Міхал Казімір Коцел

(1644—1722) ваявода троцкі, падскарбі вялікі літоўскі
У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Міхал Казімір Коцел (? — 6 кастрычніка 1722) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Міхал Казімір Коцел
Michał Kazimierz Kociełł
Герб «Пелікан»
Герб «Пелікан»
Вялікі падскарбі літоўскі
1710 — 1722
Папярэднік Людвік Канстанцін Пацей
Пераемнік Станіслаў Панятоўскі
Нараджэнне 1644[1][2][…]
Смерць 6 кастрычніка 1722(1722-10-06)
Палонка
Месца пахавання
Род Коцелы
Бацька Самуэль Геранім Коцел
Маці Ганна з Ванляраў
Жонка Рахеля Ганна з Корсакаў
Дзеці няма

Сын Самуэля Гераніма Коцела і Ганны з Ванляраў.

Ашмянскі падкаморы (16831685), кашталян віцебскі (16851700), кашталян (17001703) і ваявода (17031710) троцкі, вялікі падскарбі літоўскі1710).

Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага у 1698 і 1702, удзельнік элекцый 1669, 1674 і 1697.

Адзін з лідараў апазіцыйнай Сапегам групоўкі рэспубліканцаў.

Палітычная дзейнасць

правіць

У канцы 1697 склікаў паспалітае рушэнне ўсходніх паветаў Вялікага Княства Літоўскага, ад якога ў сярэдзіне 1698 абраны адным з паслоў да караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста II. На з'ездзе паспалітага рушэння шляхты ВКЛ у Вільні 14 красавіка 1698, які адбыўся пад яго дырэкцыяй, абраны генеральным палкоўнікам ваяводстваў і паветаў Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў уладу над паспалітым рушэннем і права займацца выплатай жалавання войску Вялікага Княства Літоўскага. Склікаў на 14 жніўня 1698 шляхецкі з'езд у Вільні, які запатрабаваў распусціць войска, што знаходзілася пад камандаваннем Сапегаў. Гэта планавалася з дапамогай паспалітага рушэння, скліканага на 15 лістапада 1698 і ўзначаленага Коцелам, які павёў яго пад Гародню. Падпісаў Пузавіцкую пастанову 1698.

У пачатку 1700 узначалены Казімірам Янам Сапегам Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага выявіў фінансавыя злоўжыванні Коцела, але не змог прыцягнуць яго да адказнасці. Коцел склікаў паспалітае рушэнне на рэасумпцыю Галоўнага Трыбунала і 26 красавіка 1700 абраны дырэктарам з'езда рэспубліканскай шляхты. Падпісаў пагадненне з Сапегамі 21 жніўня 1700. У верасні—кастрычніку 1700 узначаліў паспалітае рушэнне шляхты Мсціслаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Ашмянскага паветаў, разбітае 15 кастрычніка 1700 Бенедыктам Паўлам Сапегам пад Ашмянамі.

Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, камандаваў левым крылом рэспубліканцаў. Падпісаў Алькеніцкую пастанову 1700, паводле якой разам з Рыгорам Антонам Агінскім атрымаў у арэнду збор мытных паступленняў і прызначаны камісарам пры генеральным палкоўніку Міхале Сервацыі Вішнявецкім. Пасля Алькеніцкай бітвы яго ўплыў у лагеры рэспубліканцаў панізіўся. Удзельнік з'ездаў шляхты ВКЛ у Ружанах (1701), Вільні (двойчы ў 1701, 1703), Гародні (1701). У час перагавораў рэспубліканцаў з Сапегамі ў 1701 выступаў супраць замірэння.

Быў адным з ініцыятараў уступлення Рэчы Паспалітай у Паўночную вайну 1700—1721, падчас якой падтрымліваў Аўгуста II і арыентаваўся на Расію. Удзельнік з'езда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Новагародку 1707. Падчас шведскага наступлення 1708 выехаў у Расію.

Удзельнік Варшаўскай вальнай рады 1710, на якой атрымаў урад вялікага падскарбія літоўскага. У час сваёй дзейнасці на гэтай пасадзе вызначыўся празмернымі злоўжываннямі. Па скарзе аднаго з пацярпелых, троцкага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага, Трыбунал Літоўскі ў 1711 прыгаварыў Коцела да пазбаўлення гонару і пакарання смерцю. Арыштаваны 12 студзеня 1712, але пазбегнуў пакарання, пагадзіўшыся з Агінскім. У 1712 удзельнічаў у падаўленні прашведскага выступлення Яна Казіміра Сапегі. Далучыўся да з'езда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні з 23 сакавіка па 8 красавіка 1716, на пачатку пасяджэнняў якога была ўтворана антысаксонская канфедэрацыя. Прадпрымаліся спробы пазбаўлення яго пасады падскарбія за злоўжыванні, у тым ліку на сойме 1719—1720, але яны не мелі поспеху.

Памёр у Палонцы, пахаваны ў Беніцы.

Зноскі

  1. Michał Kazimierz Kociełł // NUKAT — 2002.
  2. Michał Kazimierz Kociełł // MAK

Літаратура

правіць