Міхаіл Богуш-Багавіцінавіч

(пам. 1530) падскарбі земскі літоўскі

Міхаіл Богуш-Багавіцінавіч, Міхайла Богуш-Багавіціновіч, Міхаіл Богуш (? — лістапад-снежань 1530) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Дзяк гаспадарскі (1499—1503), вялікі пісар літоўскі (1504—1530). Адначасова гараднічы троцкі (1506—1507), маршалак гаспадарскі (1510—1530), падскарбі земскі літоўскі (часова ў 1509, 1520—1530). Тым жа часам намеснік пералайскі (1500—1505), жыжморскі (1508—1509), даўгоўскі (1508—1518), камянецкі (1518—1530), дзяржаўца слонімскі (1522—1530).[1]

Богуш Міхал Багавіцінавіч
Герб «Пелікан»
Герб «Пелікан»
Вялікі падскарбі літоўскі
1520 — 1530
Папярэднік Абрам Езафовіч
Пераемнік Іван Гарнастай
Смерць 1530(1530)
Род Багавіцінавічы
Бацька Богуш Багавіцінавіч
Жонка Фядора Сангушка
Дзеці Ганна, Фядора, Ульяна
Веравызнанне праваслаўе

Біяграфія

правіць

З валынскага баярскага роду Багавіцінавічаў, сын Богуша Багавіцінавіча[1]. У 1509 годзе браў удзел у польскім паходзе на Малдову.

Таксама зарэкамендаваў сябе як дыпламат[1]. Браў удзел у пасольстве ў Маскву ў 1509 годзе, як пасол быў там у 1517—1518, 1520, 1522, 1526 гадах. Удзельнік Венскага кангрэса 1515 года. У 1518 годзе прадстаўнік ВКЛ у пасольстве Э. Цёлка на германскі рэйхстаг у Аўгсбургу. Прадстаўнік Жыгімонта Старога на Віленскім сойме 1520 года.

У 1513 годзе разам з братамі атрымаў велікакняжацкае пацвярджэнне на маёнткі нададзеныя ix продкам вялікімі князямі Вітаўтам i Казімірам. Пад канец жыцця сканцэнтраваў значныя ўладанні, асноўныя з іх у Троцкім павеце (Прамезі), Слонімскім павеце (Азярніца, дзе пабудаваў замак, Блізна), у Берасцейскім павеце (Славяцічы, Даўгаброды, Сямацічы, Яблычна), на Падляшшы (Арляя, Тапчыкалы, Кашалі, Вярвенкі) на Валыні (Берасцечка, Жукаў, Свінярын) i іншымі.[1]

На Попіс 1528 года ставіў 64 «коней», т.б. валодаў агулам 512 службамі сялян[1]. Сам пан Міхаіл Богуш-Багавіцінавіч быў адным з кіраўнікоў складання гэтага Попісу, апошняй з найбольш значных яго прац у Канцылярыі[2].

Сям’я

правіць

У шлюбе з Федзяй, дачкой князя Андрэя Сангушкі, меў дачок Ганну (жонка Станіслава Тэнчынскага  (польск.)), Фядору (жонка паслядоўна князя Фрыдэрыка Пронскага, ваяводы кіеўскага, М. Тшэбухоўскага, кашталяна гнезненскага, i Міхала Дзялынскага, падкаморага хэлмскага) і Ульяну, жонку Івана Гарнастая.

Зноскі

  1. а б в г д Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003. С. 36.
  2. Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003. С. 37.

Літаратура

правіць
  • Груша А. І., Спірыдонаў М. Ф., Вайтовіч М. А. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 523. Кніга Публічных спраў 1 / рэдкал.: Г. Я. Галенчанка (адк. рэд.) і інш. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 444 с.
  • Канановіч У. Богуш Міхал Багавіцінавіч — велікакняжацкі дыпламат Жыгімонта Старога // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Выпуск 1. — Мн.: Інстытут гісторыі НАНБ, 1999. — С. 31-39
  • Пазднякоў В. Багавіціны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 275. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.