—1897) Васіль Іванавіч Паўлаў, які быў рускім па паходжанні, а членамі сельскагаспадарчага таварыства сталі пераважна чыноўнікі губернскай канцылярыі. Адно з палажэнняў Статута сцвярджала, што сябрамі таварыства могуць быць толькі «асобы рускага паходжання» (праваслаўныя па веравызнанню). Так, сузаснавальнікамі і першымі членамі сталі Міхаіл Іванавіч Казарынаў, Аляксандр Васілевіч Лучынскі, Іван Андрэевіч Бунге (праваслаўны дваранін нямецкага паходжання), Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (праваслаўны дваранін беларускага паходжання), Мікалай Мартынавіч Гарцінг, Пётр Васілевіч Занцэвіч (землеўласнік з беларускага праваслаўнага духоўнага саслоўя), Уладзімір Мікалаевіч Токараў (1869—1875), Павел Міхайлавіч Хамянтоўскі, Уладзімір Мацвеевіч Яргольскі і інш.[4] Аднак дыскрымінацыя мясцовых землеўладальнікаў каталіцкага веравызнання («палякаў») не спрыяла эфектыўнасці працы таварыства, праяўленні гаспадарчых альбо прадпрымальніцкіх ініцыятыў былі рэдкасцю на яго пасяджэннях[5].

Пашырэнне складу і новыя задачы таварыства сельскай гаспадаркі (1878)

правіць
 
Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909)

У 1878 г. губернскі маршалак Паўлаў быў вымушаны прыцягнуць да працы таварыства і мясцовых дваран каталіцкага паходжання («палякаў»). Так у 1878 г. аднымі з першых запрашэнні да членства ў арганізацыі атрымалі былы мінскі павятовы маршалак (1863—1872) Леў Апалінарыевіч Ваньковіч (1831—?) і землеўладальнікі Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909), Аляксандр Ігнатавіч Горват (каля 1796—1888), Эдвард Фартунатавіч Здзяхоўскі (1836—1900), Мельхіёр Каралевіч Ваньковіч (1843—1892), Віктар Фларыянавіч Свіда, Зыгмунт Свянціцкі, Стэфан Верашчака, Віктар Цюндзявіцкі, Ян Кукевіч і малады Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)[6]. Але гэта быў толькі пачатак. Як пісаў ва ўспамінах Эдвард Вайніловіч, «мундзіры» на пасяджэннях Таварыства саступілі месца «сапраўдным гаспадарам»[5]. У канцы 1878 колькасць членаў таварыства дасягнула 64 чалавек. Большасць з іх належала да мясцовай шляхты каталіцкага веравызнання[7]. З самага пачатку, як адзначыў Вайніловіч у мемуарах, «раз і назаўсёды было сказана, <…> што рэпутацыя сельскагаспадарчага таварыства павінна быць без дакору і заганы»[8]. На першае месца ставілася добрасумленнае выкананне сваіх кантрактаў па арэндзе і гандлi, клопат аб прыбытковасці спраў таварыства ніколі не павінен быў ставіць пад сумненне ўзятыя перад кліентамі абавязкі[9].

Пасля Віцебскага і Мінскага таварыстваў пачалі ўзнікаць аналагічныя сельскагаспадарчыя таварыствы і ў іншых літоўска-беларускіх губернях (Магілёўскае (1879), Віленскае (1899), Ковенскае (1900) і Гродзенскае таварыствы сельскай гаспадаркі (1901)), дзе таксама ў іх складзе пачалі пераважаць дваране-каталікі. Гэта спрыяла значнай актывізацыі дзейнасці таварыства. Цікавасць землеўладальнікаў краю да таварыстваў трымалася не толькі з мэтай паляпшэння прыбытковасці маёнткаў, але і на жаданні да аб’яднання і камунікацыі ў рамках адной арганізацыі. Прычым гэта датычыла не толькі гаспадарчых спраў. Хутка ў дзейнасці сельскагаспадарчага таварыства пачала праяўляцца і публічная дзейнасць мясцовага грамадства літоўска-беларускіх губерняў, якое было пазбаўлена земстваў, што меліся пасля земскай рэформы ў іншых губернях Расійскай імперыі.

Так, напачатку 1880-х гг. прадстаўнікі сельскагаспадарчых таварыстваў літоўска-беларускіх губерняў прынялі ўдзел у спробе палітычнага рэфармавання Расійскай імперыі пры правядзенні г.зв. «акруговых з’ездаў», ідэя арганізацыі якіх належала расійскаму міністру ўнутраных спраў Міхаілу Лорыс-Мелікаву (1825—1888). Міністр паспрабаваў прыцягнуць да абмеркавання дзяржаўных праблем (галоўным чынам, праблем развіцця сельскай гаспадаркі ў дзяржаве) землеўладальнікаў імперыі. Ад рускіх губерняў, якія мелі земствы, прадстаўнікі-землеўладальнікі выбіраліся земствамі, а ад беларуска-літоўскіх земляў (з-за адсутнасці там земстваў) абраць прадстаўнікоў было даручана сельскагаспадарчым таварыствам. Акруговыя з’езды павінны былі абраць дэпутатаў на Усерасійскі з’езд, які многія лічылі пачаткам расійскага парламента. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) паводле сваіх выбараў накіравала ў Смаленск на з’езд V акругі, у якую размеркавалі Мінскую, Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, Эдварда Вайніловіча і Віктара Свіду. Выбраныя ў Магілёўскім таварыстве сельскай гаспадаркі таксама мясцовыя дваране-каталікі (І. Мянжынскі, А. Сянажэцкі) прадстаўлялі Магілёўскую губерню[10].

 
«Клецкі банк» — Клецкае пазыкова-ашчаднае таварыства, створанае Эдвардам Вайніловічам. Трэці справа Эдвард Вайніловіч (?). Фота раней 1901 г.

Дэпутаты ад беларускіх земляў вельмі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях на Смаленскім з’ездзе, прычым у першую чаргу з гаспадарчымі ініцыятывамі (крэдытаванне, падаткі), у той час як расійскія земцы выступалі выключна з ліберальнымі палітычнымі ініцыятывамі, што вельмі ўразіла і здзівіла Эдварда Вайніловіча. У выніку І. Мянжынскі стаў адным з двух дэпутатаў, абраных для ўдзелу ва Усерасійскім сходзе. Эдвард Вайніловіч трапіў у лік запасных[11]. Аднак «парламент» так і не быў створаны. Бомба Ігната Грынявіцкага 1 сакавіка 1881 г. забіла расійскага імператара Аляксандра II, што перакрэсліла праекты ліберальных рэформ у Расійскай імперыі.

Палітычныя перамены, з якімі члены таварыства звязвалі надзеі на адмену «мураўёўскага» заканадаўства і ўказу ад 10 снежня 1865 г., так і не адбыліся. Але таварыства спрабавала гаспадарчай актыўнасцю кампенсаваць адсутнасць палітычных правоў. Са з’езда ў Смаленску Эдвард Вайніловіч прывёз узор статута пазыкова-ашчаднага таварыства і дазвол на яго адкрыццё ў Клецку. Таварыства займалася крэдытаваннем землеўладальнікаў і сялян і атрымала ў народзе неафіцыйную назву «Клецкі банк». У асобныя гады яго капітал дасягаў 800 тыс. рублёў, прычым дваране болей бралі крэдыты, а сяляне болей рабілі дэпазіты. Эдвард Вайніловіч стаў ганаровым старшынёй наглядальнай рады «банка»[12].

У 1883 г. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі арганізавала ў Мінску сельскагаспадарчую выстаўку. Выстаўка мела поспех, які стаў прычынай значнага росту колькасці сяброў таварыства. Менавіта з гэтага часу яно набыло выразныя рысы арганізацыі з карэнных дваран Мінскай губерні. «Асобы рускага паходжання» былі канчаткова адсунутыя ў таварыстве на другі план, а сама паспяховая дзейнасць таварыства сельскай гаспадаркі значна паляпшала эканамічнае становішча мясцовых дваран-каталікоў, у чым была немалая роля Эдварда Вайніловіча[13].

Пачатак росквіту (1888)

правіць
 
Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), каля 1910 г. Фатограф Самір Львовіч Юхнін

У 1888 г. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) быў аднагалосна абраны віцэ-старшынём Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і стаў яго фактычным кіраўніком, бо пасаду старшыні, якая мела выключна ганаровы характар, звычайна займаў мінскі губернатар (у 1888 г. ім быў генерал-лейтэнант князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі)[13]. З гэтага часу пачаўся сапраўдны ўзлёт дзейнасці сельскагаспадарчага таварыства ў Мінскай губерні. Справы заўсёды паспяхова вырашаліся дзякуючы таленту, актыўнасці і кемлівасці яго членаў, у першую чаргу — Эдварда Вайніловіча. Хутка склад таварыства станавіўся болей прадстаўнічым, бо далучаліся людзі справы, якія праяўлялі зацікаўлены клопат аб росквіце і дабрабыце гаспадаркі маёнткаў як спадчынных, так і набытых.

Сфера гаспадарчай дзейнасці таварыства ў 1880—1890-я гг. пастаянна пашыралася: у 1891 г. таварыства набыло бойню ў Мінску; у 1893 г. створана Таварыства ўзаемнага крэдыту; у 1896 г. быў заснаваны Гандлёвы аддзел таварыства, які прыносіў велізарныя прыбыткі; у 1901 г. пачало дзейнічаць Таварыства ўзаемнага страхавання (ад агню), якое мела свае філіялы ва ўсіх шасці беларуска-літоўскіх губернях. Таварыства займалася нарыхтоўкамі і пастаўкамі збожжа ваеннаму міністэрству Расійскай імперыі і продажам ячменю піваварным заводам Санкт-Пецярбурга і Масквы. Таварыства пастаўляла лясныя матэрыялы данецкім каменнавугальным шахтам, экспартавала лес, наладзіла гандлёвыя зносіны з Варшавай па збыце масла і малочных прадуктаў, займалася ўпарадкаваннем мінскіх конскіх кірмашоў, стварэннем узорнага кірмашу на Залатой Горцы па продажы коней і іншай жывёлы. Мінскім таварыствам сельскай гаспадаркі былі таксама створаны суполка вінакурных заводчыкаў, акцыянернае таварыства крухмалапатачнага завода «Сокал» і лясная біржа.

Пры таварыстве, па меры развіцця арганізацыі, ствараліся секцыі, якія займаліся асобнымі пытаннямі развіцця мясцовай гаспадаркі (аграномія, жывёлагадоўля, вінакурэнне, лесагадоўля і г.д.), і філіялы МТСГ у многіх павятовых цэнтрах Мінскай губерні[14]. Хутка вырасталі бюджэт і дывідэнды арганізацыі, былі створаны і значныя фонды грамадскага прызначэння. Таварыства стварала рабочыя месцы, чым дазвалала зарабіць тым людзям, якія адносіліся да «асоб польскага паходжання» і па расійскіх законах, прынятых пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, не маглі працаваць на дзяржаўнай службе ў «заходніх губернях». Дзейнасць таварыства прыводзіла да таго, што прадукцыя мясцовых маёнткаў (каровы, свінні) выціскала з рынку прывозную (стэпавую рагатую жывёлу, авечкі) і сваёй канкурэнцыяй зніжала цэны для пакупнікоў[15].

 
Будынак Таварыства ўзаемнага крэдыту ў Мінску, фота раней 1917 г. (Будынак не захаваўся)

Ва ўмовах дзеяння ў «заходніх губернях» абмежавальных, дыскрымінацыйных законаў у адносінах да «польскага» (польскамоўнага і каталіцкага) дваранства, МТСГ выступала абаронцам інтарэсаў мясцовых землеўласнікаў (у тым ліку праз дзейнасць сваіх юрыстаў) перад расійскай уладай, «заўсёды і ў кожнай акалічнасці лічыла сябе прадстаўніком класа землеўласнікаў у Заходнім краі і мела абавязкам не давесці да страты годнасці і гонару гэтага саслоўя»[16]. У канцы 1890-х гг. у шэрагі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) у якасці членаў уступілі браты граф Караль Чапскі (1860—1904) і граф Ежы Чапскі (1861—1930) і хутка занялі ў таварыстве адно з вядучых месцаў — па прычыне сваёй кампетэнтнасці, гаспадарчага таленту, асабістых якасцей. Яны хутка знайшлі агульную мову і паразуменне з Вайніловічам. Мінскі гарадскі галава (1890—1901) граф Караль Чапскі (1860—1904) на кожным пасяджэнні МТСГ праяўляў прыметную актыўнасць і быў абраны членам Рады МТСГ. Пасля смерці брата Караля ўжо граф Ежы Чапскі (1861—1930) быў абраны ў Раду таварыства. Аднак у члены Рады МТСГ запрашаліся і рускія ўладальнікі маёнткаў Мінскай губерні, каб заўпэўніць афіцыйныя ўлады, што таварыства не ствараецца выключна па нацыянальным прынцыпе і не займаецца змоўніцкай антыўрадавай дзейнасцю. Акрамя таго, Вайніловіч і іншыя кіраўнікі таварыства імкнуліся наладзіць і замацаваць добрыя адносіны з рускімі ўласнікамі ў губерні, супрацоўніцтва з якімі ў земстве ўжо тады бралася пад увагу. У склад таварыства ўвайшло шмат высокапастаўленых асоб, бо ўрэшце стала гонарам быць членам МТСГ[17]. Эдвард Вайніловіч як старшыня МТСГ здолеў займець кантакт з усімі прадстаўнікамі афіцыйнай расійскай улады ў губерні і змог дабіцца іх павагі ў адносінах да сябе і сваёй арганізацыі[18].

Членамі МТСГ былі прадстаўнікі і іншых літоўска-беларускіх губерняў, дзе пачаткова не мелася сельскагаспадарчых таварыстваў. Калі мясцовыя ўмовы дазвалялі ім стварыць свае губернскія аграрныя таварыствы, яны выходзілі са складу МТСГ. У Мінск таксама прыязджалі павучыцца і набыць вопыт усе, хто планаваў стварыць у сябе падобныя ж арганізацыі, — на агульных сходах МТСГ часта прысутнічалі госці з польскіх губерняў (з Варшавы, Любліна, Седлеца, Сувалкаў і інш.). Пазней усе яны сталі лічыць МСТГ сваёй «калыскай»[19].

Эксперыментальнае поле ў Туганавічах (1901)

правіць
 
Сядзіба ў Туганавічах. Фота раней 1899 г. (Будынак не захаваўся)

Юзэфа Туганоўская, уладальніца маёнтка Туганавічы (Навагрудскі павет), якая захоўвала ў сядзібе ўсё, што было звязана там з памяццю Адама Міцкевіча, у 1901 г. пажадала, каб пасля яе смерці ў Туганавічах быў зроблены музей вялікага паэта. Пасля перамоў з Эдвардам Вайніловічам яна вырашыла перапісаць Туганавічы на карысць Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, захаваўшы за сабой права пажыццёвага валодання. «Але тады былі часы, калі нават і добрае зрабіць не было лёгка», — адзначыў у сваіх мемуарах Вайніловіч, бо паводле карніцкага ўказу ад 10 снежня 1865 г. каталікам не дазвалялася купляць ці атрымліваць ад другіх землі ў «заходніх губернях». Той факт, што ў МТСГ членамі былі не толькі землеўласнікі-каталікі, але і праваслаўныя, і добрыя адносіны з мінскім губернатарам (і адначасова старшынёй МТСГ) князем Мікалаем Трубяцкім дазволілі Вайніловічу атрымаць дазвол на набыццё Туганавічаў (праз фіктыўны акт куплі) на баланс МТСГ, якое ў Туганавічах стварыла сваю эксперыментальную станцыю. Для даследаванняў выкарыстоўваліся гаспадаркі членаў таварыства, у маёнтках вывучаліся перадавыя сельскагаспадарчыя дасягненні. Вынікі практычнай работы абагульняліся ў навуковых дакладах.

Аднак падзеі Першай сусветнай вайны зраўнялі сядзібу і парк з альтанкай у Туганавічах з зямлёй, а сама Туганоўская ледзь ацалела і стала жабрачкай[20].

Юбілейная сельскагаспадарчая выстаўка ў Мінску (1901)

правіць
 
Эмблема Юбілейнай сельскагаспадарчай выстаўкі (1901) МТСГ у Мінску — эскіз дыплома прызёраў выстаўкі, 1901 г. Аўтар Генрык Вейсенгоф

Таварыства арганізоўвала ў розных гарадах Мінскай губерні выстаўкі. У Мінску з 26 жніўня па 4 верасня 1901 г. праходзіла самая вялікая — Юбілейная выстаўка сельскагаспадарчай і саматужнай прамысловасці, якая была прымеркавана да 25-гадовага юбілея дзейнасці Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і прыцягнула да сябе ўвагу землеўладальнікаў не толькі Беларусі і Літвы, але і польскіх губерняў Расійскай імперыі. Выстаўка стала ажыццёўленай ідэяй і дэмантрацыяй сапраўднага трыумфа высокага развіцця сельскай гаспадаркі Мінскай губерні і ўсяго краю пад кіраўніцтвам таварыства на чале з Эдвардам Вайніловічам.

У 1912 г. МТСГ таксама арганізавала прыкметныя выстаўкі-кірмашы жывёлагадоўлі.

Грамадская функцыя МТСГ

правіць

Ад самага пачатку свайго існавання, акрамя гаспадарчай функцыі, МТСГ пачало займацца (з-за адсутнасці земстваў у «заходніх губернях») вырашэннем многіх мясцовых праблем, стаўшы адзінай уплывовай грамадскай арганізацыяй, дзе сканцэнтравалася грамадская дзейнасць заможных і сярэднезаможных уласнікаў маёнткаў Мінскай губерні. У лепшы час членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі былі 675 чалавек[13] — галоўным чынам, прадстаўнікі карэннага каталіцкага дваранства (Абрампальскія, Аскеркі, Багдашэўскія, Ваньковічы, Вайніловічы, Валадковічы, Горваты, Друцкія-Любецкія, Ельскія, Здзяхоўскія, Кастравіцкія, Кеневічы, Любанскія, Свіды, Скірмунты, Чапскія, Яленскія і інш.), якія менаваліся і як «літоўцы» (ці па-польску —«літвіны»), і як «палякі» (у палітанімічным значэнні), лічачы сябе прамымі спадкаемцамі шляхецкай эліты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мінская выстаўка (1901) паспрыяла актывізацыі дзейнасці іншых губернскіх селькагаспадарчых таварыстваў[21].

На базе таварыства пачалі стварацца іншыя грамадскія арганізацыі, якія, набраўшы арганізацыйную сілу і досвед, станавіліся самастойнымі[22]. Эдвард Вайніловіч так падсумаваў вынікі дзейнасці сваёй арганізацыі: «Таварыства, канцэнтруючы ў сабе ўсе жыццяздольныя краёвыя сілы, ва ўсіх падзеях жывога пульса жыцця правінцыі брала ўдзел, не раз ім кіравала і заўсёды рашуча ў тым ці іншым кірунку выказвалася»[23]. Ён пабачыў, што высілкі таварыства ў канечным выніку прывялі да прагрэсу сельскай гаспадаркі гэтага рэгіёна Расійскай імперыі: «Зерні дабра і праўды, кінутыя нашымі продкамі ў зямлю, узышлі і далі выдатны плён — усеагульны дабрабыт. Зараз здаецца гэта ўсё ясным і простым. Не, панове. Не з лёгкасцю стаў дасягнуты такі вынік»[16].

Лідарства МТСГ у краі

правіць
 
Галоўная сядзіба Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў Мінску. Фотапаштоўка раней 1917 г. (Будынак не захаваўся)

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) было найбуйнейшай і наймацнейшай арганізацыяй падобнага тыпу ў краі і Расійскай імперыі, адной з перадавых у тэхналагічным плане, што ў многім было заслугай выдатнай асобы яе віцэ-старшыні (а пасля і старшыні) — Эдварда Вайніловіча. Сход таварыства аднастайна прызнаваў за Эдвардам кіраўніцтва арганізацыяй, меўшага вялікую павагу і папулярнасць як у Мінскай губерні, так і шырэй. Аб яго неверагодным аўтарытэце і вядомасці ў грамадстве сведчыў такі факт, што калі землеўласнікі дакладна не ведалі адрас Вайніловіча, то пісалі на канверце проста «Пан Эдвард. Мінск», і лісты даходзілі да адрасата ў 90-тысячным горадзе[24]. Камунікабельнасць, здольнасць адразу арыентавацца ў розных прафесійных і сацыяльных абставінах, вялікі жыццёвы досвед, хрысціянская набожнасць, рэалізм, лаяльнасць у адносінах да апанентаў дазвалялі Вайніловічу ўмела кіраваць таварыствам, пазбягаць вострых момантаў, якія б маглі пашкодзіць людзям і арганізацыі[25]. Ацэньваючы ўплыў Эдварда Вайніловіча на дваран Мінскай губерні, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх мемуарах паважліва напісаў, што Вайніловіч стварыў самым шляхетным кіраўніцтвам сваю «Мінскую дзяржаўку»[26].

Створаныя раней Віцебскае (1876) і пазней Магілёўскае (1879), Віленскае (1899), Ковенскае (1900) і Гродзенскае сельскагаспадарчыя таварыствы (1901) налічвалі меней членаў, чым Мінскае, — прыблізна 300—400 чалавек, галоўным чынам мясцовах дваран-каталікоў (да 90 %). На чале Гродзенскага таварыства стаялі князь Станіслаў Святаполк-Чацвярцінскі (1838—1916) і Канстанцін Скірмунт (1866—1949), Віленскага — Іпаліт Гечэвіч (1854—1935), Ковенскага — Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), Магілёўскага — Станіслаў Венцлавовіч, Віцебскага — Станіслаў Лапацінскі (1851—?)[27]. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі фактычна стала цэнтральным у Паўночна-Заходнім краі, на якое аглядаліся сельскагаспадарчыя таварыствы астатніх літоўска-беларускіх губерняў[28], а Эдвард Вайніловіч — неафіцыйным лідарам карэнных дваран Паўночна-Заходняга краю (згрупаваных у сельскагаспадарчыя таварыствы), маючы сярод іх вялікі аўтарытэт[29].

Неафіцыйныя сходы МТСГ у Мінску

правіць
 
Былы дом Яніцкага[30] ў Мінску, дзе на другім паверсе знаходзілася васьміпакаёвая кватэра Ядвігі Кастравіцкай. Фота 2008 г.

У Мінску ў кватэры Ядвігі Кастравіцкай, сястры Эдварда Вайніловіча, у доме на вуліцы Захараўскай (№ 20) часта адбываліся нефармальныя сходы членаў МТСГ, што рабіла кватэру Кастравіцкай важным цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця літоўска-беларускіх губерняў. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) адзначыў у сваіх мемуарах пра сваю сястру: «Надзвычай інтэлігентная, пастаянна занятая грамадскім жыццём, гасцінная, яна давала ў Мінску падчас агульных сходаў Таварыства „палітычныя абеды“, на якія прыбыўшых на пасяджэнне тых альбо іншых дэлегатаў, а таксама выдатных членаў Таварыства я ад яе імя запрашаў. Цяжка пералічыць тых усіх, якія пабывалі ў яе салонах; няма справы, якая б падчас тых абедаў не была закранута, каб пазней на агульным сходзе атрымаць фармальнае зацвярджэнне. Ішлі ажыўленыя дэбаты, ніводным поглядам і выказванню перакананняў не ставіліся замінкі. Старка, віно і прыродны гумар гаспадыні ажыўлялі бяседы, быць запрошаным на якія лічылася за вялікую пашану, а мне, як старшыні, дапамагала выбіраць належную арыентацыю ў кірунку сумеснай працы, не раз выраўноўваць разыходжанні ў поглядах і г.д.»[31].

Афіцыйнай мовай справаводства, публічных выступленняў, дакладаў і дыскусій у МТСГ была руская мова, бо гэта было прадпісана статутам таварыства і законамі Расійскай Імперыі. Польская мова выкарыстоўвалася толькі ў кулуарах і неафіцыйных сходах МТСГ, бо паводле законаў Расійскай Імперыі, карыстацца польскай мовай у публічных месцах і грамадскіх арганізацыях было забаронена — да выдання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 г., які ўвёў свабоду выкарыстання любых моў у імперыі. У 1906 г. упершыню ў МТСГ на афіцыйным сходзе была афіцыйна ўжыта беларуская мова: маянтковец-каталік Ежы Булгак зачытаў на беларускай мове свой рэферат «Аб паляпшэнні пароды быдла і коней у сялянскай гаспадарцы»[32]. Вядома, што ў слуцкім аддзеле МТСГ выкарыстоўвалася беларуская мова пры кантактах з сялянамі[32].

12 сакавіка 1907 г. на сходзе МТСГ Эдвард Вайніловіч з пасады віцэ-старшыні МТСГ быў аднагалосна абраны на пасаду старшыні, а віцэ-старшынёй МТСГ быў абраны Раман Скірмунт, «правая рука» Вайніловіча. У той жа дзень на сходзе МТСГ было заснавана і Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску, у школах якога выкладаліся як асобныя прадметы польская, руская і беларуская мовы.

Яшчэ ў сваім лісце ад 12 мая 1896 г. Эдвард Вайніловіч дзякаваў Аляксандру Ельскаму за прысылку беларускамоўных кніг і паабяцаў распаўсюдзіць іх сярод маянткоўцаў на пасяджэнні МТСГ, прызнаючыся ў любові да той мовы: «Кожнаму гэтая мова мілая, кожны з нас засынаў у калысцы пад народныя песні нашых нянек, кожны на гэтай мове размаўляе з мясцовым сялянствам, а ўсе старажытныя родавыя дакументы[33] звычайна напісаныя па-беларуску[34]»[35].

З 1916 г. адкрыта і неафіцыйна, а пасля распаду Расійскай Імперыі ў 1917 г. афіцыйна ў таварыстве выкарыстоўвалася і польская мова, на якой у Варшаве быў напісаны пратакол аб ліквідацыі МТСГ у 1921 г.

Захаванне своеасаблівасці краіны

правіць

Пасля падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) ва ўмовах палітыкі працяглага і моцнага ідэалагічнага, асіміляцыйнага і эканамічнага націску з боку расійскага царызма на мясцовых дваран (галоўным чынам, польскамоўных і каталікоў, менаваўшых сябе і як «літоўцы» («літвіны»), і як «палякі») апошнія здолелі ўсё ж захаваць сваю этнічную самасць і значны працэнт у агульнай структуры землеўладання ў Паўночна-Заходнім краі[36]. Немалая роля ў гэтым належала дзейнасці мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі, што дазваляла мясцовым дваранам каардынаваць працу па ўдасканаленні кіравання гаспадаркай сваіх маёнткаў (для павышэння эфектыўнасці) і займацца ўзаемнай фінансавай дапамогай, каб утрымліваць свой эканамічны ўплыў у губернях Паўночна-Заходняга краю. Дзейнасць МТСГ і іншых падобных таварыстваў у апошняй трэці XIX — пачатку XX ст. было прамой рэалізацыяй прынцыпаў «арганічнай працы» і не выходзіла за межы г.зв. «згодніцтва» (польск. «ugoda») — імкнення да канкрэтнага паразумення з расійскім урадам і атрымання пэўных магчымасцей захавання своеасаблівасці сваёй краіны ў моўнай, рэлігійнай і адміністрацыйнай сферах як умовы такога паразумення[37].

Асобная нарада аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці (1902—1903)

правіць

У 19021903 гг. губернскія сельскагаспадарчыя таварыствы прынялі актыўны ўдзел у працы мясцовых камітэтаў Асобнай нарады аб патрэбах сельскагаспадарчай прамысловасці. Ініцыятарам Нарады быў расійскі міністр фінансаў Сяргей Вітэ (1849—1915). Пазначаючы межы кампетэнцыі камітэтаў, ён заявіў пра поўную свабоду ў выказванні ўласных поглядаў на становішча сельскай гаспадаркі і выказаў надзею, што ўдзельнікі Нарады не будуць пераследаваць мэты, якія не маюць дачынення да прамысловасці[38].

Як віцэ-старшыня МТСГ Эдвард Вайніловіч (1847—1928) быў запрошаны ў склад губернскага камітэта, але працаваў паралельна над прапановамі і з членамі селькагаспадарчага таварыства. Ён выказаўся ў сваіх мемуарах: «Гэтыя працы былі надрукаваны і прадстаўлялі сабой даволі вялікую брашуру, якая з усіх бакоў сведчыла аб здольнасці да падобных распрацовак нашага Таварыства. Справа рухалася вельмі актыўна — людзі яшчэ верылі, што гэтая праца можа даць штосьці карыснага для краю, таму горача ўзяліся за яе. Гэта была, можа, хвіліна найбольш інтэнсіўнай працы ў складзе Таварыства»[38].

У запісках прадстаўнікоў МТСГ у мінскім камітэце (у прыватнасці — Эдварда Вайніловіча) указвалася, што гаротны стан сельскай гаспадаркі ў Паўночна-Заходнім краі звязаны з пратэкцыяй расійскага ўрада толькі прамысловасці, няправільнай фінансавай палітыкай у Расійскай імперыі, неадукаванасцю сялян, характарам землекарыстання, наяўнасцю сервітутаў і г.д.[39] У якасці неабходных мер прадстаўнікі МТСГ прапаноўвалі ўдасканаленне тарыфа за правоз сельскагаспадарчых прадуктаў, улік у дагаворах інтарэсаў сельскай гаспадаркі шляхам бяспошліннага ўвоза ў Расійскую Імперыю сельскагаспадарчых машын, упарадкаванне экспарта хлеба, памяншэнне ролі гандлёвых пасрэднікаў і г.д.[40] Гэтыя меры яскрава адлюстроўвалі інтарэсы дваран Паўночна-Заходняга края, якія імкнуліся весці гаспадарку ў сваіх маёнтках капіталістычным спосабам[40].

Акрамя таго, разгляд праблем сельскагаспадарчай прамысловасці непазбежна рабіў аб’ектам дыскусіі палітычнае і культурнае становішча мясцовых дваран літоўска-беларускіх губерняў. І трэба аддаць належнае членам сельскагаспадарчых таварыстваў, якія неаднаразова падкрэслівалі, што абавязковай умовай развіцця сельскай гаспадаркі і прамысловасці з’яўляецца свабода і роўнасць у палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай галінах жыцця, а таксама адхіленне ідэі нацыяналізацыі зямлі[21]. Абараняючы права прыватнай уласнасці на зямлю і неабходнасць захавання дваранскіх маёнткаў буйных і сярэдніх памераў, дзеячы МТСГ спасылаліся на асаблівую ролю дваранства ў гісторыі края і Расійскай Імперыі. Эдвард Вайніловіч у сваёй запісцы пісаў: «Пры лідарскім значэнні дваранскага саслоўя склалася ўсё культурнае прошлае дзяржавы, на сіле і ініцыятыве гэтага саслоўя заснавана цяперашняе развіццё вытворчых сіл правінцыі»[41].

Аднак пачатак руска-японскай вайны (1904—1905) на пэўны час спыніў многія рэфарматарскія захады царскага ўрада, у тым ліку ў аграрнай сферы.

Погляды на аграрнае пытанне

правіць
 
Камерцыйная аб’ява гадлёвага аддзела (т.зв. «Мінскага сельскагаспадарчага сіндыката») Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі аб продажы сельскагаспадарчых прылад і машын — у польскамоўным часопісе-календары «Kalendarz Minski na rok przestępny 1908», надрукаваным у Мінску Мінскім таварыствам дабрачыннасці ў 1907 г.

Найболей рэльефна пачатковыя пазіцыі лідараў МТСГ (у часы Рэвалюцыя 1905—1907 гг. у Расіі) былі адлюстраваны ў дакладзе члена МТСГ Генрыха Свянціцкага «Аграрнае пытанне» ад 5 сакавіка 1906 г. Мінскаму таварыству сельскай гаспадаркі[40].

Свянціцкі ўказаў, што ідэя нацыяналізацыі зямлі як спосаб вырашэння не толькі аграрнага пытання, але і іншых эканамічных і палітычных праблем не з’яўляецца новай, бо выказвалася яшчэ Жан-Жакам Русо і Генры Джорджам, і не прыжылася ва ўсіх цывілізаваных краінах[42]. Абсурднасць прапаноў сацыялістаў аб падзеле багацця паміж усімі грамадзянамі Свянціцкі бачыў у тым, што ліквідацыя прыватнай уласнасці непазбежна прывядзе грамадства да застою, эканамічнай адсталасці і беднасці, а не росквіту, бо пазбавіць імпульса да працоўнай актыўнасці і стымулаў да павышэння прадукцыйнасці працы[43]. Свянціцкі ў дакладзе крытыкаваў тых рускіх землеўласнікаў у Паўночна-Заходнім краі, якія не выступалі супраць адчужэння сваіх зямель у краі, толькі б ім за такое адчужэнне зямлі заплацілі. Ён казаў, што для мясцовых каталіцкіх дваран-маянткоўцаў Паўночна-Заходняга края гэта асабліва непрымальна, бо яны жывуць у краі і любяць уласна кіраваць маёнткамі, а значная частка рускіх землеўласнікаў у краі не жыве і кіруе сваімі маёнткамі праз аканомаў альбо здае ў арэнду[44].

Адкінуўшы ідэю нацыяналізацыі зямлі і прынцып адчужэння часткі прыватнаўласніцкіх зямель, Свянціцкі адносна вырашэння аграрнага пытання выступіў за стварэнне спрыяльных умоў гаспадарання для сялян на тых землях, якімі яны валодаюць. Ён указваў на шкоднасць для сялян цяперашняй падаткавай сістэмы, якая мае саслоўны характар, калі на адну дзесяціну сялянскай зямлі падатак складае 1 рубель 49 капеек, а на адну дзесяціну дваранскай зямлі — 20 капеек. У якасці неабходных мер па вырашэнні аграрнага пытання ў Расійскай Імперыі Генрых Свянціцкі бачыў: удасканаленне падаткавай палітыкі ў кірунку раўнамернасці падаткаабкладання для ўсіх слаёў насельніцтва; ліквідацыі сялянскай абшчыны і стварэння прыватных сялянскіх гаспадарак; ліквідацыі зямельнай церазпалосіцы і сервітутаў; прадастаўлення сялянам ільготных і доўгатэрміновых крэдытаў для набыцця зямлі; стварэння Дзяржаўнага банка замест існуючых Дваранскага банка і Сялянскага банка; павелічэння выдаткаў на народную асвету; паляпшэнне агранамічнай адукаванасці сялян у справе вядзення сваіх гаспадарак; і інш.[45][46]

Падобныя погляды былі дамінуючымі ў краёўцаў-кансерватараў і выказваліся дэпутатамі-краёўцамі ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце Расійскай Імперыі, хоць у некаторых праектах (Эдварда Вайніловіча, Гераніма Друцкага-Любецкага, ксяндза Антонія Сангайлы і інш.) гучалі мажлівасці саступак (адчужэння часткі прыватнаўласнікіх зямель на карысць сялян) за адпаведную грашовую кампенсацыю маянткоўцам[47].

Лідары «краёўцаў»

правіць

Менавіта лідары і члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Скірмунт, граф Ежы Чапскі, князь Геранім Друцкі-Любецкі, Раман Скірмунт і інш.) вылучыліся на ролю лідараў у распрацоўцы і рэалізацыі ідэй «краёвасці» ў 1905—1918 гг. — у яе ліберальна-кансерватыўнай плыні.

Члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі прынялі актыўны ўдзел у балатаванні на пасады дэпутатаў Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі, дзе выступалі з ідэямі «краёвасці» — і ў першую чаргу з ідэяй стварэння адміністрацыйна-тэрытарыяльнай аўтаноміі з літоўска-беларускіх губерняў у складзе Расійскай Імперыі, а таксама сталі галоўнымі заснавальнікамі Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907).

Структура МТСГ напярэдадні Першай сусветнай вайны

правіць

У 1914 г., напярэдадні Першай сусветнай вайны, колькасць членаў таварыства была 508 асоб, якія штогод плацілі па 10 рублёў членскага ўзносу. Уступны ўзнос для новых членаў быў 2 рублі. Пры таварыстве меліся наступныя секцыі: 1) лясная секцыя; 2) секцыя саматужнай вытворчасці і хатняй гаспадаркі; 3) агранамічная секцыя; 4) садаводчая секцыя; 5) жывёлагадоўчая і конегадоўчая секцыя; 6) камерцыйны аддзел (т.зв. гандлёвы сіндыкат); 7) сервітутная камісія; 8) камітэт туганавіцкага доследнага поля; 9) мінскі аддзел Імператарскага расійскага таварыства садаводства; 10) мінскі аддзел Расійскага таварыства вінакурных заводчыкаў. Пастаяннымі ўстановамі МТСГ у той час былі: бібліятэка; доследнае поле; садаводчая, жывёлаводчая і насенная выстаўка; узорная ткацкая майстэрня ў Койданаве; 8 злучных пунктаў (для коней); інспекцыя (кантроль) жывёльных двароў; метэаралагічная станцыя II разрада; батанічная лабараторыя[48].

Акрамя таго МТСГ мела свае філіяльныя аддзелы ў паветах — Ігуменскі (заснаваны ў 1908 г.), Мазырска-Рэчыцкі (з цэнтрам у Мазыры — заснаваны ў 1908 г.), Навагрудскі (заснаваны ў 1906 г.), Палескі (з цэнтрам у Пінску — заснаваны ў 1901 г.) і Слуцкі (заснаваны ў 1905 г.) аддзелы. У сферу кантроля МТСГ уваходзілі таксама Давід-Гададоцкае сельскагаспадарчае таварыства (заснавана ў 1912 г.), Баранавіцкі земляробчы гурток (занаваны ў 1908 г.), Осаўскі і Столінскі земляробчыя гурткі ў Пінскім павеце (заснаваныя ў 1908 г.), Клецкі земляробчы гурток у Слуцкім павеце (заснаваны ў 1908 г.)[48].

У пачатку Першай сусветнай вайны

правіць

Большасць мясцовых маянткоўцаў Мінскай губерні вырашылі не эвакуявацца ў цэнтральныя губерні Расійскай імперыі, а застацца, бо вайна магла цалкам зруйнаваць пакінутыя маёнткі, якія з перспектывай разглядаліся як падмурак эканомікі края.

Самая ўплывовая арганізацыя ў Мінскай губерні — МТСГ на чале з Эдвардам Вайніловічам — як у час расійскай ваеннай улады, так і нямецкай, імкнулася максімальна залагодзіць розныя канфлікты, праявы свавольства і страт, непазбежных ва вайны. МТСГ актыўна займалася дапамогай бежанцам і ахвярам вайны, захоўвала эвакуяваную пародзістую жывёлу, здолела наладзіць паразуменне з расійскімі генераламі і арганізаваць плённы дагляд прыватных гаспадарак Мінскай губерні, імкнучыся ўзяць у свае рукі пастаўкі леса, коней і хлеба з маёнткаў для арміі, чым аддаваць гэтыя функцыі неахайным ваенным прадстаўнікам (бо па правілам ваеннага часу расійскія ваенныя ўлады без дазволу ўласнікаў маглі праводзіць рэквізіцыі). Гэта дапамагло пазбегчы мільённых страт для гаспадаркі губерні[49]. У мемуарах Эдвард Вайніловіч напісаў: «Сельскагаспадарчае таварыства як калектыўная арганізацыя ніколі не ўступала з іншымі арганізацыямі ў палеміку і не складала ім канкурэнцыі (і гэта пахвальна), а толькі давала прытулак у сваіх сценах, заходзячы ў сваёй гасціннасці так далёка, што госці не раз забывалі нават аб абавязках госця перад гаспадаром»[50].

Закрыццё МТСГ (1921)

правіць

29 красавіка 1921 г. у Варшаве адбылося паседжанне Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе прысутнічаў і член Рады граф Ежы Чапскі[51]. Быў напісаны праект пратакола, які дэклараваў самаскасаванне таварыства і па зместу быў своеасаблівым «тастаментам»: скарочана расказваў пра гісторыю стварэння і дзейнасць таварыства, яго ролю ў грамадскім жыцці края, падводзіў вынікі працы і ўказваў прычыны закрыцця арганізацыі. Па сутнасці гэта быў абвінаваўчы акт супраць падпісантаў Рыжскага дагавора, дзе не было ніводнага прадстаўніка ад жыхароў Беларусі, і польскага сейма, які ратыфікаваў ганебны дагавор. Канчатковы праект пратакола ўласна рэдагаваў Эдвард Вайніловіч (1847—1928). Радай было вырашана прадставіць 1 мая 1921 г. пратакол аб самаскасаванні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на разгляд усіх членаў таварыства і прапанаваць стварыць падобнае ж таварыства сельскай гаспадаркі з сядзібай у Баранавічах ці Навагрудку, куды перадаць ацалелыя грашовыя фонды Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

1 мая 1921 г. на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка) Эдвард Вайніловіч зачытаў пратакол, які быў ухвалены пад апладысменты прысутнымі. Палітычная частка пратакола была апублікавана ў газетах[52].

Зноскі

  1. Раюк, А. Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг… С. 146.
  2. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 81.
  3. а б Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 39.
  4. Памятная книга Минской губернии на 1880 г. — С. 127—128.
  5. а б Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 40.
  6. Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz… С. 40.
  7. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 92.
  8. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 66.
  9. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 59, 66.
  10. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 41.
  11. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 41—44.
  12. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 45.
  13. а б в Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 94.
  14. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 64; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 94.
  15. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 67.
  16. а б Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 74.
  17. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 75.
  18. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 72.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 77—78.
  20. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 76—77.
  21. а б Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 95.
  22. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 78.
  23. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 86.
  24. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 100.
  25. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. xii.
  26. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt… С. 355.
  27. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 94.
  28. Раюк, А. Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг… С.146.
  29. Раюк, А. Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг… С.147.
  30. Дом Оскара Яніцкага быў адным з самых прывілеяваных у горадзе і меў высокую ступень камфортнасці (вадаправод, каналізацыя, ванныя пакоі, туалеты). Зараз у гэтым доме знаходзіцца Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, вул. Савецкая, 14).
  31. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 83.
  32. а б Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 182.
  33. Маюцца на ўвазе старажытныя дакументы роду Вайніловічаў, якія зберагаліся ў родавым архіве Вайніловічаў у Савічах.
  34. Вайніловіч выкарыстоўвае сучасны тэрмін, бо ў XVI ст. старабеларуская мова называлася «рускай мовай».
  35. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 105, 127.
  36. Паводле першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва (1897) Расійскай імперыі ў Паўднёва-Заходнім краі землеўласнікі-палякі з-за актыўнай урадавай антыпольскай зямельнай палітыкі складалі ўжо толькі 18 % ад агульнай колькасці маянткоўцаў у параўнанні з ранейшымі 90 % у пачатку 1860-х гг.; а «рускія» землеўласнікі ў 1897 г. там складалі 70 % маянткоўцаў. У Паўночна-Заходнім краі колькасць землеўласнікаў, якія менавалі сябе «палякамі», скарацілася з 94 % ад агульнай колькасці маянткоўцаў у 1860-ыя гг. толькі да 51 % у 1897 г. і прадстаўлялі сабой адносную большасць; а «рускія» землеўладальнікі ў 1897 г. складалі 45 %. Гл.: Rodkiewicz, W. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire … S. 79, 127—128; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 46.
  37. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 95.
  38. а б Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 101.
  39. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 101.
  40. а б в Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 102.
  41. Цытуецца паводле: Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 101—102.
  42. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 102—103.
  43. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 102—104.
  44. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 103.
  45. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 103—104.
  46. У Расійскай Імперыі крызісныя моманты ў аграрнай сферы ў канцы XIX—XX пачатку ст. праяўляліся ў першую чаргу ў перыядычных маштабных голадах сялянства (якія суправаджаліся эпідэміямі і бунтамі) па прычыне неўраджаяў. Радыкальныя палітыкі, эканамісты і прадстаўнікі інтэлігенцыі прычынай гэтага лічылі сялянскае малазямелле («зямельны голад») і бачылі выхад у неабходнасці прымусовага пераходу зямлі дваран да сялян. Радыкальныя агітатары нават заклікалі сялян браць чужую зямлю сілай і зрабіць перадзел зямлі, таму радыкальныя настроі віталі сярод сялян і праяўляліся ў пагромах дваранскіх маёнткаў. Сучасныя гістарычныя даследаванні паказваюць, што ў сапраўднасці «зямельнага голаду» ў Расійскай Імперыі не было. Памер зямлі сялянскага двара нават у самых бедных губернях Расійскай Імперыі быў вышэйшым за памер зямлі сялян у Заходняй Еўропе. У пачатку XX ст. у цэнтральных губернях Расійскай Імперыі памер прыдатнай для земляробства зямлі на душу насельніцтва складаў 2,8 га; у Францыі — 2 га; у Германіі — 1,8 га; у Італіі — 1,1 га. Пры гэтым у Расійскай Імперыі сялянам належала 62 % усіх прыдатных для земляробства зямель, у Францыі — 55 %, у Прусіі — 12 %, а ў Англіі (самай эканамічна развітай краіне Еўропы) амаль усе сяляне былі не ўласнікамі, а арандатарамі зямлі маянткоўцаў. Сучасныя гістарычныя даследаванні паказваюць, што галоўнай прычынай аграрнага крызісу ў Расійскай Імперыі былі як аб’ектыўныя фактары (ураўняльная роля сялянскай абшчыны, высокі арэндны кошт зямлі, нізкія сусветныя цэны на хлеб і г.д.), так і суб’ектыўныя — адсталая культура земляробства рускага селяніна (прымітыўныя тэхнічныя прыёмы апрацоўкі зямлі (нават урадлівай), адсутнасць новай сельскагаспадарчай тэхнікі і няўменне ёй карыстацца з-за нізкага ўзроўню адукаванасці сялян, адсутнасць добрага насення, малое і нерацыянальнае ўгнаенне глебы, адсутнасць правільных эканамічных стымулаў да працы і інш.), што прыводзіла да нізкай ураджайнасці, калі за сорак гадоў (1860—1900) ураджайнасць жыта з 30 пудоў з дзесяціны паднялася толькі да 39 пудоў і была ў 4-5 разоў ніжэй, чым у заходнееўрапейскіх краінах. Гл.: История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. — С. 71—73.
  47. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 104—105.
  48. а б Справочные сведения о сельскохозяйственных обществах по данным на 1915 г. … С. 231—235 (II)
  49. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 187—189.
  50. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 82.
  51. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 328—332.
  52. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 326—327.

Літаратура

правіць
  • Адрес-календарь сельскохозяйственных обществ (По данным 1902 года) / Департ. земледелия Мин. земледелия и гос. имуществ. — СПб : Тип. М. Меркушева, 1902. — 238 с.
  • Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. : Очерки / В. Н. Бусько; науч. ред. М. В. Научитель ; АН БССР, Ин-т экономики. — Минск : Навука і тэхніка, 1990. — 144 с.
  • История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с.
  • Раюк, А. Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX — пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
  • Раюк, А. Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст. Архівавана 13 сакавіка 2022. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2020. — Вып. 27. — С. 337—342.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Список членов Минского общества сельского хозяйства на 1913 год. — [Минск] : [1913?]. — 41 с.
  • Список членов Минского общества сельского хозяйства …. … на 1 декабря 1914 года. — Минск : Тип. Я. А. Гринблата, [1914?]. — 40 с.
  • Справочные сведения о сельскохозяйственных обществах по данным на 1915 г. / под ред. В. В. Морачевского. — Петроград : Тип. В. Ф. Киршбаума, 1916. — 91 с. + 885 с. + 230 с.
  • Трубчык, А. Мінскае сельскагаспадарчае таварыства ў перыяд польскай акупацыі (1919―1920 гг.) / А. Трубчык // Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Слуцк — Мінск, 22―23 верасня 2017 г. / рэдкал.: А. А. Каваленя (навук. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 2018. — С. 370—378.
  • Шаршунов, В. А. Деятельность научных обществ и губернских комитетов по развитию сельского хозяйства. в дореволюционной Беларуси / В. А. Шаршунов // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сер. аграрных навук. — 2003. — N 4. — С. 72—77.
  • Шыбека, З. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі // БЭ: у 18 т. — Т. 10. — Мн., 2000.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Sław. 25-letnia działalność Mińskiego Tow. Rolniczego(недаступная спасылка) / Sław. // Kraj. — 1901. — № 32. — S. 3—6.
  • C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego Архівавана 22 ліпеня 2018. / C.J. // Kraj. — 1901. — № 35. — S. 5—7.
  • Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku] / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42. (альбо тое самае: Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku Архівавана 5 сакавіка 2016. / D. Szpoper // STUDIA IURIDICA TORUNIENSIA. — Т.V. [Электронны рэсурс])
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі

правіць