Навагрудскае ўзвышша

Навагрудскае ўзвышша знаходзіцца ў Навагрудскім, па захадзе Карэліцкага, усходзе Дзятлаўскага, поўдні Слонімскага (адгор’і) раёнаў Гродзенскай вобласці, поўначы і паўночным захадзе Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі, з’яўляецца часткай Беларускай грады. Мяжуе са Слонімскім узвышшам, Стаўбцоўскай і Баранавіцкай нізінамі, Капыльскай градой і Нёманскай нізінай[1].

Навагрудскае ўзвышша
Краявід з Замкавай гары ў Навагрудку

Плошча 4,4[1] тыс. км², працягнулася з поўначы на поўдзень на 72 км, з захаду на ўсход па 45—50 км. Вышыня да 323 м — Замкавая гара (Пуцэвічы), за 3 км на захад ад Навагрудка.

Перадумовы ўзнікнення Навагрудскага ўзвышша абазначыліся ўжо ў рэльефе крышталічнага фундамента, дзе выяўлена серыя невялікіх выступаў. Навагрудскае ўзвышша прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты на цэнтральным і паўночна-ўсходнім участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўднёвым — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны.

Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—300 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найбольш развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. У фарміраванні ўзвышша ўдзельнічалі ледавікі чатырох зледзяненняў, у тым ліку апошняга для гэтай тэрыторыі — сожскага. Яно складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення на паверхні намнажаліся лёсападобныя суглінкі, якія лёгка размываюцца снегавымі водамі і ліўневымі дажджамі. Тут утварыліся шматлікія яры.

Замкавая гара (Пуцэвічы)

На Навагрудскім узвышшы вылучаюць 3 тыпы рэльефу[2]. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні знаходзяцца ў цэнтры ўзвышша, на поўдзень ад г. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Абсалютная вышыня тут 300—323 м, глыбіня расчлянення 30—60 м/км², даўжыня град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам старажытных лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф характэрны на большай частцы ўзвышша. Вышыня 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м, густата расчлянення да 2—3 км/². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/²) расчляненнем схілаў. Заходнія схілы ўзвышша нешырокай паласой аблямоўвае водна-ледавіковая раўніна. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі.

Карысныя выкапні: мел, керамічная гліна, пясчана-жвіровы матэрыял, жалезныя руды (Навасёлкаўскае радовішча).

Сярэднія тэмпературы студзеня −6,6 °C, ліпеня 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (горад Навагрудак). Рачная сетка належыць да басейна Нёмана. Найбольшая рака, якая цячэ па ўзвышшы — Моўчадзь. На схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач, Нёўда, Валоўка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28 % тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах ракі Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Разарана 41 % тэрыторыі.

Возера Свіцязь, Навагрудскі раён

На поўдзень ад Навагрудка апетае А. Міцкевічам славутае возера Свіцязь, якое ўваходзіць у Свіцязянскі ландшафтны заказнік.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 63—64.
  • Зусь М. Навагрудскае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Навагру́дскае ўзвы́шша // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 509. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.