Мікалай Фёдаравіч Бліадухо

савецкі геолаг
(Пасля перасылкі з М. Ф. Бліадухо)

Мікалай Фёдаравіч Бліадухо́ (да русіфікацыі Блёдуха[1]; 10 снежня 1878, Ігумен — 13 студзеня 1935) — беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар (1926). Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння выкапняў у Беларусі. Рэпрэсіраваны ў 1930-я[2].

Мікалай Фёдаравіч Бліадухо́
Дата нараджэння 10 снежня 1878(1878-12-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1935(1935-01-13) (56 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці геолаг
Навуковая сфера геалогія
Месца працы
Навуковае званне
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Мікалай Блёдуха нарадзіўся ў мястэчку Ігумен (цяпер Чэрвень у Мінскай вобласці Беларусі) у сям’і настаўніка. Скончыў Дзвінскае рэальнае вучылішча. У 1896—1903 гадах навучаўся ў Горным інстытуце ў Пецярбургу, дзе зацікавіўся петраграфіяй і мінералогіяй рудных радовішчаў. Яшчэ студэнтам браў удзел у палявых працах у Сібіры.

Істотную ролю ў станаўленні Мікалая Блёдухі геолагам адыгралі экспедыцыйныя даследаванні Далёкага Усходу, дзе ў 1903—1907 гг. пад камандаваннем вядомага ў той час прафесара Якава Эдэльштэйна ён вывучаў радовішчы золата і серабра на рацэ Амуры, а таксама Манчугайскае радовішча вуглю.

Далейшая геалагічная дзейнасць Мікалая Блёдухі звязаная з Сібірру, дзе ён загадваў залатасплаўнай і аналітычнай лабараторыяй у Томску (1903—1911), узначальваў Енісейскую горную акругу ў Краснаярску (1911—1917), кіраваў горна-пошукавымі партыямі на Алтаі (1917—1922). З яго ўдзелам у Сібіры былі адкрыты радовішчы мармуру, даламіту, пірыту, бурага вуглю, каляровых металаў.

Быў старшынёй Беларуска-ўкраінскага камітэта помачы ахвярам вайны (Барнаул), а пасля арганізацыі Беларускай грамады і Міжнароднага камітэта бежанцаў у Сібіры стаў у апошнім адным з беларускіх прадстаўнікоў. У 1920 годзе выбраны і старшынёй Беларускай грамады[1].

У 1922 годзе Блёдуха ачоліў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі Беларускай ССР. З 1923 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, загадваў кафедрай геалогіі. У 1926 годзе атрымаў званне прафесара.

 
Прэзідыум Прыродазнаўчай секцыі Інбелкульта. 1926. Злева направа: Васіль Вяршук, Мікалай Азбукін, Мікалай Бліядуха, Язэп Каранеўскі, Міхаіл Грамыка, Мікалай Збіткоўскі.

У горным аддзеле Мікалай Блёдуха кіраваў геалагічнымі даследаваннямі, ладзіў палявыя партыі, складаў кадастар нярудных карысных выкапняў на тэрыторыі Беларусі. Першая карта іх залягання ў БССР маштабам 1 : 800 000 скончаная ў 1926 годзе. З улікам новых геалагічных звестак карта няруднай мінеральнай сыравіны была выдадзена Акадэміяй навук БССР (1933).

Дзеля вывучэння прыродных рэсурсаў рэспублікі ў 1926 годзе па рашэнні СНК БССР у складзе Інстытута беларускай культуры створаная Камісія па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Беларусі. У 1927 годзе на базе гэтай камісіі і часткі навукова-тэхнічных кадраў геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульту створаны Інстытут геалогіі АН БССР. Мікалай Фёдаравіч стаў першым дырэктарам інстытута, у той жа час кіруючы кафедрай геалогіі БДУ. У 1928 годзе атрымаў званне акадэміка АН БССР.

 
Магіла акадэміка Мікалая Бліадухо

З 1929 года — старшыня Прадстаўніцтва геалагічнага камітэта ў БССР. У 1929—1935 — дырэктар Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР.

Пахаваны на Ваенных могілках Мінску[3].

Дзейнасць правіць

Арганізатар работ па геалагічнай здымцы і выведцы карысных выкапняў у Беларусі[2]. Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе рэспублікі. З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў. Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода[4].

Абгрунтаваў пастаноўку геафізічных даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску, Даманавічах і інш[4]. Асаблівую вядомасць набыла прабітая ў 1928—1929 гадах на прапанову Блёдухі свідравіна № 4 ў цэнтры Мінска. Яе глыбіня складала 353,8 м, што дазволіла не толькі вырашыць праблему водазабеспячэння горада, але і даведацца яго геалагічную будову, давесці прысутнасць уласных мінеральных водаў[5].

Па выніках геамагнітнай здымкі даў прагноз выяўлення жалезных руд. Упершыню склаў геалагічныя карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.

Блёдуха падараваў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якія сабраў у розных раёнах Савецкага Саюза. Гэтая калекцыя стала пачаткам кабінета мінералогіі і крышталографіі, а пазней — Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ[6].

 
 

Напісаў каля 200 навуковых прац, звязаных з вывучэннем розных пытанняў геалогіі і геамарфалогіі тэрыторыі Беларусі. Апублікаваў каля 20 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфіі. У сваіх творах Блёдуха паказваў цяжкасць геалагічнага вывучэння тэрыторыі Беларусі ў сувязі з рэдкай аголенасцю карэнных (мезазойскіх і палеазойскіх, збольшага дэвонскіх) адкладаў пры магутным развіцці парод чацвярцічнага ўзросту. Ён лічыў неабходным правядзенне ў рэспубліцы геафізічных даследаванняў і прабіцця глыбокіх свідравінаў дзеля вызначэння тэктонікі і выяўлення магчымых карысных выкапняў, у тым ліку падземных водаў як крыніц водазабеспячэння. Звярнуў увагу на істотнасць вывучэння і картаграфавання чацвярцічнах адкладаў з мэтай выяўлення розных відаў мінеральнай сыравіны. Характарызуючы рэльеф зямной паверхні, ён паказваў на цесную повязь яго формаў з геалагічнай будовай. Мікалай Блёдуха першым даў класіфікацыю рэльефу Беларусі, заснаваную на генетычных замалёўках даліны ракі Сож.

На геалагічнай карце БССР маштабу 1 : 2 000 000 (1933), складзенай М. Блёдухам, адлюстраваныя асноўныя геалагічныя фарміраванні, за выняткам памылкова вылучанага карэннага залягання парод кембрыю і сілуру ля вёскі Раванічы (пазней свідраваннем выяўлены буйны ледавіковы адорвень). У раёне Глушкавічаў паказаныя выхады на зямную паверхню гранітаў. Выказаная Мікалаем Фёдаравічам думка пра тое, што крышталічны падмурак Рускай пліты разбіты шчылінамі на асобныя блокі, далей была пацверджана дэтальнымі геафізічнымі даследаваннямі і глыбокім свідраваннем.

Навуковыя ідэі Блёдухі ў галіне геалогіі Беларусі атрымалі далейшае развіццё ў работах беларускіх геолагаў, якія адкрылі ў другой палове XX стагоддзя ў рэспубліцы радовішчы калійных і каменных соляў, нафты, вуглю, сланцаў, жалезных рудаў, даўсаніту, фасфарытаў, рэдкіх і каляровых металаў, будаўнічных матэрыялаў, лекавых і пітных падземных водаў, прамысловых расолаў і іншых карысных выкапняў.

Памяць правіць

 
Мемарыяльная дошка Мікалаю Бліадухо

Сачыненні правіць

  • Да геалагічнага вывучэння тэрыторыі г. Мінска (на матэрыялах свідравіны № 4 Эльвода і некаторых іншых // Матэрыялы па вывуч. геалогіі карысных выкапняў Беларусі. — Мн., 1933. — Т. 6.
  • Схематычная геалагічная карта дачацвярцёвых адкладаў БССР маштаба 1:420 000 // Запіскі БелАН. — Мн., 1935. — Кн. 4.
  • Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым. БССР. — Мн., 1952.
  • Исследование академиком Н. Ф. Блиодухо геологии и полезных ископаемых Белоруссии. — Мн., 1979. — 76 с.

Зноскі

  1. а б Успамін аб М. Ф. Блёдухо // Biełaruskaja krynica. — 1935. — № 12.
  2. а б Блиодухо Николай Фёдорович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 60. — 737 с.
  3. Минское Военное кладбище (руск.)
  4. а б Блиодухо Николай Федорович Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
  5. Блиодухо Николай Федорович (10.12.1878—13.01.1935) (руск.)(недаступная спасылка). История БГУ. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2018. Праверана 12 ліпеня 2019.
  6. Музей землязнаўства(недаступная спасылка). Факультэт. Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2019. Праверана 12 ліпеня 2019.
  7. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць