Мінскія беларускія настаўніцкія курсы (1918)
Мінскія беларускія настаўніцкія курсы (першыя) дзейнічалі ў Мінску з 9 верасня 1918 па 15 мая 1919.
Створаны Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі. Першапачаткова фінансаваліся ўрадам БНР, германскай акупацыйнай адміністрацыяй (90% выдаткаў). Рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ.
Праграма курсаў складалася паводле праграм былых дзяржаўных настаўніцкіх курсаў Расійскай імперыі з дадаткам дысцыплін беларусазнаўства. Дзейнічалі паралельна з курсамі беларусазнаўства. У першапачатковы склад выкладчыкаў уваходзілі С. Рак-Міхайлоўскі (дырэктар), К. Езавітаў (інспектар), С. Арлоў, М. Байкоў, А. Данмевіч, Р. Зямкевіч, Я. Лёсік, А. Смоліч, І. Усцюжынаў; асобныя лекцыі па гісторыі беларускага нацыянальнага руху чытаў Я. Варонка. 3 прыходам савецкай улады і абвяшчэннем БССР перайшлі пад загад Наркамасветы БССР (пазней Літбел) і рэарганізаваны ў 1-я Мінскія беларускія педагагічныя курсы пры Мінскім Беларускім педагагічным інстытуце. Склад педагагічнай рады папоўнілі В. Вайтэнка, В. Іваноўскі, У. Ігнатоўскі, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і А. Неканда-Трэпка. Навучаліся 42 настаўнікі з Мінска, Вільні, Ігуменскага, Навагрудскага, Слуцкага і інш. паветаў, у іх ліку В. Адамовіч, К. Гладкі, Ю. Лістапад, В. Лявіцкая. У жніўні 1919 памяшканне курсаў занята польскімі легіянерамі, інвентар і вучэбнае абсталяванне разрабаваны.
Літаратура
правіць- Ляхоўскі У. Пачатак тварэння беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. 2001. №1/2.
- Ляхоўскі У. Беларускія настаўніцкія курсы // ЭГБ, т.6, кн. ІІ. - Мн., 2003.