Мінскі езуіцкі калегіум
Мінскі езуіцкі калегіум — архітэктурны комплекс рымска-каталіцкай навучальнай установы ў Мінску, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўніверсітэта.[1]
Збудаваны ў кан. XVII — 1-й палове XVIII стст. Большую частку комплексу савецкая ўлада знішчыла пасля Другой Сусветнай вайны, да нашага часу захаваліся Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і значна перабудаваная езуіцкая школа (цяпер музычны каледж).
Займаў практычна ўвесь квартал ад плошчы Высокага Рынку (цяпер пл. Свабоды), абмежаваны вуліцамі Койданаўскай (цяпер вул. Рэвалюцыйная), Зборавай (вул. Інтэрнацыянальная) і Феліцыянаўскай (вул. Камсамольская).
Гісторыя
правіцьЕзуіты аселі ў Мінску ў 1654 годзе па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак. Да 1686 года супольнасць езуітаў у Мінску мела статус місіі, пасля — рэзідэнцыі, а з 1714 года — калегіі.
Будынкі рэзідэнцыі да канца XVII ст. паступова мадэрнізаваліся. У 1699 годзе з’явілася мураваная двухпавярховая езуіцкая школа, а 24 красавіка 1700 року ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла. 16 красавіка 1710 года віленскі біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі асвяціў храм пад тытулам Ісуса, Дзевы Марыі і Св. Барбары.
У 1723 годзе пачалася рэканструкцыя дома Гегера і ўзвядзенне справа ад касцёла 2-павярховага мураванага будынка калегіума, у якім знаходзіліся пакоі прафесараў і магістраў. Пазней з боку вуліцы Койданаўскай было яшчэ прыбудавана 3-павярховае крыло, дзе размясціліся рэфектар, кухня і інш. Канчатковы выгляд комплекс калегіума набыў у 1750 годзе, калі ў цэнтры яго фасада скончылася ўзвядзенне высокай 3-яруснай, перакрытай барочным купалам складанай формы вежы, у ёй быў усталяваны гадзіннік. У 1749[2] року побач з касцёлам з’явіўся будынак аптэкі з лабараторыяй, былі ўзведзеныя гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы. У гэты час у езуіцкім калегіуме выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс, граматыку, тэалогію, старажытнаяўрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку, метафізіку. Дзейнічаў школьны тэатр і найлепшая ў горадзе бібліятэка.
У 1770 годзе быў рэканструяваны будынак школы — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам.
У 1773 годзе папская була скасавала ордэн, на базе калегіума была ўтвораная 6-гадовая павятовая свецкая школа, а касцёл перайшоў у ранг парафіяльных і праз пяць гадоў стаў кафедральным касцёлам Мінскай дыяцэзіі.
Ад 1799 года ў колішняй езуіцкай школе размясціўся Дом губернатара, будынак быў цалкам перабудаваны ў стылі класіцызм. Да 1820 року калегіум займалі Прысутныя месцы, пасля — Гарадская дума, а з 1852 року — Казённая палата. Вежа калегіума страціла свой купал і ператварылася ў дазорную вежу пажарнай аховы.
У 1951 годзе на касцёле былі разабраныя вежы, ліквідавана ўпрыгожанне святыні, храм быў перабудаваны ў спарткомплекс таварыства «Спартак». Будынак калегіума і яго вежа былі зруйнаваныя, на іх месцы збудавалі жылы дом (пл. Свабоды, 11). Крыху пазней, у 1968 годзе была цалкам перабудаваная езуіцкая школа.
Рэктары мінскага езуіцкага калегіума
правіцьРэктарамі мінскага езуіцкага калегіума былі[3]:
- Войцех Дземяшэўскі (? — 16.10.1693)
- Казімір Юрага (? — ?)
- Ян Андрэйкавіч (рэктар полацкага і мінскага езуіцкіх калегіумаў, ? — ?)
- Цыпрыян Куноўскі (? — 12.03.1700 — ?)
- Казімір Гнатоўскі (? — 1702 — ?)
- Антоній Бжастоўскі (? — 11.02.1708 — 21.05.1717 — ?)
- Якуб Валадковіч (? — 1720 — 13.12.1721 — ?)
- Ежы Навасельскі (? — 17.11.1725 — 10.11.1727 -?)
- Францкевіч Радзімінскі (? — 13.10.1727 — 29.12.1727 — ?)
- Юзаф Рудаміна (? — 1728 — 12.1729 — ?)
- Станіслаў Валадковіч (прыёр мінскі, вікары беларускі, ? — 1731 — ?)
- Людвік Сакульскі (? — 02.08.1733 — 06.10.1735 -?)
- Антоній Вайніловіч (? — 1739—1740 — ?)
- Ян Валадковіч (? — 1743 — 13.06.1745 — ?)
- Антоній Хандзінскі (? — 04.12.1748 — 29.07.1748 — ?)
- Францыск Агінскі (? — 18.10.1751 — 07.08.1758 — ?)
- Станіслаў Жаба (віцэ-рэгент мінскага езуіцкага калегіума, ? — 07.08.1758 — ?)
- Казімір Гедройц (? — 18.03.1754 — ?)
- Ежы Віхерт (? — 1760 — ?)
- Рамуальд Вайніловіч (? — 05.02.1760 — 17.06.1760 — ?)
- Адам Абрамовіч (? — 1767—1772 — ?)
Паводле прывілею ад 11 сакавіка 1773 года, пасля скасавання закона езуітаў у Мінску, аптэку пры калегіуме ўзначальваў Міхал Карыцкі. 12 сакавіка 1781 года быў унесены яго тэстамент. На час смерці Міхал Карыцкі займаў пасаду рэктара ўсіх школ горада Мінска.
Вядомыя выкладчыкі
правіць- Адам Крупскі — прафесар філасофіі, святар Каталіцкай Царквы, эксперт права ў заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага, аўтар школьнага дыялогу.
Зноскі
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 168
- ↑ Памяць. Мінск 2001, с. 326.
- ↑ Фёдар Віктаравіч Чарняўскі. Ураднікі (пасады, тытулы) менскага ваяводства XVI—XVIII стст. Біяграфічны даведнік. Выпуск III: (канюшыя, абозныя, крайчыя, мастаўнічыя і будаўнічыя). — Мн.: ТАА «Белпрынт», 2010. — С. 286. ISBN 985-4591-65-0.
Літаратура
правіць- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- У. М. Дзянісаў. Комплекс езуітаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 326. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. — Мн.: Полымя, 1985. — 80 с.
- Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с.: іл.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мінскі езуіцкі калегіум
- Касцёл Імя Дзевы Марыі (Мінск) на Radzima.org
- Касцёл і калегіум езуітаў Архівавана 14 кастрычніка 2009. (руск.) на Мінск стары і новы