Міхал Апанасавіч Вітушка

Міха́л Віту́шка (Псеўданімы: Чорны Кот; 5 лістапада 1907, Нясвіж — 27 красавіка 2006, Германія) — беларускі актывіст у міжваеннай Польшчы, калабарацыяніст падчас 2-й сусветнай вайны, кіраўнік арганізацыі беларускага антысавецкага супраціву «Чорны кот».

Міхал Апанасавіч Вітушка
Род дзейнасці Кіраўнік беларускага антысавецкага супраціву
Дата нараджэння 5 лістапада 1907(1907-11-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 студзеня 1945(1945-01-07) (37 гадоў) ці 27 красавіка 2006(2006-04-27) (98 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Апанас Вітушка
Маці Марыя Вітушка
Альма-матар
Партыя
Прыналежнасць БНР
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі
Ордэн Пагоні Ордэн Жалезнага рыцара

Біяграфія правіць

Атрымліваў адукацыю ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях, апошнюю скончыў у 1930 годзе. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Арыштаваны органамі НКУС, неўзабаве вызвалены.

У ліпені 1941 года прыязджае з Нясвіжа ў Мінск, дзе бургамістр горада Вітаўт Тумаш прызначае яго намеснікам Дзмітрыя Касмовіча, каменданта гарадской паліцыі і начальніка аправізацыйнага аддзела гарадской управы.[1] Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Мінску. У жніўні 1941 года Міхал Вітушка камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палессі, якая сумесна з Палескай Сеччу вяла партызанскія дзеянні супраць адступалых савецкіх войск. Увосень 1941 года пасля ўсталявання цывільнай нямецкай улады з’язджае ва ўсходнюю ваенную зону Беларусі. У канцы кастрычніка 1941 года разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю ў Бранску, сярод іншага займаецца зборам цёплых рэчаў у насельніцтва для Вермахта.[2] Вясной 1942 года займаецца арганізацыяй нямецкай службы парадку ў Бранскай акрузе. 20 красавіка 1942 года накіраваны ў Смаленск, дзе таксама разам з Р. Астроўскім і Дз. Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю і службу парадку. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генерала. Загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне пра прызначэнне (зацвярджэнне) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 года прызначаны кіраўніком арганізацыі «Чорны кот»[3]. У чэрвені 1944 года ўдзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Мінску, з мэтай абвяшчэнне незалежнай беларускай дзяржавы. З лета 1944 года — афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.

Паводле адных звестак, 17 лістапада 1944 года дэсантаваны на Віленшчыну на чале атраду парашутыстаў і 7 студзеня 1945 года забіты ў баі.[4] Паводле другіх звестак, пад яго імем дэсантаваны іншы чалавек, а Вітушка быў дэсантаваны пазней — у ноч з 30 лістапада на 1 снежня[5]. Паводле другіх звестак, дзейнасць Вітушка пачаў у 1946 годзе, рэарганізаваў антысавецкі партызанскі рух цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Спыніў партызанскую дзейнасць, узначальваў падполле. У пачатку 1950-х гадоў вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем, а ў 1960-я гады перабраўся на Захад[6]. Справа Вітушкі ў КДБ дасюль не закрытая[крыніца?]. Паводле звестак, атрыманых ад яго сына, Міхал Вітушка памёр 27 красавіка 2006 года[6].

Узнагароды правіць

7 чэрвеня 1950 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выдала дэкрэт, паводле якога, узнагародзіўся Міхал Вітушка Ордэнам Пагоні.[7] Таксама быў узнагароджаны Ордэнам Зялезнага Рыцара 3-га класу.[8]

Зноскі

  1. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 261
  2. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 304
  3. Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс N2(7)/2009
  4. Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 416.
  5. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006. С. 148—155.
  6. а б Ёрш С. Міхал Вітушка памёр двойчы // Наша Ніва, 29.06.2006(недаступная спасылка)
  7. Дэкрэт аб узнагароджаньні Ордэнам Пагоні, 1950 г.
  8. Значкі, жэтоны, мэдалі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць