Мацей Кавячынскі

(Пасля перасылкі з М. Кавячынскі)

Мацей Кавячынскі (19 мая 1520[1] — 1-я палова 1572) — вялікалітоўскі кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. Лічыцца заснавальнікам першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Мацей Кавячынскі
польск.: Maciej Kawęczyński
Астоя
Астоя
Нараджэнне 19 мая 1520
Смерць 1572
Род Кавячынскія
Дзеці Энох Кавячынскі[d] і Кацярына з Кавячынскіх[d]
Веравызнанне кальвінізм
Адукацыя
Дзейнасць перакладчык, выдавец

Біяграфія правіць

Паходзіў са старажытнага роду Кавячынскіх герба «Астоя», які ўпершыню згадваецца ў летапісах XV стагоддзя. Прозвішча паходзіць ад першага родавага маёнтка ў Польшчы — Кавенчын у Свецкім павеце, у ніжнім цячэнні ракі Віслы[2][3]. У ХVI ст. яшчэ да Люблінскай уніі 1569 г. некаторыя прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ і атрымалі тут маёнткі. Нарадзіўся ў сям’і Вацлава Кавячынскага і Марушы з роду Зэбоўскіх[4]. Меў двух братоў — Гектара і Альбрэхта.

У 1540-х гадах вучыўся ў лютэранскім Вітэнбергскім універсітэце. Пасля сканчэння прыняў кальвінізм і пад канец 1550-х вярнуўся на Літву, у родавы маёнтак Кухцічы Менскага павета. Нясвіжскі староста, намеснік нясвіжскіх маёнткаў («справца всех замков и дворов») Мікалая Радзівіла Чорнага.

Заснаваў порт на рацэ Узда, паперню (папяровую фабрыку) ў Нясвіжы, кальвінскі збор у Кухцічах.

Удзельнічаў у рэфармацыйным руху, спачатку кальвінісцкім, пазней у арыянскім, на Літве і ў Польшчы. Займаўся распаўсюджваннем выданняў сярод беларускага і ўкраінскага насельніцтва.

У 1561-1562 гадах сумесна са сваімі братамі, Сымонам Будным і кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Л. Крышкоўскім заснаваў друкарню ў Нясвіжы, якая ў 1562 г. надрукавала першыя пратэстанцкія выданні на старабеларускай мове — «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» С. Буднага, пераклады Свяшчэннага Пісання, працы польскіх рэфарматараў Гжэгаша Паўла і Марціна Чаховіца. Аўтар прадмоў да нясвіжскіх выданняў. У пачатку сваёй кнігавыдавецкай дзейнасці, пад значным уплывам С. Буднага, намагаўся распаўсюджваць выданні сярод «рускага» насельніцтва. Паводле расійскіх бібліёграфаў (В. С. Сопікаў, І. Каратаеў), Кавячынскі пры дапамозе земскага падскарбія літоўскага Астафія Валовіча перавёз з Вільні ў Нясвіж кірыліцкія шрыфты Ф. Скарыны. Тыпаметрычны аналіз, нягледзячы на пэўнае падабенства шрыфтоў і ініцыялаў, не пацвярджае гэтай гіпотэзы.

Давесці працу па выданні Нясвіжскай Бібліі да канца не ўдалося, бо Крыштоф Радзівіл, уладальнік Нясвіжа, спыніў дзейнасць друкарні[5] як «ератычнай» у 1571 годзе. Друкарня была перанесена з Нясвіжа ў Заслаўе або ва Узду, дзе ў 1572 годзе беларуская Біблія выйшла ў свет.

Памёр у 1572 годзе. Пасля смерці Кавячынскага маёмасць перайшла да яго братоў, друкарню купіў Я. Кішка.

Сям’я правіць

Яго дзеці Ян і Энох — апошнія прадстаўнікі роду Кавячынскіх[6].

Зноскі

  1. Дзьве даты // Звязда : газета. — 19 мая 2010. — № 95 (26703). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. Boniecki A. Частка I // Herbarz Polski. — Варшава, 1906. — Т. IX. — С. 349.
  3. Słownik Geograficzny. — Варшава, 1882. — Т. III. — С. 914.
  4. Adam Boniecki, Herbarz Polski T9, str.349, Warszawa 1906
  5. Кнігадрукарства. Сайт горада Узда. Праверана 22 мая 2010.
  6. Мікалай Літвінаў. Лебядзіная песня Марыі Магдалены // Звязда : газета. — 14 студзеня 2010. — № 5 (26613). — С. 8. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)

Літаратура правіць