Міхаіл Гапеевіч Булахаў
Міхаіл Гапеевіч Булахаў (22 ліпеня 1919, в. Маслакі, Горацкі раён, Магілёўская вобласць — 4 мая 2012) — беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1971). Доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967)[1].
Міхаіл Гапеевіч Булахаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 22 ліпеня 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 мая 2012 (92 гады) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнавец |
Навуковая сфера | мовазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Навуковае званне | прафесар |
Альма-матар |
|
Узнагароды |
Біяграфічныя звесткі
правіцьСкончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1940)[1]. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай і нямецкай моў (1939—1940). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Затым працаваў асістэнтам і загадчыкам кафедры рускай мовы Мінскага педінстытута (1948—1952), навуковым супрацоўнікам і загадчыкам сектара сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—56), загадчыкам кафедры рускай мовы БДУ (1965—1975), у 1975—1990 гадах — кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Мінскага педінстытута. Быў адказным рэдактарам часопіса «Веснік БДУ. Серыя 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія» (1969—1975).
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
правіцьАсноўныя кірункі яго навуковай дзейнасці — беларускае, рускае і славянскае мовазнаўства, удасканаленне методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у вышэйшых установах. Працы вучонага (больш за 300)[2] і ў галіне мовазнаўства ахопліваюць праблемы сучаснай мовы, гісторыі мовы і ўзаемадзеяння беларускай мовы з іншымі славянскімі мовамі на розных этапах іх развіцця. М. Г. Булахаў даследаваў мову старажытных беларускіх помнікаў дзелавога, публіцыстычнага і літаратурнага характару, твораў 17—20 ст., першадрукаў Ф. Скарыны («Аб словаўтварэнні скарынінскіх выданняў» 1968; «Аб задачах лінгвістычнага вывучэння кніжнай спадчыны Ф. Скарыны», 1967, і інш.), С. Буднага.
Яго трохтомнае даследаванне «Прыметнік у беларускай мове» (1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексіка-лагічны нарыс» (1973) на матэрыяле пісьмовых помнікаў XIV—XVII ст., фальклорных і дыялекталагічных помнікаў, сучаснай літаратурнай мовы ў гісторыка-этымалагічным плане прасочвае працэс складвання ў беларускай мове прыметніка як асобнага лексіка-граматычнага класа слоў, аналізуе развіццё яго семантыкі, граматычных форм і сінтаксічных функцый. Пры нарматыўнай класіфікацыі іх шырока прыменены статыстычныя метады.
М. Г. Булахаў стварыў першы ў айчынным мовазнаўстве трохтомны біябібліяграфічны слоўнік «Усходнеславянскія мовазнаўцы» («Восточнославянские языковеды», 1976—78). У ім змешчаны нарысы пра 352 вучоных ад XVI ст. па 1970-я гады, з іх 26 — беларускія: І. Насовіч, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, С. Некрашэвіч, М. Байкоў, І. Воўк-Левановіч, П. Бузук і інш. Аўтар выявіў шмат незаслужана забытых імён і фактаў, акрэсліў магістральныя лініі развіцця айчыннай лінгвістычнай думкі, абагульніў дасягненні розных лінгвістычных школ і кірункаў, вызначыў месца і ўклад кожнага вучонага ў гісторыю ўсходнеславянскага мовазнаўства. Тэматычна блізкія гэтаму слоўніку асобныя артыкулы і манаграфія М. Г. Булахава «Яўхім Фёдаравіч Карскі: Жыццё, навуковая і грамадская дзейнасць» (1981).
Пры даследаванні шляхоў фарміравання сістэмы беларускай мовы М. Булахаў звяртаецца да багатай старажытнарускай пісьмовай спадчыны, а таксама да вуснай народнай творчасці і жывой народнай мовы. У яго даследчай працы шмат месца займае высвятленне спецыфічных рыс беларускай мовы параўнальна з іншымі славянскімі мовамі. Ён аўтар раздзела «Марфалогія» калектыўнай працы «Усходнеславянскія мовы» (М., 1987), у якім даў супастаўляльную тыпалогію марфалагічнаму ладу трох роднасных усходнеславянскіх моў.
М. Булахаў — суаўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў «Беларуская мова» (ч. 1—2, 1955, 1958), «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» ([т.] 1 — 3. 1957, 1959, 1961), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1, 1962; т. 2, 1966). Гістарычныя вытокі гукавога ладу, граматычных катэгорый і форм, слоўнікавага фонду, устойлівых словазлучэнняў беларускай мовы асвятляў у калектыўнай працы «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), у шэрагу манаграфій і артыкулаў пра паходжанне асобных слоў і выразаў, якія захаваліся ў беларускай мове ад старажытных часоў, калі яшчэ толькі акрэсліваліся спецыфічныя рысы мовы славян наогул і ўсходніх славян у прыватнасці. Упершыню выдаў дапаможнік «Практыкаванні і матэрыялы па гісторыі беларускай мовы» (1956; перавыдадзены ў 1969 г. пад назвай «Практыкаванні і матэрыялы па курсу гісторыі беларускай мовы»).
У шэрагу артыкулаў свайго энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы" («„Слово о полку Игореве“ в литературе, искусстве, науке», 1988) М. Булахаў разглядае моўныя рысы помніка і пераклады яго на сучасную беларускую мову, зробленыя Я. Купалам, М. Багдановічам (урывак), М. Гарэцкім, Р. Барадуліным, В. Дарашкевічам, аналізуе працы беларускіх даследчыкаў старажытнага твора.
Аўтар энцыклапедычнага пяцітомнага даследавання «Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии».
Міхаіл Гапеевіч Булахаў быў навуковым кіраўніком 33 аспірантаў, кансультаваў 5 дактарантаў[2]. 3 шэрагам дакладаў і паведамленняў выступаў на міжнародных славістычных кангрэсах, сімпозіумах і інш.
Асноўныя працы
правіць- Манаграфія «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў 19-20 стст ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958)
- «Прыметнік у беларускай мове» 3 тамы (1964)
- «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы 14-17 стст. Ч.2. Сінтаксічны нарыс» (1971)
Узнагароды
правіць- Кавалер ордэна Францыска Скарыны (1997).
Зноскі
- ↑ а б Булахов Михаил Гапеевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 89. — 737 с.
- ↑ а б Міхаіл Гапеевіч Булахаў (1919—2012)
Літаратура
правіць- Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
- Ліўшыц, Уладзімір.Выдатны вучоны лінгвіст// У кн.: Раскопкі вакол Горацкага Парнаса.— Горкі: 2001.— С.167-170.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3). С.328-329
Спасылкі
правіць- Воін, Вучоны, Педагог(недаступная спасылка)