Міхаіл Мікалаевіч Чыгір

Міхаіл Мікалаевіч Чыгір (24 мая 1948, пас. Брацкі, Капыльскі раён, Мінская вобласць) — другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 199418 лістапада 1996), сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень Беларусі, вязень сумлення паводле Amnesty International[2][3].

Міхаіл Мікалаевіч Чыгір
Сцяг2-і Прэм’ер-міністр Беларусі
21 ліпеня 1994 — 18 лістапада 1996
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Папярэднік Вячаслаў Кебіч
Пераемнік Сяргей Лінг
Нараджэнне 24 мая 1948(1948-05-24) (76 гадоў)
Бацька Мікалай Сямёнавіч Чыгір
Маці Анастасія Пятроўна Чыгір
Жонка Юлія Чыгір
Дзеці Аляксей і Аляксандр
Партыя КПСС (19621991)
Адукацыя
Узнагароды Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн «Знак Пашаны»

Біяграфія

правіць

Вучыўся ў Капыльскай сярэдняй школе № 1. Гуляў за зборную школы ў баскетбол. Любіў матэматыку, фізіку. Удзельнічаў у прадметных алімпіядах.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт народнай гаспадаркі (1970), спецфакультэт па міжнародных эканамічных адносінах пры маскоўскім інстытуце (1982).

З 1970 па 1971 М. Чыгір працаваў эканамістам у Салігорскім аддзяленні Дзяржбанка СССР, у 19711972 — начальнікам крэдытнага аддзялення Бярэзінскага аддзялення Дзяржбанка.

Служба ў войску (1972—1973). Служыў у Івана-Франкоўску, у ваенна-паветраных войсках. Быў у штабе пісарам.

Пасля звальнення ў запас атрымаў прапанову працаваць у Клецкім аддзяленні банка.

У 1983 г. сям’я Чыгіроў пераехала ў Мінск. Спачатку працаваў у Маскоўскім аддзяленні дзяржбанка, потым запрасілі ў абкам партыі. Праз год перайшоў у ЦК КПБ, дзе ў эканамічным аддзеле прапрацаваў чатыры гады інструктарам. У 1986 г. сам папрасіўся кіраўніком Мінскай гарадской канторы дзяржбанка.

У 1988 г. стаў першым намеснікам старшыні кіравання «Аграпрамбанка».

У 1989 г. быў на стажыроўцы ў «Дойчэ Банку». Стаў першым намеснікам старшыні кіравання «Аграпрамбанка».

У 1991 г. стаў старшынём праўлення «Белаграпрамбанка».

На пасадзе прэм’ер-міністра

правіць

У ліпені 1994 г., пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, Міхаіл Чыгір стаў першым прэм’ер-міністрам у прэзідэнцкай рэспубліцы. У 1995 г. прадстаўляў Беларусь на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.[4] Працаваў на гэтай пасадзе да лістапада 1996 г.

У лістападзе 1996 г. гучна пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага рэферэндуму. У гэты ж час, пратэстуючы супраць рэферэндуму, які прадугледжваў змену Канстытуцыі і падаўжэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, у адстаўку пайшлі міністр працы Аляксандр Сасноў і намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.

Праз некаторы час пасля адстаўкі з’ехаў у Маскву. У 1998—1999 гг. працаваў кіраўніком расійскага прадстаўніцтва еўрапейскага канцэрна «GЕА».

Прэзідэнцкія выбары 1999 года і палітычны пераслед

правіць

Вярнуўся ў Мінск пасля таго, як апазіцыйная да прэзідэнта частка Вярхоўнага Савета ініцыявала альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (абвешчаныя на май 1999 г.). Вылучыўся кандыдатам на гэту пасаду, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

Напярэдадні выбарчай кампаніі ў Варшаве адбылася сустрэча мяркуемых кандыдатаў у прэзідэнты М. Чыгіра і З. Пазняка, а таксама старшыні ЦВК В. Ганчара. Абмяркоўвалася падпісанне закрытага мемарандуму. Былі ўзгодненыя чатыры пункты мемарандуму. Абраны ў выніку альтэрнатыўных выбараў прэзідэнт абавязаўся: абмежаваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы, правесці парламенцкія выбары, увесці парпарцыйную сістэму выбараў, захоўваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. З. Пазняк прапанаваў дапоўніць мемарандум яшчэ адным пунктам: спыніць адносіны з імперскай Расіяй. М. Чыгір не пагадзіўся. У выніку мемарандум не быў падпісаны.[5]

30 сакавіка 1999 г., за дзень перад рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты на альтэрнатыўных выбарах, М. Чыгір быў арыштаваны па абвінавачванні ў «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі» (арт. 166 КК РБ), перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнасці (абвінавачванне датычыла гадоў яго працы ў банкаўскай сферы і на пасадзе прэм’ер-міністра). Тым не менш, 31 сакавіка 1999 г. Цэнтральная выбарчая камісія пад кіраўніцтвам В. Ганчара зарэгістравала М. Чыгіра і З. Пазняка ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты на альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах.[6]

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення[3].

Знаходзіўся ў мінскім СІЗА-1. Кампанію па выбарах праводзіў выбарчы штаб М. Чыгіра пад кіраўніцтвам былога дэпутата Вярхоўнага Савета, старшыні камісіі ВС па эканамічнай палітыцы Васіля Шлындзікава. У выніку рэпрэсій і перашкод з боку ўлад выбары не адбыліся.[7]

М. Чыгір адмовіўся пісаць просьбу аб памілаванні на імя прэзідэнта, сваёй віны не прызнаў. У следчым ізалятары М. Чыгіра наведаў кіраўнік Кансультатыўнай назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ханс-Георг Вік.

30 лістапада 1999 г., пасля васьмі месяцаў зняволення, М. Чыгіру была змененая мера пакарання пад падпіску аб нявыездзе.

19 мая 2000 Мінскі гарадскі суд, суддзя Аляксандр Васілевіч, прысудзіў тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады (адвакатам М. Чыгіра выступала яго жонка — Юлія Чыгір і адвакат Аляксандр Пыльчанка, грамадскімі абаронцамі — прадстаўнікі Беларускага хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла і Праваабарончага цэнтру «Вясна» Барыс Гюнтэр). На адносна «мягкі» прысуд паўплываў грамадска-палітычны дыялог паміж уладамі і дэмакратычнай апазіцыяй, які праходзіў у гэты час пры пасярэдніцтве місіі АБСЕ ў Мінску. Пасля судовага працэсу пасол ЗША ў Беларусі Дэніел Спекхард назваў суд «палітычна матываваным шоу».[8]

Падчас вынясення прысуду на ганку суда адбыўся інцындэнт паміж жонкай М. Чыгіра Юліяй, якая выконвала адвакацкія абавязкі, і міліцыянерам. Міліцыя не пускала ў будынак суда сыноў М. Чыгіра Аляксея і Аляксандра, сястру М.Чыгіра, журналістаў і людзей, якія прыйшлі падтрымаць былога прэм’ер-міністра. Ю. Чыгір патрабавала іх дапусціць да судовага працэсу. Затым маёр Амельчанка напаў на яе з-за спіны, траўмаваў ёй руку, пра што сведчыла медычная даведка і фотаматэрыялы, на якіх быў зафіксаваны вялікі сіняк на руцэ Ю. Чыгір. Абараняючыся, Ю. Чыгір ўкусіла міліцыянта за вуха. Яна напісала заяву ў пракуратуру ў якасці пацярпелай, аднак пракуратура Фрунзенскага раёна г. Мінска ўзбудзіла крымінальную справу супраць Ю. Чыгір за нанясенне траўмы міліцыянеру.

20 кастрычніка 2000 г. Ю. Чыгір была асуджаная на два гады ўмоўна.[8]

5 снежня 2000 г. Вярхоўны суд адмяніў рашэнне мінскага гарадскога суда адносна М. Чыгіра і адправіў матэрыялы на дарасследаванне.

Старшыня суда Міхаіл Кашко абгрунтаваў адмену прысуду немагчымасцю на падставе сабраных следчымі доказаў апраўдаць ці прызнаць М. Чыгіра вінаватым.[9]

М. Чыгір быў сябрам Нацыянальнага выканаўчага камітэта, ценявога ўрада дэмакратычнай часткі Вярхоўнага Савета 13-га склікання.[10]

М. Чыгір прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000 г.) і ў сваёй акрузе прайграў Наталлі Машэравай.

У 2001 г. прыняў удзел у кампаніі па выбарах прэзідэнта. Выбыў з перадвыбарнай гонкі пасля таго, як не набраў неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў і не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата, падтрымліваў адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл У. Ганчарыка.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў праследаванню падверглася таксама сям’я М. Чыгіра. У жніўні 2000 г., асцерагаючыся рэпрэсій, быў вымушаны з’ехаць у Германію старэйшы сын М. Чыгіра Аляксей.[11]

10 лютага 2001 г. быў арыштаваны Аляксандр Чыгір, сын М. Чыгіра. Ён быў збіты пры затрыманні, абвінавачаны ў крадзяжы аўтамабіляў. 06 сакавіка 2002 г. А. Чыгір быў асуджаны на сем гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.[12]

Тры гады знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Мінску. У 2004 г. адбыўся паўторны суд над А. Чыгіром, у выніку тэрмін быў скарочаны да чатырох гадоў зняволення. Год з тэрміну прысуду быў скасаваны ў выніку амністыі і ў красавіку 2004 г. А. Чыгір быў выпушчаны на волю ў зале суда. Неўзабаве А. Чыгір з’ехаў у Маскву.[13]

Сям’я М. Чыгіра лічыла гэтую крымінальную справу палітычна матываванай і звязвала праследаванне А. Чыгіра з мяркуемым удзелам М. Чыгіра ў прэзідэнцкіх выбарах. Як сказаў М. Чыгір: «помсцілі мне праз майго сына». Падчас следства невядомымі быў збіты адвакат А. Чыгіра Аляксандр Пыльчанка.[14]

23 ліпеня 2002 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска, суддзя Наталля Варэнік, вынес прысуд М. Чыгіру — тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, а таксама пазбаўленне на пяць гадоў права займаць вызначаныя пасады, звязаныя з гаспадарча-распарадчай дзейнасцю. М. Чыгіра прызналі вінаватым ва ўтойванні падаткаў і ўхіленні ад падавання падатковых дэкларацый, што прычыніла дзяржаве шкоду ў асабліва буйным памеры. З улікам пені і іншых налічэнняў шкода склала 8 млн. 57 тыс. 355 рублёў. М.Чыгір абавязаны пакрыць нанесеную шкоду. Падчас дзеяння прысуду ён не можа пакідаць месца жыхарства без дазволу органаў МУС. Мера пакарання — падпіска аб нявыездзе — пакінутая ў сіле. Па другім пункце абвінавачвання — службовая халатнасць у сувязі з выплатай авансавага плацяжу на суму звыш 1 млн. долараў ЗША канадскай фірме для будаўніцтва новага будынка «Белаграпрамбанка» — суд палічыў вінаватасць М.Чыгіра даказанай. Аднак у сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці спыніў працэс.

М. Чыгір і далей браў удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны.[15][16]

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе быў даверанай асобай Яраслава Раманчука.[17]

Асабістае

правіць

Жанаты, двое дзяцей, Аляксей і Аляксандр. Два ўнукі — Міхаіл і Станіслаў.

Зноскі

  1. Chyhir, Mikhail // Biographical Dictionary of Central and Eastern Europe in the Twentieth Century / пад рэд. W. Roszkowski, J. KofmanRoutledge, 2008. — ISBN 978-0-7656-1027-0 Праверана 2 верасня 2021.
  2. http://www.hrights.ru/text/belorus/b12/Chapter20.htm Архівавана 31 кастрычніка 2010. Михаил Чигирь — Узник совести
  3. а б Document - Belarus: Prisoner of Conscience: Mikhail Chigir (англ.). Amnesty International (15 красавіка 1999). Праверана 10 ліпеня 2012.
  4. https://www.svaboda.org/a/28239808.html Адкрыўся эканамічны форум у Давосе, на які афіцыйную Беларусь не запрашаюць 22 гады
  5. https://www.svaboda.org/a/24829977.html Навіны 19 траўня 1999 г.
  6. https://www.svaboda.org/a/24829715.html Навіны 22 сакавіка 1999 г.
  7. https://www.svaboda.org/a/24829983.html Навіны 20 траўня 1999 г.
  8. а б https://www.svaboda.org/a/24832778.html Навіны 01 чэрвеня 2000 г.
  9. https://www.svaboda.org/a/24834686.html Навіны 05 сьнежня 2000 г.
  10. https://www.svaboda.org/a/24835374.html «ЦЕНЕВЫ ЎРАД» У ЦЕНІ?
  11. https://ex-press.by/rubrics/obshhestvo/2011/03/11/yuliya-chigir-sidet-i-ne-vysovyvatsya-eto-ne-nash-metod Архівавана 2 снежня 2020. Юлия Чигирь: «Сидеть и не высовываться — это не наш метод…»
  12. https://www.svaboda.org/a/24872886.html АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА ЗАСУДЗІЛІ НА 7 ГАДОЎ
  13. https://www.svaboda.org/a/24873466.html ЧЫГІР І ЯГОНАЯ МАЦІ-АДВАКАТ ЗЬБІРАЮЦЦА АБСКАРДЖВАЦЬ ВЫНЕСЕНЫ ПРЫСУД
  14. https://www.svaboda.org/a/27403163.html Дзеці беларускіх чыноўнікаў і крымінал. Каго абвінавачвалі, судзілі ці проста падазравалі
  15. https://www.svaboda.org/a/24873521.html У ГАДАВІНУ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗАХАРАНКІ Ў МЕНСКУ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ «МЫ ПАМЯТАЕМ»
  16. https://www.svaboda.org/a/2275271.html «Ваеннае становішча ў Беларусі?» Канфэрэнцыя ў Варшаве
  17. https://www.kp.by/daily/25665.3/826316/(недаступная спасылка) Бывшие белорусские премьеры строят Минск, пишут книги и ищут для страны деньги

Літаратура

правіць
  • Кто есть кто в Республике Беларусь. Мн., 1999. С.274. Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who is who in Belarus. — Мн.: ООО «Мэджик Бук», 2004. — 284 с.
  • Palitviazni.info — 2013. — С. 70-71;
  • Аляксандр Тамкович. Лёсы. — СПб.: Невский Простор, 2010. — 472 с.,ил. — С. 379—388. — ISBN 978-594-7161-69-4 
  • Аляксандр Тамковіч. Найноўшая гісторыя ў асобах. 2013. С. 31-35.
  • Адзін дзень палітвязьня. 2009. С. 138—147.


Спасылкі

правіць