Адкрыць галоўнае меню

Мі́нская дыяцэ́зія альбо Мінская рымска-каталіцкая епархія — каталіцкая дыяцэзія з цэнтрам у Мінску. Заснавана 9 жніўня 1798 пасля выдання ўказа расійскага імператара (1796—1801) Паўла I ад 28 красавіка 1798. Рэзідэнцыяй біскупа стаў Мінск. Пры біскупу дзейнічаў капітул, які складаўся з 6 прэлатаў і каноннікаў, паўсядзённыя бягучыя справы вырашала кансісторыя. У 1798 у Мінску таксама была адкрыта каталіцкая духоўная семінарыя.

Тэрыторыя Мінскай дыяцэзіі супадала з межамі Мінскай губерні Расійскай імперыі і падзялялася на 13 дэканатаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісненскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі (гарадскі і сельскі), Надвілейскі, Наднёманскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі. У 1798 дыяцэзія мела 50 мужчынскіх і 9 жаночых кляштараў, а 1846 — адпаведна 14 і 9, якія належалі да розных манаскіх ордэнаў. У 1804 дыяцэзія мела 86 парафій (з 156 касцёламі), 49 ксяндзоў і 112 214 вернікаў.

Скасавана паводле рашэння царскага ўраду ў 1869 у ходзе русіфікацыйных мерапрыемстваў у Паўночна-Заходнім краі імперыі. Тэрыторыя былой Мінскай дыяцэзіі пачала падпарадкоўвацца Віленскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Папскі Прастол не прызнаў рашэння расійскіх улад аб скасаванні Мінскай дыяцэзіі.

У 1883 Слонімскі кляштар бернардзінак і тыя касцёлы Мінскай губерні, якія яшчэ захаваліся пасля скасавання Мінскай дыяцэзіі, паводле рашэння расійскіх улад былі падпарадкаваны Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пасля выдання царскага ўказу аб верацярпімасці ад 17 красавіка 1905 у сувязі ліберальнымі саступкамі расійскага імператара (1894—1917) Мікалая II падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі стала магчымым пераходзіць у каталіцызм тым праваслаўным, якія ў Мінскай губерні з 1869 прымусова пераводзіліся ўладамі ў праваслаўе. Аднак пасля контррэвалюцыйных дзеянняў ураду Пятра Сталыпіна ў 1907 уціскі каталікоў зноў аднавіліся.

Толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі стала магчымым у лістападзе 1917 аднавіць Мінскую дыяцэзію. На яе чале стаў мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 тэрыторыя былой Мінскай губерні была падзелена паміж бальшавіцкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай. На той частцы Мінскай губерні, якая ўвайшла ў склад ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, у 1925 была створана Пінская архідыяцэзія. Землі былой Мінскай губерні, якія ўвайшлі ў склад БССР, па-ранейшаму афіцыйна ўваходзілі ў склад Мінскай дыяцэзіі, якая на практыцы не дзейнічала, але кананічна не была скасавана Апостальскай Сталіцай (Рымам).

У 1989, калі ў Савецкім Саюзе пачалася «Перабудова» і змена адносін да свабоды веравызнання, была заснавана апостальская адміністрацыя ў Мінску. Апошнім апостальскім адміністратарам (да 1991) быў Тадэвуш Кандрусевіч.

13 красавіка 1991 Мінская дыяцэзія і Магілёўская архідыяцэзія былі аб'яднаныя у адну, Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Статыстыка за 2014 г.Правіць


Плошча тэрыторыі дыяцэзіі ў км2 - 69 800
Насельніцтва - 4 709 000
Колькасць католікаў -610 000
Колькасць парафій - 222
Дыяцэзіяльныя святары - 57
Законныя святары ў дыяцэзіі - 65
Члены мужчынскіх манаскіх супольнасцяў -76
Члены жаночых манаскіх супольнасцяў - 69

СпасылкіПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Грыгор'ева, В.В. Мінская рымска-каталіцкая епархія, Мінская дыяцэзія / В.В. Грыгор'ева, А.М. Флітава // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. даведнік. — Мінск : БелЭн, 2001. — С.206.