Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч
Міхаі́л Мацве́евіч Філіпо́віч, або Міха́сь Філіпо́віч (27 мая (8 чэрвеня) 1896, Мінск — 1947, Масква) — беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог[2]. Адзін з першых беларускіх мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі[3].
Міхась Філіповіч | |
---|---|
![]() Міхаіл Станюта. «Партрэт мастака М. Філіповіча». 1925 | |
Дата нараджэння | 27 мая (8 чэрвеня) 1896 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1947 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Месца працы | |
Вучоба | |
Член у | |
![]() |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся 8 чэрвеня (27 мая паводле старога стылю) 1896 года ў Мінску ў сям’і служачага чыгункі, паводле паходжання селяніна Барысаўскага павета[4], адстаўнога унтэр-афіцэра Мацвея Касмавіча Філіповіча і яго жонкі Алены Фадзееўны. Бацькі памерлі, калі Міхасю было чатыры гады[2]. Спачатку з братам і сёстрамі ён жыў у старэйшай замужняй сястры, затым выхоўваўся ў сям’і дзядзькі, каваля Фадзея Фадзеевіча Гурскага, які жыў на Маркаўскім завулку ў Мінску[4]. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе[2].
У 1910—1917 гадах вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы ў К. Я. Ермакова, Дзмітрыя Полазава. У пачатку Першай сусветнай вайны вучылішча было эвакуіравана ў Гжацк, затым — у Маскву, а потым — у Яраслаўль, дзе Філіповіч скончыў вучылішча[2]. У 1917 годзе вярнуўся ў Мінск, у дом па Маркаўскім завулку. Малюе вуліцы Мінска і Стары горад, гэтыя працы не захаваліся[4]. Едзе дзеля мастацкай адукацыі ў Маскву. Спачатку паступіць на вучобу па мастацкай спецыяльнасці не атрымліваецца, таму ў 1918—1919 гадах вучыўся ў Маскоўскім Межавым інстытуце, адначасова ў прыватнай студыі Анікіта Хатулёва[2].
У 1919 годзе быў залічаны ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, але ў той жа год пайшоў, як сам напісаў у аўтабіяграфіі, «добраахвотнікам у Чырвоную гвардыю»[5]. У 1919—1920 гадах служыў санітарам цягніка на дзянікінскім фронце, аднак праз слабае здароўе быў адкамандзіраваны з фронту ў Маскву, у Вышэйшую школу ваеннай маскіроўкі, дзе вучыўся адзінаццаць месяцаў[2]. У канцы 1920 года Камісія па таленавітасці накіравала яго ў Маскву ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, дзе вучыўся ў Канстанціна Каровіна[ru].
У канцы 1921 года праз адсутнасць сродкаў на жыццё вярнуўся ў Менск[2]. У верасні 1921 года займаўся арганізацыяй і сам удзельнічаў у першай савецкай выстаўцы ў Менску па вуліцы Губернатарскай, 13[2]. Экспанаваліся 13 твораў мастака[4], у тым ліку супрэматычныя («Супрэматызм (канструкцыя плоскасцяў)», «Максімальнае выяўленне колеру» і інш.), з якіх ніводны не дайшоў да сённяшняга часу. Першая персанальная выстаўка Міхася Філіповіча адбылася ў Менску ў жніўні 1922 года. У паказаных на ёй творах быў бачны паварот да фальклорнай беларускай спадчыны («На Купалле», «Карагод (Ляльнік)», «Казачны сюжэт»). У 1922—1923 гадах быў мастацкім інструктарам аддзела выяўленчага мастацтва пры Галоўпалітасвеце ў Менску[6]. У 1923 годзе загадваў афармленнем Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве[6], у 1923—1925 гадах працаваў загадчыкам мастацкага аддзела ў Беларускім дзяржаўным музеі.
У 1924 годзе Цэнтральным праўленнем Саюза работнікаў мастацтва быў камандзіраваны ў Вышэйшыя тэхнічныя майстрэрні, дзе вучыўся ў Аляксандра Дрэвіна(руск.) бел. і Роберта Фалька(руск.) бел. (1925—1930)[6]. Летні адпачынак праводзіў у Менску і этнаграфічных экспедыцыях па савецкай Беларусі[7].
У 1927 годзе ўступіў ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў, дзе выставіў 40 палотнаў[7]. У тым жа годзе прымаў удзел у беларускім раздзеле савецкага павільёна міжнароднай выстаўкі «Мастацтва кнігі» ў Лейпцыгу[8]. У 1929 годзе прымаў удзел у III Усебеларускай мастацкай выстаўцы (карціна «Бітва на Нямізе» і яшчэ каля 40 карцін).
Яшчэ да заканчэння вучобы ў Маскве яго творчасць пачала падвяргацца крытыцы ў савецкай Беларусі, творы пачалі здымацца з экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. У 1930 годзе прыязджае ў Менску, дзе абвінавачваецца ў «нацдэмаўшчыне» і «фармалізме», адыходзе ад разумення сутнасці класавай барацьбы[7]. Разам з жонкай Ксеніяй Весялоўскай з’язджае ў Маскву. На думку мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака, гэта было зроблена дзеля таго каб пазбегнуць рэпрэсій[7]. Уступіў у Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (АХРР). У 1930-х гадах быў у працяглай творчай камандзіроўцы ў Сярэдняй Азіі[9].
У 1939—1941 гадах Міхась Філіповіч працаваў у Мінску, удзельнічаў у выстаўках, пісаў карціны для гістарычнага музея. Перадваенныя творы мастака не захаваліся, аднак паводле назваў вядома, што яны насілі савецкі ідэалагічны характар[10]. У Мінску даведаўся пра пачатак вайны і на трэці дзень з’ехаў у Маскву, дзе працаваў як мастак. У 1942—1944 гадах служыў у арміі на франтах Другой сусветнай вайны[6]. У 1944—1945 гадах — загадчык мастацкага аддзела Дзяржаўнага выдавецтва ў Мінску[6].
Вядома, што апошнія гады жыцця Міхась Філіповіч правёў у Маскве, дзе і памёр у 1947 годзе[2]. Дагэтуль біяграфія мастака слаба вывучаная[2].
ТворчасцьПравіць
Працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, працаваў у кніжнай графіцы. Вялікую значнасць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі[11]. Творы Міхася Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю[11].
Прыхільнасць да акадэмічнага рэалізму ў часе навучання ў Маскве змяняецца захапленнем імпрэсіянізмам. Пасля знаёмства з творчасцю і тэорыяй Казіміра Малевіча пачынаецца супрэматычны перыяд. У верасні 1921 года ў Менску Філіповіч выстаўляе творы «Супрэматызм», «Максімальнае выяўленне колеру», «Канструкцыя плоскасцей».
Яшчэ ў 1910 годзе пачаў рабіць альбом замалёвак «Беларускія ткацкія ўзоры»[2]. Па вяртанні ў Беларусь працягнуў вывучаць узоры беларускага народнага мастацтва. У выніку яго вандровак па Беларусі для Беларускага дзяржаўнага музея было складзена 10 альбомаў з замалёўкамі тканін, разьбы, народных строяў, сялянскіх забудоў і прадметаў побыту[12]. Праца яго і сёння ўяўляе цікавасць для знаўцаў славянскіх культур[13]. М. Лебедзевай, Міхасём Філіповічам, Анатолем Тычынам быў складзены альбом слуцкіх паясоў, дзеля чаго яны працавалі з архівамі музеяў Масквы, Ленінграда, Смаленска і інш[13]. У 1924 годзе альбом «Слуцкія паясы» быў выдадзены Інбелкультам[13].
Самабытнае мастацтва Міхася Філіповіча ўвогуле ёсць этнаграфічным[13]. Былі створаны партрэты беларуса, у якіх мастаку ўдалося паказаць характар свайго народа. Найбольш удалыя жывапісныя палотны — «Група на кірмашы», «Беларусы ў старажытным адзенні», «Дудар» і інш[13]. Адна з першых карцін на народную тэматыку — «Казка» («Казачны сюжэт»). У 1921—1922 гадах стварае шэраг карцін на этнаграфічныя матывы: «На Купалле», «Вясна», «Скокі праз вогнішча», «Карагод», «Народнае гулянне»[12]. У кампазіцыі «На Купалле» мастак зафіксаваў многія нацыянальныя віды мастацтва — танец-карагод, адзенне, упрыгожванне свята кветкамі і зелянінай[13].
Адначасова працуе як ілюстратар. У 1922 годзе ілюструе «Босых на вогнішчы» Міхася Чарота[12]. У тым жа годзе адбылася яго першая персанальная выстаўка[2], сярод іншых, там выстаўляліся такія карціны, як «На Купалле», «Карагод (Ляльнік)» і «Казачны сюжэт» (1921—22)[2]. Змітрок Бядуля апісаў уражанні ад выстаўкі ў сваім артыкуле[14]. Вось як ён кажа пра нацюрморт «Бэз і купальніца» наступным чынам[15]:
…Букет бэзу — у розных пералівах, такая свежасць колераў, ажно здаецца: чуеш пах бэзу, чуеш вясну. А гэта ўсё — у невялічкім букеце… Праўда, ёсць часцяком незавершанасць. Адразу бачым, што мастак пэўнай дарогі ў сваёй творчасці яшчэ не знайшоў. Кожны вобраз як бы кажа: «Дамалёўвай сам!» — і будзіць фантазію гледача |
У 1924 годзе стварае графічны цыкл ілюстрацый да беларускіх народных казак «Сучкін сын», «Іванка-дурачок», «Паляшук і чорт»[16].
У аўтабіяграфіі мастак напіша, што за 1921—1928 гады ім створана «да 150 прац алеем і да 400 малюнкаў тушшу, гуашшу, акварэллю, да 150 работ па ілюстрацыі беларускіх народных казак»[5], ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы, эскізы дэкарацый для Беларускага першага дзяржаўнага тэатра і іншае[2].
У 1930-х гадах стварае творы на сярэднеазіяцкія матывы. У часы вайны прымае ўдзел у афармленні перыядычных выданняў, у тым ліку ў часопісе «Партизанская дубинка», стварыў серыю антыфашысцкіх карыкатур. У апошнія гады жыцця працаваў у жанры лірычнага пейзажу[17].
Акрамя іншага, працаваў у партрэтным жанры, у тым ліку намаляваў партрэты Міхася Станюты, мастачкі Пальміры Мрачкоўскай, Генрыха Грыгоніса, Фацімы Мамедавай і партрэты-тыпы, напрыклад, карціны «Стары беларус з люлькай» (сярэдзіна 1920-х) і «Жанчына ў намітцы» (магчымы партрэт яго жонкі Ксеніі Весялоўскай)[2].
У 1930-х гадах стварыў таксама серыю лялек, маленькіх скульптур «Лявоніха», «Цымбаліст», «Дудар», «Жанчына ў нацыянальнай вопратцы», «Жалейка», «Стары», «Вясковы хлопец» і іншыя. Гэта былі апошнія работы Міхася Філіповіча[18].
Цікавыя фактыПравіць
- Намаляваў першую вокладку часопіса Полымя.
У мастацтвеПравіць
- Скульптар Меер Айзенштат у 1939 годзе стварыў бюст мастака.
- Пошта Беларусі ў 2002 годзе выпусціла паштовую марку з выявай карціны Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Беларуская Вікіпедыя — 2007.
- ↑ 2,00 2,01 2,02 2,03 2,04 2,05 2,06 2,07 2,08 2,09 2,10 2,11 2,12 2,13 2,14 Міхаіл Філіповіч [Выяўленчы матэрыял] = Михаил Филиппович = Mikhail Filipovich : [альбом / аўтар тэксту і складальнік В. У. Вайцахоўская]
- ↑ Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976. с. 256
- ↑ 4,0 4,1 4,2 4,3 Крэпак Б., 2010
- ↑ 5,0 5,1 Аўтабіяграфія // Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. — Ф. 82. — Воп. 1. — Спр. 1. — С. 65-66.
- ↑ 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Выстаўка твораў мастакоў-юбіляраў. artmuseum.by.
- ↑ 7,0 7,1 7,2 7,3 Крэпак Б. (2), 2010
- ↑ Баразна М. Р. Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя. Мінск, «Беларусь», 2007. с. 52
- ↑ Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976.
- ↑ Белорусский Гоген ушел на передовую (руск.) . kp.by (25 лютага 2015). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2019. Праверана 23 снежня 2019.
- ↑ 11,0 11,1 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- ↑ 12,0 12,1 12,2 Харэўскі С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. Вільня, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2007, с. 182
- ↑ 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 Людміла Налівайка. Рыцары аховы помнікаў
- ↑ Бядуля З. Выстаўка карцін маляра М. Філіповіча (Памяшканьне Інстытуту Беларускага Пэдагагічнага Тэхнікуму) // Савецкая Беларусь. — 1922. — № 187.
- ↑ «Мітусяцца фарбы, ажно слепяць вочы…»
- ↑ Баразна М. Р. Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя. Мінск, «Беларусь», 2007., с. 52
- ↑ Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. Минск, изд. «Беларусь», 1976., с. 357
- ↑ http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=4593&mode=print
ЛітаратураПравіць
- Бядуля З. Выстаўка карцін маляра М. Філіповіча (Памяшканьне Інстытуту Беларускага Пэдагагічнага Тэхнікуму) // Савецкая Беларусь. — 1922. — № 187
- Крэпак Б. Міхась Філіповіч. Рэльефы і штрыхі лёсу // Культура : газета. — 2010. — № 35 (955). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2019.
- Крэпак Б. Міхась Філіповіч. Рэльефы і штрыхі лёсу. Працяг // Культура : газета. — 2010. — № 36 (956). Архівавана з першакрыніцы 32-12-2019.
- Шчакаціхін М. На шляхох да новага беларускага мастацтва (Нарыс творчасці Міхася Філіповіча) // Полымя. — 1927. — № 2. — С. 163—179.
- Шматаў В. Міхась Філіповіч. — Мінск, 1971
- А. Г. Лисов, А. Д. Сарабьянов, «Михаил Матвеевич Филиппович» // Энциклопедия русского авангарда.