Міхал Валіцкі

авантурыст і філантроп Рэчы Паспалітай

Міхал Валіцкі (сапраўднае імя — Міхал Міцкевіч; 1746, Новагародскі павет, Вялікае Княства Літоўскае — 1828, Вільня, Расійская імперыя) — граф, авантурыст і філантроп Рэчы Паспалітай.

Міхал Валіцкі
Герб Валіцкіх «Лада»
Герб Валіцкіх «Лада»
падстолі вялікі каронны[d]
з 4 верасня 1789
Папярэднік Станіслаў Солтык[d]
Пераемнік Юзаф Карша[d]
Нараджэнне 1746
Смерць 1828
Месца пахавання
Род Міцкевічы
Адукацыя
Дзейнасць авантурыст, філантроп
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава ордэн Белага арла
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду. Выхоўваўся дзядзькай па маці — вялікакняскім крайчым Бучынскім[1]. Навучаўся ў Мінскім езуіцкім калегіуме, потым у магілёўскіх езуітах. У 18 гадоў пачаў працаваць віцэ-рэгентам у менскіх судах.

Схільнасць да авантур і прыгод, а па іншай версіі — дуэль з набліжаным князёў Радзівілаў[1] прымусіла Міцкевіча пакінуць працу і пераехаць у Кракаў, па іншых звестках — Львоў. Ён уладкаваўся на працу маркерам у рэстаран і кіраваў картачнымі гульнямі ў яго залі[1]. У доме, дзе ён кватараваў, быў більярд, у гульні на якім Міцкевіч здабыў дасканаласць, як і ў гульні ў карты. Рызыкоўная і маляўнічая гульня Міцкевіча прыцягнула ўвагу князя Францішка Сапегі, які забраў яго з сабой у Вену.

Выйграўшы вялікую суму грошай, Міцкевіч пакінуў Сапегу і з венгерскім князем Міклашам Эстэрхазі пераехаў у Парыж[2]. Там ён пазнаёміўся з магнатам К. Весялоўскім, ад якога паступова пераняў дасканалыя манеры паводзін пры двары і грунтоўныя веды ў фізіцы, хіміі і мінералогіі, шмат увагі надаваў самаадукацыі. Вялікія грошы ад картачных выйгрышаў дазволілі яму адкупіць у ваяводы раўскага Базыля Валіцкага прозвішча і права належаць да роду апошняга.

У 1787 годзе Валіцкі набыў сабе пасаду падстолія кароннага ў Станіслава Солтыка. У пошуках доступу да французскага каралеўскага двара, Валіцкі паехаў у Італію, дзе купіў сабе графскі тытул. Пасля вяртання ў Парыж быў прыняты пры двары караля Людовіка XVI, з дапамогай сваёй каханкі княгіні Паліньяк стаў фаварытам каралевы Марыі Антуанеты.

Ён зрабіўся пастаянным партнёрам каралевы за картачным сталом і зарабіў вялізныя грошы гульнёю супраць прадстаўнікоў найбагацейшых сем’яў Францыі. Польскі храніст Генрык Жавускі ўзгадваў пра Валіцкага: «Ніколі ні пра што не спрачаўся, прабачаў памылкі партнёрам, ніколі нікому не адмаўляў у крэдыце, ні ад каго не патрабаваў неадкладна заплаціць пройгрыш наяўнымі грашыма»[1].

Выкананне сакрэтных даручэнняў каралеўскай сям’і і гульня ў карты пры двары па высокіх стаўках далі Валіцкаму магчымасць набыць значны капітал у грошах і каштоўнасцях. У маі 1783 года Міхаіл Валіцкі пераехаў у Лондан, дзе замест картачных гульняў ён стаў зарабляць грошы на гульні ў більярд і спекуляцыях на творах мастацтва[1].

У канцы 1787 года вярнуўся ў Рэч Паспалітую, дзе ягоны графскі тытул пацвердзіў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пасяліўшыся ў Варшаве, «новаспечаны граф» выклікаў недавер арыстакратычнага грамадства сталіцы[1].

 
Партэт аўтарства М. Янушэвіча

Верагодна, рызыкоўныя махінацыі з каштоўнасцямі вымусілі Валіцкага перабрацца спачатку ў Гродна, дзе яшчэ ў 1793 годзе ён набыў палац віцэ-адміністратара. Увосень 1793 года, падчас «якабінскай дыктатуры» ў Парыжы ён набыў карціны знакамітых мастакоў, мэблю з Версаля і Цюільры, антычныя скупльптуры, фарфор[1].

У 1798 годзе Міхал Валіцкі набыў фальварак Азёры Гарадзенскага павета. Там ён стварыў узорную гаспадарку, улічваючы досвед Антонія Тызенгаўза, заснаваў суконную (1807) і папяровую (1809) мануфактуры, для чаго запрасіў нямецкіх спецыялістаў[1].

У 1799 годзе Валіцкі пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе здзіўляў вышэйшы свет вялікай калекцыяй каштоўных камянёў, дасканалымі манерамі, шыкоўнымі прыёмамі, адукаванасцю і дабрачыннасцю. Пісьменніца Стэфані Фелісітэ дэ Жанліс, уражаная незвычайным сапфірам з калекцыі Валіцкага, прысвяціла гэтаму каменю аповесць[2].

 
Партрэт М. Валіцкага аўтарства А. Рагульскага паводле малюнка Францыска Тэгацы. Дрэварыт, 1879.

Пасля вяртання ў 1806 годзе з кругасветнага плавання прадстаўнікоў экспедыцыі І. Ф. Крузенштэрна, Валіцкі купіў калекцыю рэдкіх кітайскіх і японскіх рэчаў[2]. Значную частку сваёй калекцыі каштоўных камянёў ён падараваў Віленскаму ўніверсітэту. Пад назвай «калекцыя графа Валіцкага» яна была апісана Станіславам Юндзілам (паводле шэрагу гістарычных крыніц, пазней захоўвалася ў Эрмітажы).

Апошнія 20 гадоў жыцця граф правёў у асноўным у Вільні, дзе купіў вялізны дом. У 1805 годзе заснаваў стыпендыю ў Віленскім універсітэце для сваіх сваякоў па лініі Міцкевічаў і Валіцкіх. Памёр ва ўзросце 82 гадоў у Вільні і быў пахаваны на бернардзінскіх могілках[1].

Пасля яго смерці шматлікім прадстаўнікам роду Валіцкіх перайшлі вялізныя багацці, у тым ліку маёнтак Азёры, дзе знаходзілася багатая калекцыя карцін. За ўдзел нашчадкаў Міхала Валіцкага ў паўстанні 1863—1864 гадоў, спадчына была канфіскаваная царскімі ўладамі[1].

Партрэт правіць

У Нацыянальным музеі Літвы захоўваецца алейны партрэт Міхала Валіцкага аўтарства Марціна Янушэвіча (канец 1810-х гадоў), які з’яўляецца копіяй партрэта Іагана Лампі 1790-х гадоў. Верагодна, партрэт быў набыты Валіцкім для размяшчэння ў фундаваным ім у 1818 годзе доме па вуліцы Савіч, пасля яго смерці апынуўся ў Віленскім музеі старажытнасцей, адкуль пасля паўстання 1863—1864 гадоў трапіў у Румянцаўскі музей. Вернуты ў Нацыянальны музей Літвы ў 1956 годзе[3].

Атрыбуцыя карціны як партрэта Міхала Валіцкага грунтуецца на «Рукапісе Каталога карцін і гравюр, змешчаных у Віленскім музеі старажытнасцяў», складзеным Людвікам Кандратовічам у 1856 годзе. Раней гэты твор памылкова лічыўся партрэтам графа Яўхіма Храптовіча[3].

Узнагароды правіць

За ахвяраванні вялізных сум грошай на карысць навучальных устаноў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў Міхала Валіцкага ўлетку 1789 года ордэнам Святога Станіслава I ступені, а ў 1790 годзе адзначыў ордэнам Белага Арла[3].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Васіль Герасімчык.. Авантурыст і шулер Міхал Валіцкі . Новы Час (5 лістапада 2017). Праверана 28 жніўня 2020.
  2. а б в Людмила Рублевская.. Фантастический граф (руск.). Мн.: СБ. Беларусь сегодня (8 кастрычніка 2008). — «2020-08-28»
  3. а б в Аляксей Хадыка. Разгаданая тайна. Партрэт Міхала Валіцкага, мецэната і гульца.(недаступная спасылка) // «Новы час» № 31 (76), 5–11 лістапада 2007. — 16 с. — С. 14—15.

Літаратура правіць