Мінскі завод пеністых він
ААТ «Мінскі завод пеністых він» (раней — Мінскі завод шампанскіх він) — беларуская кампанія, размешчаная ў Мінску. Завод вырабляе 70% пеністых він у Рэспубліцы Беларусь[1].
Мінскі завод пеністых він | |
---|---|
Заснаванне | 1978 |
Гісторыя
правіцьБудаўніцтва завода пачалося ў адпаведнасці з загадам Міністэрства харчовай прамысловасці БССР ад 18 красавіка 1978 года № 116. У 1980 годзе пачалася ўстаноўка нямецкага абсталявання. Праектная магутнасць завода склала 5125 тыс. бутэлек у год. У 1995 годзе было ўстаноўлена новае імпартнае абсталяванне[1].
Завод быў перайменаваны ў 2001 годзе ў сувязі з распаўсюджваннем дзеяння Парыжскай канвенцыі па ахове прамысловай уласнасці на таварны знак «шампанскае» на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе арганізавана вытворчасць вінаградных натуральных він; да заводу было далучана сельскагаспадарчае прадпрыемства «Чырвоны май» у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У 2007—2010 гадах была праведзена новая мадэрнізацыя абсталявання завода, дзякуючы чаму магутнасці па вытворчасці пеністых він выраслі да 1356 тыс. дал у год (каля 18 млн бутэлек). Да 2014 года магутнасці былі даведзены да 1465 тыс. дал[1].
У 2012 годзе была праведзена дадатковая эмісія акцый прадпрыемства (25% ад статутнага фонду), якая шырока асвятлялася ў СМІ як «народнае IPO». Паколькі задуманы першапачаткова ліміт на скупку акцый у адны рукі (999 штук) быў адменены, большую частку дадатковай эмісіі купіла кампанія Юрыя Чыжа «Трайпл»[2].
Сучасны стан
правіцьВырабляе ігрістыя віна (вытрыманыя і без вытрымкі), а таксама вінаградныя віны без вытрымкі з імпартуемых вінаматэрыялаў (натуральныя і спецыяльныя). Вытворчасць пеністых він у 2016 годзе склала 1069 тыс. дал (выкарыстанне магутнасцяў — 73%), пік быў дасягнуты ў 2013 годзе (1401 тыс. дал). Завод вырабляе больш за 70% пеністых віў у Рэспубліцы Беларусь (другі вытворца — прыватны ЗАТ «Мінскі завод вінаградных він»). Выпускалася 11 найменняў вінаў вінаградных натуральных, агульны аб’ём вытворчасці ў 2016 годзе — 91 тыс. дал[1].
Выручка прадпрыемства ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг у 2016 годзе склала 55,1 млн руб. (каля 27 млн долараў), чысты прыбытак — 11,2 млн руб. (каля 5 млн долараў)[1].
У 2016 годзе 93,9% прадукцыі было рэалізавана на ўнутраным рынку, 6,1% пастаўлена на экспарт у розныя краіны Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі[1].
Заўвагі
правіць- ↑ а б в г д е Информационный меморандум на сайте Госкомимущества Республики Беларусь(недаступная спасылка)
- ↑ Сделано в Беларуси. Пищевая промышленность: пивная распродажа и молочный рост Мошенского и Danone . Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2021. Праверана 19 чэрвеня 2019.