Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі
Міхаі́л Сцяпа́навіч Высо́цкі (10 лютага 1928, в. Семежава, Капыльскі раён, Мінская вобласць, БССР[1] — 25 лютага 2013, Мінск, Беларусь) — беларускі канструктар аўтамабіляў і вучоны, доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1978)[1]. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР[1] і БССР, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі Навук (НАН) Беларусі (1989, член-карэспандэнт з 1984[2]), Генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі (2002). Герой Беларусі (2006).
Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 лютага 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 лютага 2013 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Навуковая сфера | вучоны ў галіне грузавога аўтамабілебудавання, грамадскі дзеяч |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук |
Навуковае званне | акадэмік АН БССР, прафесар |
Альма-матар | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Сайт | oim.by/ru/direktor |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Працаваў на Мінскім аўтазаводзе 50 гадоў, з якіх 35 гадоў — галоўным канструктарам. Адзін з заснавальнікаў беларускага грузавога аўтамабілебудавання. Стварыў беларускую школу канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў[2].
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 10 лютага 1928 года ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна.
Працоўную дзейнасць пачаў на Мінскім аўтамабільным заводзе ў 1946 годзе слесарам-зборшчыкам.
У 1949 скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, у сваёй дыпломнай працы ім быў прапанаваны першы канвеер для зборкі МАЗаў. З гэтага ж года працуе канструктарам , адначасова навучаючыся ва Усесаюзным завочным машынабудаўнічым інстытуце ў Маскве, які скончыў у 1955 годзе[1][3][4].
У 1950-я гады на заводзе наладжвалася вытворчасць бартавога аўтамабіля МАЗ-200 і самазвала МАЗ-205, распрацаваных на Яраслаўскім аўтамабільным заводзе . Яны не мелі стабільных памераў, таму пры зборцы ўзнікалі вялікія складанасці. М. С. Высоцкі ўнёс шэраг значных змен, якія дазволілі адаптаваць да канвеернай зборкі кабіну, апярэнне, крыла і дамогся іх рэалізацыі ў вытворчасці. Дзякуючы гэтаму павысілася якасць і надзейнасць машын. Распрацаваныя пры яго асабістым удзеле канструкцыі прычэпаў і паўпрычэпаў ў сярэдзіне 1950-х гадоў з шэрагам унікальных новаўвядзенняў (тарсіённая падвеска , герметычныя тармазы і апараты да іх) былі выкарыстаны як шасі для мантажу перасоўных электрастанцый і сістэм кіравання для запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі ў кастрычніку 1957 годзе.
У 1955 г. прызначаецца начальнікам канструктарскага бюро спецыяльных прычэпаў для патрэб абароны краіны.
Сур’ёзным выпрабаваннем для М. С. Высоцкага стала распрацоўка кабіны і апярэння для 25-тоннага самазвала МАЗ-525 і першага ў свеце 40-тоннага самазвала МАЗ-530, адзначанага на Сусветнай прамысловай выстаўцы ў Бруселі ў кастрычніку 1958 вышэйшай узнагародай — «Гран-пры».
У 1961 М. С. Высоцкі быў прызначаны галоўным канструктарам Мінскага аўтазавода[1].
У 1958—1960 гг. Высоцкі — начальнік СКБ-3, у 1960—1961 гг. намеснік галоўнага канструктара. У 1961—1996 гг. галоўны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода.
З імем М. С. Высоцкага звязаны найбольш значныя дасягненні Мінскага аўтазавода: распрацоўка прынцыпова новай кампаноўкі вялікагрузных аўтамабіляў «кабіна над рухавіком» — упершыню рэалізаваная ў МАЗ-500 (серыйны выпуск з 1965 года), якая ў далейшым атрымала распаўсюджванне ва ўсім свеце; стварэнне шасці пакаленняў магістральных аўтацягнікоў, апошнія з якіх адказваюць жорсткім патрабаванням міжнародных стандартаў; у тым ліку канцэптуальнага модульнага аўтацягніка МАЗ-2000 «Перабудова» (прызнанага аўтамабілем XXI стагоддзя і атрымаўшага залаты медаль на Парыжскім Вялікім салоне аўтамабілебудавання ў 1988 годзе), які стаў прататыпам распрацоўванага шматзвённага аўтацягніка.
У 1970 годзе рашэннем Савета Маскоўскага аўтамабільна-дарожнага інстытута (МАДІ) М. С. Высоцкаму прысуджана вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук. Высновы, зробленыя ў яго працы, зводзіліся да неабходнасці стварэння айчынных вялікагрузных аўтапаяздоў для магістральных перавозак.
У 1971 годзе пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага створана сямейства аўтамабіляў МАЗ-500А, а ў 1978 годзе — МАЗ-5335. Усе наступныя мадэлі аўтамабіляў адрозніваюцца ад папярэдніх больш высокімі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі: хуткаснымі і тармазнымі ўласцівасцямі, паліўнай эканамічнасцю і плыўнасцю ходу, манеўранасцю і эрганамічнасцю.
Па даручэнні Урада СССР пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага распрацаваны канструкцыі аўтамабіляў-самазвалаў для Камскага аўтазавода, якія ў 1973 годзе былі рэкамендаваныя Дзяржкамісіяй да масавай вытворчасці.
Дзейнасць М. С. Высоцкага звязана з усталяваннем і ўмацаваннем сувязяў навукі з вытворчасцю, арыентацыяй навуковага патэнцыялу акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі на вырашэнне найбольш актуальных праблем, якія стаялі перад савецкім машынабудаўнічым комплексам. У 1974 годзе па яго ініцыятыве быў створаны акадэмічны Аддзел грузавых аўтамабіляў (АГрА) двайнога падпарадкавання: АН БССР і Мінскаму аўтазаводу. У 1975 годзе створаны вучэбна-навукова-вытворчае аб’яднанне «МАЗ-БПІ», а ў яго рамках — кафедра Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ, цяпер — БНТУ) «Вялікагрузныя аўтамабілі», кіраўніком якой акадэмік М. С. Высоцкі з’яўляўся да апошняга часу, а таксама створана навукова-вытворчае аб’яднанне «Аўтафізтэх».
З 1975 М. С. Высоцкі прызначаны галоўным канструктарам-начальнікам упраўлення галоўнага канструктара вытворчага аб’яднання «БелаўтаМАЗ», у якое ўвайшлі ўсе аўтамабільныя заводы рэспублікі, гэтую пасаду ён займаў да 1996 года[1].
У 1976 М. С. Высоцкі абараніў доктарскую дысертацыю ў МАДІ. Буйным унёскам у развіццё тэорыі мабільных машын стала распрацаваная М. С. Высоцкім тэорыя праектавання і выпрабавання вялікагрузных аўтацягнікоў. У 1989 годзе абраны сапраўдным членам (акадэмікам) Акадэміі навук БССР.
М. С. Высоцкі з’яўляецца адным з ініцыятараў арганізацыі на МАЗе беларускай вытворчасці аўтобусаў і кіраўніком стварэння іх першых мадэляў сумесна з нямецкай фірмай «Неаплан » (1992), што паслужыла асновай сучаснай вытворчасці шырокага сямейства ўніфікаваных аўтобусаў, арыентаванай на поўнае забеспячэнне патрэб Беларусі і пастаўкі на экспарт.
Працуючы з 1992 па 1997 гады віцэ-прэзідэнтам акадэміі навук Беларусі, М. С. Высоцкі змог кансалідаваць намаганні навукоўцаў і завадскіх спецыялістаў не толькі ў інтарэсах МАЗа і ВА «БелаўтаМАЗ», але і ўсёй аўтатрактарабудаўнічай галіны рэспублікі, што дазволіла перажыць востры эканамічны крызіс у перыяд распаду СССР, забяспечыць станаўленне нацыянальнага аўтамабіле- і аўтобусабудавання і выйсці на ўстойлівае дынамічнае развіццё галіны, які робіць істотны ўклад у фарміраванне ВУП і нарошчванне экспартнага патэнцыялу Беларусі.
З 1993 па 2001 гады М. С. Высоцкі — дырэктар створанага па яго ініцыятыве Навуковага цэнтра праблем механікі машын НАН Беларусі, з 2001 года — генеральны дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (НІРУП) «Белаўтатрактарабудаванне» НАН Беларусі. У 1995 годзе для дзяржаўнай падтрымкі аўтатрактарабудавання па ініцыятыве М. С. Высоцкага пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і адабрэнні дзяржаўным заказчыкам у асобе Міністэрства прамысловасці пад яго кіраўніцтвам была распрацавана дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма (ДНТП) «Белаўтатрактарабудаванне» на 1996—1998 годы, а потым на 1999—2000 і 2001—2005 годы. Ён з’яўляўся ініцыятарам і навуковым кіраўніком Дзяржаўнай праграмы фундаментальных (арыентаваных фундаментальных) даследаванняў «Механіка» на 1996—2000 і 2001—2005 годы, якая з’явілася навуковым забеспячэннем ў галіне фундаментальных даследаванняў праграмы «Белаўтатрактарабудаванне». У 2002 годзе ў выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была распрацавана Дзяржаўная мэтавая праграма развіцця аўтатрактарабудавання і камбайнабудавання Рэспублікі Беларусь на 2003—2005 годы і на перыяд да 2010 года «Аўтатрактаракамбайнабудаванне».
З 1996 года М. С. Высоцкі цалкам прысвяціў сябе працы ў навуковым цэнтры.
У 2002 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь засноўвае спецыяльна для Высоцкага новае званне генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы Рэспублікі Беларусь[5].
У 2003 годзе пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага была распрацавана і ў 2004 годзе зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узбуйненая Дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма «Машынабудаванне». Для распрацоўкі, асваення і ўкаранення перадавых тэхналогій праектавання новых канкурэнтаздольных мадэляў аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі М. С. Высоцкім створаны Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр машынабудаўнічага профілю.
З мая 2006 года і да апошніх дзён з’яўляўся генеральным дырэктарам Дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», вядучага навуковага і інавацыйнага цэнтра Беларусі ў галіне механікі, які мае статус галаўной навуковай установы па пытаннях аўтатрактарасельгасмашынабудавання, якая вырашае найбольш актуальныя і эканамічна значныя задачы. Сярод дасягненняў інстытута пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага ў галіне фундаментальных даследаванняў — абгрунтаванне і распрацоўка прынцыпаў модульнага праектавання аўтацягнікоў, а таксама прынцыпаў стварэння матэматычных і камп’ютарных мадэляў для даследавання эксплуатацыйных уласцівасцяў пры рэалізацыі комплексу віртуальных выпрабаванняў. Гэта дазволіла даследаваць раней не разгледжаныя ў тэорыі аўтамабіля выпадкі крывалінейнага руху транспартных сродкаў і сфармаваць падыходы да стварэння алгарытмаў кіравання рухам шматзвенных аўтацягнікоў.
Нягледзячы на разнастайнасць і навізну выпускаемай тэхнікі, да 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь адсутнічаў спецыялізаваны палігон для яе выпрабаванняў, правядзення навуковых даследаванняў і сертыфікацыі мабільных машын. М. С. Высоцкі з’яўляўся ініцыятарам і каардынатарам работ па стварэнні беларускага аўтамабільнага палігона.
М. С. Высоцкім развіта тэорыя віртуальнага праектавання і выпрабаванняў мабільных машын, атрыманы вынікі ў галіне дынамікі аўтамабільных і чыгуначных цыстэрнаў, выканана арганізатарская праца па стварэнні і кантролю дзяржаўных навукова-даследчых і навукова-тэхнічных праграм. Навукова-арганізацыйная дзейнасць М. С. Высоцкага грунтавалася на навуковай працы. Ім апублікавана больш за 450 навуковых прац. Выдадзена 20 манаграфій, атрымана 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, большасць з якіх паслужылі асновай для павышэння канкурэнтаздольнасці і стварэння новых відаў аўтатрактарнай тэхнікі.
М. С. Высоцкім падрыхтавана 6 дактароў і 18 кандыдатаў навук і створана беларуская школа механікі і комплекснага праектавання мабільных машын, працамі якой упершыню ў краіне закладзены асновы тэорыі праектавання і паскораных выпрабаванняў высакахуткасных вялікагрузных магістральных аўтацягнікоў.
У 1997 годзе Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) на аснове экспертных ацэнак прысвоіў яму ганаровае званне «Чалавек года-1997» з уручэннем Медалі Гонару за выдатныя дасягненні. Яго імя ўключана ў 25-е выданне «Слоўніка міжнародных біяграфій» як выдатнага дзеяча навукі. Амерыканскі біяграфічны інстытут уключыў імя акадэміка М. С. Высоцкага ў спіс 5000 навукоўцаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі ў XX стагоддзі.
Cышоў з жыцця ў Мінску 25 лютага 2013 года пасля працяглай хваробы[6]. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Навукова — арганізацыйная і грамадская дзейнасць
правіцьМ. С. Высоцкі :
- член Прэзідыума Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь; Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь; Міжведамаснай камісіі па разглядзе кандыдатур для назначэння стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым навукоўцам; Міжведамаснага навукова-тэхнічнага савета Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь;
- старшыня Навуковага савета па праблемах машынабудавання НАН Беларусі; Міжведамаснага экспертнага савета па прыярытэтнаму кірунку фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў «Механіка машын, забеспячэнне надзейнасці і бяспекі тэхнічных сістэм, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі машынабудавання»; Экспертнага савета па машынабудаванні Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў;
- генеральны дырэктар Дзяржаўнага навуковай установы «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»;
- кіраўнік Органа па сертыфікацыі транспартных сродкаў, прадметаў іх абсталявання і частак; эксперт-аўдытар па якасці Рэспубліканскага органа па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь;
- папячыцель Духоўна-адукацыйнага Цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Мінску; член Прэзідыума Беларуска-Расійскага Камітэта «Саюз»;
- намеснік старшыні па навуцы Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі; кіраўнік таварыства дружбы «Беларусь- Карэя»;
- З 1992 года кіраўнік беларускага аддзялення групы міжнароднага таварыства аўтамабільных інжынераў (SAE);
- член міжнароднага таварыства інжынераў-механікаў (ASME);
- Рэдактар энцыклапедыі «Машынабудаванне» (Масква) па аўтамабільнай тэматыцы;
- Старшыня Беларускага рэгіянальнага рэдакцыйнага савета часопіса «Аўтамабільная прамысловасць» (Масква);
- член рэдакцыйнага савета «International Journal of Vehicle Design» (Вялікабрытанія); Міжнароднага часопіса па транспартным тэхналогіях, навукова-тэхнічнага часопіса «Грузавік&» (Масква); часопіса «Весці НАН Беларусі» (серыя фiзiка-тэхнiчных наук); галоўны рэдактар Міжнароднага навукова-тэхнічнага часопіса «Механіка машын, механізмаў і матэрыялаў».
Навуковая дзейнасць
правіцьАбагульніўшы навукова-даследчыя і эксперыментальныя работы, выкананыя на Мінскім аўтазаводзе, М. С. Высоцкі ў 1970 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю.
У 1975 годзе абіраецца загадчыкам кафедры «Вялікагрузныя аўтамабілі» Беларускага політэхнічнага інстытута (Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт).
Працуючы на аўтазаводзе, М. С. Высоцкі стаў доктарам тэхнічных навук (1976), прафесарам (1978).
У 1984 годзе М. С. Высоцкі абіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1989 — акадэмікам Акадэміі навук БССР.
У 1992—1997 гг. — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. У 1993—2001 гг. дырэктар Навуковага цэнтра праблем механікі машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
З 2001 года — генеральны дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белаўтатрактарабудаванне» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
З 2003 — ганаровы дырэктар Інстытута механікі і надзейнасці машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2006—2012 гг. генеральны дырэктар, з 2012 намеснік дырэктара па навуковай працы Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Праводзіў навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі і канструявання мабільных машын. Распрацаваны метадалогія сінтэзу аптымальных масавага ліку геаметрычных параметраў, аптымізацыі магутнасці, цягава-хуткасных уласцівасцяў і паліўнай эканамічнасці велікагрузных магістральных аўтацягнікоў на аснове імітацыйнага мадэлявання іх руху з улікам характарыстык тыпавых дарожных умоў, канцэпцыя стварэння і метадалогія даследавання перспектыўных мабільных транспартных машын на аснове сістэмнага падыходу.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 19 манаграфій, 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў[7], у тым ліку: «Мабільныя транспартныя машыны» (1998 г.); «Аэрадынаміка колавага транспарту» (2001 г.), «Актыўная бяспека аўтамабіля. Асновы тэорыі»(2002 г.) і інш. Міхаілам Высоцкім падрыхтавана 6 дактароў, 18 кандыдатаў навук і створана беларуская школа механікі і комплекснага праектавання мабільных машын[6].
Асноўныя навуковыя працы
правіць- Высоцкий М. С. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 1-е изд. / Ю. Ю. Беленький, М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, И. Ф. Демидович, С. Г. Херсонский, А. И. Титович. — М.: Машиностроение, 1979.
- Высоцкий М. С. Основы проектирования автомобилей и автопоездов большой грузоподъёмности / Ю. Ю. Беленький, М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, И. Ф. Демидович, С. Г. Херсонский, А. И. Титович. — Минск, 1980. — 200 с.
- Автомобили. Испытания: учебное пособие для студентов специальности «Автомобили и тракторы» высших технических учебных заведений / под ред. д-ра техн. наук, проф. А. И. Гришкевича, акад. АН БССР М. С. Высоцкого — Минск: Вышэйшая школа, 1991. — 186, [1] с. — ил., табл.
- Высоцкий М. С. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 2-е изд. / М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, С. Г. Херсонский. — М: Машиностроение, 1995.
- Высоцкий М. С. Мобильные транспортные машины: Взаимодействие со средой функционирования / М. С. Высоцкий, В. В. Ванцевич, Л. Х. Гилелес; НАН Беларуси, Науч. центр проблем механики машин. — Минск: Бел. навука, 1998. — 302 с.: ил. — Библиогр.: 122 назв.
- Высоцкий М. С. Аэродинамика колёсного транспорта / М. С. Высоцкий, А. Н. Евграфов. — Минск: Белавтотракторостроение, 2001. — 363 с.
- Высоцкий М. С. Активная безопасность автомобиля. Основы теории / М. С. Высоцкий, В. Г. Бутылин, В. Г. Иванов, И. И. Лепешко. — Минск, 2002.
- Высоцкий М. С. Динамика автомобильных и железнодорожных цистерн / М. С. Высоцкий, Ю. М. Плескачевский, А. О. Шимановский; Объедин. ин-т машиностроения НАН Беларуси. — Минск: Белавтотракторостроение, 2006. — 320 с.: ил., табл. — Библиогр.: 273 назв.
Узнагароды, званні
правіць- 1968 — узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга;
- 1970 — за стварэнне канструкцыі ўніфікаванага сямейства высокапрадукцыйных велікагрузных аўтамабіляў МАЗ-500 і арганізацыю іх вытворчасці на Мінскім аўтамабільным заводзе М. С. Высоцкаму ў складзе аўтарскага калектыву была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР у галіне навукі і тэхнікі;
- 1974 — за стварэнне новага віду аўтамабільнага транспарту — велікагрузных магістральных аўтацягнікоў — узнагароджаны ордэнам Леніна;
- 1986 — Дзяржаўная прэмія БССР за распрацоўку і ўкараненне гнуткай аўтаматызаванай сістэмы паскораных выпрабаванняў выпускаюцца машын;
- 1991 — прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік прамысловасці СССР»;
- 1998 — ордэн Айчыны III ступені;
- 2003 — узнагароджаны Ганаровай граматай Парламенцкага схода Саюза Беларусі і Расіі за вялікі асабісты ўклад у развіццё эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, актыўны ўдзел у саюзным грамадскім будаўніцтве.
- 2004 — ордэн Айчыны II ступені;
- 2006 — Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.03.2006 г. № 135 за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь, асабісты ўклад у станаўленне і развіццё нацыянальнага аўтамабіле-і аўтобусабудавання, беларускай навуковай школы механікі і комплекснага праектавання мабільных машын, правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, падрыхтоўку навуковых кадраў прысвоена званне «Герой Беларусі»[8].
Ганаровы грамадзянін Копыльскага раёна[9], Ганаровы грамадзянін горада Мінска[10], Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці[11].
Зноскі
- ↑ а б в г д е Высоцкий Михаил Степанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 130. — 737 с.
- ↑ а б Нацыянальная акадэмія навук Беларусі / Члены акадэміі / Памяці вучонага / Акадэмік ВЫСОЦКІ Міхаіл Сцяпанавіч (руск.)
- ↑ Библиография учёных Беларуси: Академик Михаил Степанович Высоцкий. Мн.: Объединённый ин-т машиностроения НАН Беларуси, 2006.
- ↑ Михаил Степанович Высоцкий (К 80-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 2008, № 1.
- ↑ Прощайте, Мастер! Памяти конструктора М. С. Высоцкого // ГРУЗАВТОИНФО, № 3 (110), 2013 (руск.)
- ↑ а б Ушел из жизни известный генконструктор автотехники Михаил Высоцкий (руск.)
- ↑ http://nasb.gov.by/bel/members/memoriam/vysotskii.php
- ↑ Указ № 135 ад 1 сакавіка 2006 г — Аб прысваенні М. С. Высоцкаму, П. П. Пракаповічу, В. А. Рэвяку і М. А. Савіцкаму звання «Герой Беларусі»
- ↑ http://kopyl-books.info/?page_id=25 Архівавана 24 снежня 2013.
- ↑ http://minsk.gov.by/ru/freemen/ Архівавана 14 жніўня 2011.
- ↑ http://www.minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/2381 Архівавана 5 сакавіка 2016.
Літаратура
правіць- Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. — Мінск, 1971. — Т. 3. — С. 204.
- Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларуская ССР: карот. энцыкл. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 133.
- Высоцкий Михаил Степанович // Белорусская ССР: крат. эницкл. / И. П. Шамякин и др. — Минск, 1982. — Т. 5. — С. 130.
- Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 181. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Five Thousand Personalities of The World. Edition Six. The American Biographical Institute. USA. 1997.
- Dictionary of International Biography. International Biographical Centre. — Cambridge, England, 1997.
- Библиография учёных Беларуси: Академик Михаил Степанович Высоцкий. — Минск: Объединённый ин-т машиностроения НАН Беларуси, 2006.
- Шпилевский Э. М. Академик М. С. Высоцкий: воплощение мечты. — Минск: Беларуская навука, 2013. — 105 с. — (Люди белорусской науки). — 200 экз. — ISBN 978-985-08-1525-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі / Члены акадэміі / Памяці вучонага / Акадэмік ВЫСОЦКІ Міхаіл Сцяпанавіч
- Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Национальная академия наук Беларуси — Академик Высоцкий Михаил Степанович (руск.)
- Национальная академия наук Беларуси (руск.)
- Объединённый институт машиностроения Национальной академии наук Беларуси (руск.)
- Минский автомобильный завод Архівавана 13 мая 2020. (руск.)
- Михаил Степанович Высоцкий (К 70-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. — 1998. — № 1.
- Михаил Степанович Высоцкий (К 75-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. — 2003. — № 1.
- Михаил Степанович Высоцкий (К 80-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. — 2008. — № 1.