Мінская конка
Мінская конка — грамадскі транспарт на коннай цязе ў Мінску (Менску), які дзейнічаў з 1892 па 1928 гады (з перапынкам з 1918 па 1921 год у сувязі з нямецка-бальшавіцкай і польска-савецкай вайной). Ліквідавана ў 1928 годзе з мэтай развіцця ў горадзе электрычнага транспарту, трамвая.
Гісторыя
правіцьІдэя будаўніцтва коннай чыгункі ў Мінску з’явілася яшчэ ў сярэдзіне 1870-х гадоў, калі з развіццём чыгуначнага транспарту ў Расійскай імперыі і з’яўленнем ў Мінску двух чыгуначных вакзалаў, Брэсцкага і Лібава-Роменскага, востра паўстала пытанне аб перамяшчэнні пасажыраў паміж імі.
У лістападзе 1887 года быў зацверджаны праект аршанскага купца Сяргея Самуілавіча Пергамента па будаўніцтве ў Мінску конкі. Урачыстае адкрыццё адбылося 10 мая 1892 года. У студзені 1913 года ў абслугоўванні мінскай конкі было задзейнічана 99 коней. У спецыяльнай стайні на вуліцы Базарнай у штаце абслугі былі конюхі і ветэрынары[1].
У 1921 годзе менская конка была адноўлена пасля трохгадовага перапынку і называлася ўжо чырвонай конкай у адпаведнасці з павевамі часу. Тады ж было створана Аб’яднанае ўпраўленне мясцовага транспарту Беларусі, у якое ўвайшлі два вагонныя паркі (адзін з якіх знаходзіўся на вуліцы Базарнай), 170 коней, а таксама гаспадаркі ў Людамонце і Міхалова для абслугоўвання існуючай маёмасці[1].
Аўтобусы, якія з’явіліся ў Менску ў 1924 годзе, не маглі канкураваць з конкай: калі на працягу 1926—1927 гадоў менская конка перавезла больш за 1 млн. 700 тыс. чалавек, а аўтобусы — толькі 774 тысячы пасажыраў. Аўтобусы часта ламаліся, запчастак не хапала, а ўзімку аўтобусны рух практычна заміраў з-за адсутнасці якаснай гумы.
У 1929 годзе па маршрутах конкі, якая спыніла існаванне годам раней, пусцілі трамваі[2].
Музей гісторыі мінскай конкі
правіцьМузей Мінскай конкі быў адкрыты 3 сакавіка 2017 года ў гістарычнай частцы горада — Верхнім горадзе, на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, каля гатэля «Манастырскі» на тэрыторыі кляштара бернардынцаў, які існаваў з XVII па сярэдзіну XIX стагоддзя. Адкрыццё музея адбылося ў дзень 950-годдзя з дня першай летапіснай згадкі аб горадзе Мінску і было прымеркавана да 125-годдзя з дня пуску ў Мінску конкі[3].
Зноскі
- ↑ а б Музей истории минской конки: появление первого кондуктора и где в столице ковали первые подковы Архівавана 24 чэрвеня 2021.
- ↑ Тут калісьці бразгала конка…
- ↑ Минская конка. Музей истории города Минска