НКУС БССР
Наро́дны камісарыя́т уну́траных спраў БССР (НКУС БССР) (руск.: Народный комиссариат внутренних дел БССР) — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання па барацьбе са злачыннасцю і падтрыманню грамадскага парадку. Меў непасрэдную датычнасць да разгортвання і ажыццяўлення ў БССР масавых рэпрэсій і забойстваў (напрыклад, расстрэлаў у Курапатах).
Народны камісарыят унутраных спраў Беларускай ССР | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Дата стварэння | 17 снежня 1920 |
Папярэдняе ведамства | Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры ЦВК Беларусі |
Дата скасавання | 26 сакавіка 1946 |
Заменена на | Міністэрства ўнутраных спраў БССР |
Вышэйшае ведамства | Савет Народных Камісараў БССР |
Гісторыя
правіцьПершапачаткова быў утвораны ў снежні 1920 года згодна з Дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ, якія былі прыняты II Усебеларускім з'ездам Саветаў. 25 студзеня 1921 года была зацверджана структура і штаты НКУС БССР. Цэнтральны апарат НКУС складаўся з аддзелаў (агульнага; упраўлення; інфармацыйна-інструктарскага; запісаў актаў грамадзянскага стану; прымусовых грамадскіх работ; каштарысна - фінансавага), Галоўнага ўпраўлення міліцыі і аддзела камунальнай гаспадаркі.
26 кастрычніка 1921 года ўводзіцца новая структура НКУС БССР. Замест існаваўшых аддзелаў ствараюцца пяць упраўленняў: арганізацыйна-адміністрацыйнае ўпраўленне; Галоўнае ўпраўленне міліцыі; упраўленне прымусовых работ; упраўленне камунальнай гаспадаркі; упраўленне справамі.
Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР ад 13 снежня 1922 года ў веданне НКУС былі перададзеныя з распараджэння НКЮ (наркамат юстыцыі) месцы зняволення. У адпаведнасці з гэтым НКУС і НКЮ БССР прынялі пастанову «Аб рэарганізацыі кіравання месцамі зняволення». Перадаваемы ў веданне НКУС Цэнтральны выпраўленчы-працоўны аддзел (ЦВПА) НКЮ з яго органамі быў рэарганізаваны ў Галоўнае ўпраўленне месцаў зняволення НКУС БССР, а Упраўленне прымусовых работ НКУС БССР было скасавана.
22 сакавіка 1924 года Упраўленне крымінальнага вышуку было ліквідавана, а функцыі яго перададзеныя Галоўміліцыі БССР. У сувязі з гэтым Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі БССР было перайменавана ва Упраўленне міліцыі і крымінальнага вышуку БССР[1].
У маі 1927 года структура апарата НКУС БССР перабудоўваецца па функцыянальнай сістэме. Упраўленні перайменаваны ў інспекцыі, ствараецца сакратарыят і скасоўваецца калегія, упраўленне міліцыі і крымінальнага вышуку — у адміністрацыйнае ўпраўленне, начальнік якога з'яўляецца намеснікам наркама і начальнікам крымінальнага вышуку. У выніку пераўтварэнняў апарат НКУС БССР набыў новую структуру: сакратарыят, інспекцыі (па арганізацыйных пытаннях; месцаў зняволення; камунальнай гаспадаркі; дарожная; пажарная; рэспубліканскага інжынера)[2].
Згодна з пастановай ЦВК СССР і СНК СССР «Аб скасаванні народных камісарыятаў саюзных і аўтаномных рэспублік» ад 15 снежня 1930 года ён быў скасаваны.
У другі раз быў утвораны на базе рэарганізаванага АДПУ БССР (руск.: Объединенное Государственное Политическое Управление ОГПУ) 13 чэрвеня 1934 загадам НКУС № 001. Структура НКУС БССР уключыла ў сябе ўпраўленні (дзяржаўнай бяспекі; рабоча-сялянскай міліцыі; пагранічнай і ўнутранай аховы; пажарнай аховы; папраўча-працоўных лагераў)[2].
Наркамы ўнутраных спраў
правіць- Станіслаў Мертэнс — 1921
- Пракоп Малаковіч — 1922 — 1923
- Дзмітрый Чарнушэвіч — сакавік 1924 — красавік 1925
- Аляксандр Хацкевіч — красавік 1925 — люты 1926
- Аляксандр Сташэўскі — люты 1926 — 1 верасня 1928
- Раман Піляр — 26 лістапада — 17 снежня 1929
- Рыгор Рапапорт — 17 снежня 1929 — студзень 1930
- Леанід Закоўскі — 15 ліпеня 1934 — 10 снежня 1934
- Ізраіль Ляплеўскі — 10 снежня 1934 — 28 лістапада 1936
- Георгій Малчанаў — 28 лістапада 1936 — 3 лютага 1937
- Барыс Берман — 4 сакавіка 1937 — 22 мая 1938
- Аляксей Наседкін — 22 мая 1938 — 17 снежня 1938
- Лаўрэнцій Цанава — 17 снежня 1938 — 26 лютага 1941
- Аляксандр Мацвееў — 26 лютага 1941 — 16 студзеня 1942
- Сяргей Бельчанка — 30 кастрычніка 1943 — 26 сакавіка 1946
Падзел
правіць- УНКУС па Баранавіцкай вобласці створана 2 снежня 1939 г. загадам па НКУС № 001337 (з 2 лістапада да 4 снежня 1939 — УНКУС па Навагрудскай вобласці)
- УНКУС па Беластоцкай вобласці створана 2 снежня 1939 г. загадам па НКУС № 001337
- УНКУС па Брэсцкай вобласці створана 2 снежня 1939 г. загадам па НКУС № 001441
- УНКУС па Вілейскай вобласці створана 2 снежня 1939 г. загадам па НКУС № 001337
- УНКУС па Віцебскай вобласці створана 17 красавіка 1938 г. загадам па НКУС № 00232
- УНКУС па Гомельскай вобласці створана 17 красавіка 1938 г. загадам па НКУС № 00232
- УНКУС па Мінскай вобласці створана 17 красавіка 1938 г. загадам па НКУС № 00232
- УНКУС па Магілёўскай вобласці створана 17 красавіка 1938 г. загадам па НКУС № 00232
- УНКУС па Пінскай вобласці створана 2 снежня 1939 г. загадам па НКУС № 001337
- УНКУС па Палескай вобласці створана 17 красавіка 1938 г. загадам па НКУС № 00232
Зноскі
- ↑ Краткая историческая справка об истории создания уголовного розыска (руск.)(недаступная спасылка). Сайт Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Владимир КЛИМЕНКОВ. История образования уголовно-исполнительных инспекций органов внутренних дел (руск.). Сайт газеты «Савецкая веска» Дрибинского района (29 жніўня 2016).