Міхаіл Гедэон Радзівіл

Міхаі́л Гедэо́н Радзіві́л (паводле метрыкі — Міхал Геранім Кароль Радзівіл; 24 верасня 1778, Варшава24 мая 1850, Варшава) — ваенны дзеяч Расійскай імперыі з роду Радзівілаў, брыгадны генерал, землеўладальнік, сенатар-кашталян Царства Польскага, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў.

Міхаіл Гедэон Радзівіл
Трубы
Трубы
Дата нараджэння 24 верасня 1778(1778-09-24)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 24 мая 1850(1850-05-24)[1][2] (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Міхал Геранім Радзівіл[3]
Маці Алена з Пшаздзецкіх[d]
Жонка Аляксандра са Стэцкіх[d][3]
Дзеці Зыгмунт Радзівіл[d], Караль Анджэй Радзівіл[d] і Міхаліна з Радзівілаў[d]
Грамадзянства
Званне генерал
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
кавалерскі крыж ордэна Virtuti Militari
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 24 верасня 1778 года ў Варшаве. Быў трэцім сынам у сям’і Міхала Гераніма Радзівіла, віленскага ваяводы і Алены Пшаздзецкай, даводзіўся братам Антонію Генрыку Радзівілу. Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю, пасля чаго ў 1792 годзе паступіў у Гётынгенскі ўніверсітэт. Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе знаходзіўся з братамі ў Дрэздэне, потым — у Карлсбадзе. У красавіку 1795 года вярнуўся на радзіму і разам з малодшым братам Андрэем Валентам быў адпраўлены бацькам у Пецярбург да двара Кацярыны II[4].

1 снежня 1797 года атрымаў тытул камергера ад Паўла I, праз два гады стаў камандорам Мальтыйскага крыжа. У гэты час Міхал Радзівіл вярнуўся ў Варшаву, дзе ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, часта бываў у Пулавах у князёў Чартарыйскіх. У 1806 годзе пачаў ваенную службу ў складзе Паўночнага польскага легіёна. 18 студзеня 1807 года атрымаў званне палкоўніка і стаў камандзірам легіёна. Удзельнічаў у вайне чацвёртай кааліцыі 1807 года. 1 красавіка 1808 года ўзначаліў 5-ы пяхотны полк арміі Герцагства Варшаўскага, 11 снежня 1811 года атрымаў званне брыгаднага генерала.

Удзельнічаў у французска-рускай вайне 1812 года ў якасці камандуючага 2-й брыгады 7-й дывізіі пяхоты генерала Гранжана, якая напярэдадні вайны належала да 1-га корпуса Вялікай Арміі маршала Даву, а ад 3 чэрвеня 1812 года — да 10-га корпуса Жака Макдональда. Корпус меў істотнае стратэгічнае значэнне ў ваенных дзеяннях над Балтыкай і Дзвіной, граючы ролю абароны левага фланга Вялікай Арміі. На чале брыгады ў ноч з 29 на 30 ліпеня Міхал Гедэон Радзівіл удзельнічаў у баях за Дзвінск, пасля чаго заняў пазіцыі ўздоўж Дзвіны і праводзіў вайсковую разведку на правым і левым берагах ракі. Пры адступленні 7-й дывізіі, якая праз Курляндыю і Жамойць адыходзіла на лінію Нёмана, вызначыўся ў бітве пад Тыльзітам (26 снежня 1812). Адыходзячы ў кірунку Данцыга, 5 студзеня 1813 года Міхал Радзівіл удзельнічаў у баі пад Брандэнбургам, 12 студзеня дайшоў да Эльблёнга і ў выніку сутыкнення на рацэ Ногат 17 студзеня зноў накіраваўся ў бок Данцыга. Пасля капітуляцыі горада вярнуўся ў Варшаву[4].

З 1815 года служыў у войску Каралеўства Польскага, камандаваў дывізіяй. З 1822 года — сенатар-кашталян, з 1825 года — сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30 лістапада 1830 года увайшоў у склад Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага, потым у Найвышэйшую нацыянальную раду. Падтрымліваў дыктатуру генерала Ю. Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20 студзеня — 26 лютага 1831 года быў галоўнакамандуючым, аднак паўнамоцтвы фактычна засталіся ў Хлапіцкага. Прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем.

У выніку паразы ў бітве пры Грохаве сышоў у адстаўку. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 года быў зняволены ў Яраслаўлі, потым жыў у Дрэздэне. За ўдзел у паўстанні яго беларускія маёнткі Барысаўшчына ў Барысаўскім павеце, Цімкавічы ў Слуцкім павеце і іншыя перайшлі ў дзяржаўны скарб, аднак загадам ад 28 кастрычніка 1832 года былі падзелены паміж спадкаемцамі: братам Андрэем Валентам і пляменніцай Леановай[5].

Па вяртанні з ссылкі Міхал Гедэон Радзівіл пасяліўся ў палацы Станіслава Патоцкага ў Кракаўскім прадмесці Варшавы. У апошнія гады жыцця займаўся філантропіяй, мецэнатствам, быў папулярны сярод жыхароў горада. Памёр 24 мая 1850 года, пахаваны 27 мая ў касцёле капуцынаў.

Сям’я

правіць

12 ліпеня 1815 года ажаніўся з Аляксандрай Стэцкай, прадстаўніцай заможнага шляхецкага роду Стэцкіх, адзінай дачкой багатага памешчыка Карла Стэцкага і падчаркай генерала Княжэвіча. Выхоўвалася ў Мяжырычах — сядзібе свайго дзеда. Па прыкладзе сваёй свякрухі, па праекце архітэктара Генрыха Ітара перабудавала палац, сад і парк у Шпанове, ператварыўшы яго ў адну з лепшых рэзідэнцый на Валыні. У 1831 годзе рушыла ўслед за мужам у выгнанне ў Яраслаўль. Будучы таленавітай мастачкай-аматаркай, з’яўлялася ганаровым членам Таварыства заахвочвання мастацтваў ў Варшаве. Паводле ацэнак сучаснікаў, княгіня Радзівіл «была прыгожая, нададзеная розумам і прыемным характарам» . Памерла ў ліпені 1864 года ў Пасі пад Парыжам і была пахавана на мясцовых могілках. У якасці пасага Міхаіл Гедэон Радзівіл атрымаў мястэчка Шпаніў пад Роўным. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў у валоданне да Караля Андрэя Радзівіла і знаходзіўся пад кіраваннем гэтага роду да самага пачатку Другой сусветнай вайны.

Ад гэтага шлюбу нарадзіліся:

  • Караль Анджэй Радзівіл (1821—1886).
  • Зыгмунд Радзівіл (1822—1892).
  • Міхаліна (1816—1883) — жонка графа Лявона Жышэўскага (1815—1882).
  • Тэрэза Уршуля Радзівіла (1811—1874) — жонка Каятана Аўгусціна Вяльбута герба Радван (1815—1882).

Узнагароды

правіць

Зноскі

  1. а б RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. а б Michał Gedeon Radziwiłł // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. а б Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  4. а б Zbigniew Zacharewicz i Władysław Zajewski: Radziwiłł Michał Gedeon (wg metryki Michał Hieronim Karol). W: Polski Słownik Biograficzny t. XXX/1987 [on-line]. (польск.)
  5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8., с.60

Літаратура

правіць