Міхаіл Барысавіч

(Пасля перасылкі з Міхаіл Барысавіч Цвярскі)

Міхаі́л Бары́савіч (1453 або 1457, Цвер — не пазней за 1505) — апошні суверэнны вялікі князь цвярскі (1461—1485), пазней эмігрант у Вялікім Княстве Літоўскім.

Міхаіл Барысавіч
Нараджэнне 1453
Смерць 1505
Род Рурыкавічы
Бацька Барыс Аляксандравіч[d]
Маці Анастасія[d]
Жонка Соф’я Сямёнаўна[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Партрэт невядомага вялікалітоўскага магната (з нясвіжскага збору князёў Радзівілаў), які раней памылкова атрыбутавалі як выяву вялікага князя Міхаіла Барысавіча. Невядомы мастак, кан. XVI — пач. XVII ст.

Заняў велікакняжацкі сталец малалетнім па смерці бацькі, вялікага князя Барыса Аляксандравіча. Спрабаваў працягваць бацькаву палітыку захавання незалежнасці Цвяры з падтрымкай ВКЛ. Аднак кароль Казімір, нягледзячы на дамовы 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейнай падтрымкі, што прычынілася да страты Цвер’ю незалежнасці.

У жніўні 1485 года вялікі князь маскоўскі Іван III, перакананы ў бяздзейнасці з боку ВКЛ, распачаў ваенныя дзеянні і аблажыў Цвер. Цвярское баярства здрадзіла вялікаму князю Міхаілу Барысавічу і ў большасці перайшло на бок Масквы. У ноч на 12 верасня 1485 года вялікі князь цвярскі ўцёк з абложанага горада ў ВКЛ. Такім чынам, апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Усходняй Еўропе знікла, што неўзабаве дало магчымасць Маскве перайсці да наступальных дзеянняў непасрэдна супраць ВКЛ (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 гадоў). У 1486 годзе вялікі князь Міхаіл Барысавіч з невялікім дапаможным вялікалітоўскім атрадам беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе сталец.

Апошнія 20 гадоў жыцця вялікі князь Міхаіл Барысавіч быў у ВКЛ, кампенсацыяй за страчаныя ўладанні атрымаў ад караля Казіміра значныя грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую латыфундыю на поўдні Слонімскага павета (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Не адыгрываў заўважнай палітычнай ролі.

Першы шлюб (1470—1483) узяў з Соф’яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Другі шлюб, паводле няпэўных звестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў. Застаўся, аднак, бяздзетным. Пасля смерці вялікага князя Міхаіла Барысавіча яго ўладанні ў ВКЛ перайшлі князю Васілю Глінскаму[1].

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць з Нясвіжскай галерэі Радзівілаў. Ёсць думка, што такая атрыбуцыя хутчэй легендарная, бо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.[2]

Зноскі

Літаратура

правіць