Наваполацкі завод БВК
Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод БВК — былое буйное прамысловае прадпрыемства, якое дзейнічала ў Наваполацку ў апошняй чвэрці XX — напачатку XXІ стагоддзяў.
Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў | |
---|---|
Тып | завод |
Заснаванне | 1974 |
Размяшчэнне |
![]() |
Галіна | хімічная вытворчасць |
Заснаванне і раннія гады
правіцьНаваполацкі завод БВК быў заснаваны на месцы вёскі Залюхава, тэрыторыя якой была ўключана пазней у склад горада Наваполацка. Афіцыйнае стварэнне прадпрыемства пачалося ў снежні 1974 года, калі была сфарміравана дырэкцыя з шасці чалавек. Завод пачаў сваю вытворчую дзейнасць у 1978 годзе.
Асноўным напрамкам дзейнасці прадпрыемства была вытворчасць кармавых дрожджаў — бялкова-вітамінных канцэнтратаў (БВК) — шляхам мікрабіялагічнай перапрацоўкі ачышчаных вадкіх парафінаў, атрыманых з нафты. Сыравіну пастаўляў Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Завод таксама функцыянаваў як доследна-выпрабавальная пляцоўка для навукова-даследчых інстытутаў Галоўмікрабіяпрама СССР і пазней Мінмедбіяпрама СССР.
Прадукцыя прадпрыемства пастаўлялася ў розныя рэгіёны СССР і за яго межы, у тым ліку Чэхаславакію, ГДР і Кубу.
Перыяд актыўнай дзейнасці (1978-1995)
правіцьДа сярэдзіны 1990-х гадоў завод вырабляў кармавы бялок з парафінаў нафты (папрын) з аб'ёмам выпуску да 150 тысяч тон у год. Аднак з ростам цэн на нафту і вуглевадародную сыравіну, а таксама з-за значнага спажывання электраэнергіі вытворчасць папрыну стала эканамічна нявыгаднай. У 1995 годзе выпуск папрыну быў спынены на падставе распараджэння ўрада Рэспублікі Беларусь.
Адным з фактараў закрыцця біяхімічнай вытворчасці сталі экалагічныя пратэсты, якія пачаліся ў горадзе Кірышы ў Расіі ў 1987 годзе і распаўсюдзіліся на іншыя рэгіёны СССР. Завод у Наваполацку часова пераключыўся на выпуск сульфату алюмінію і тавараў народнага спажывання (трыкатажныя і швейныя вырабы, вырабы з натуральнага футра), аднак гэта не забяспечвала ўстойлівага эканамічнага становішча прадпрыемства.
Спробы перапрафілявання (2000-я гады)
правіцьУ 2000 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і канцэрн «Белбіяфарм» прынялі рашэнне аб перапрафіляванні завода на вытворчасць новага віду кармавога бялку з адходаў збожжавай сыравіны. У пачатку 2000 года была выпушчана першая пробная партыя новай прадукцыі — правіту. Завод завяршыў рэканструкцыю і ў чэрвені 2004 года выйшаў на праектную магутнасць па вытворчасці правіту.
Назва «правіт» была выбрана не выпадкова: у перакладзе з латыні яна азначае «для жыцця». Прадукцыя завода атрымала прызнанне, і ў 2009 годзе правіт увайшоў у прэстыжны спіс тавараў-лаўрэатаў конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь».
Перадача прыватнай кампаніі і няўдачы інвестпраектаў (2012-2015)
правіцьУ 2012 годзе завод БВК быў перададзены ва ўласнасць прыватнай кампаніі ТАА «Інтэрсервіс» на падставе ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кампанія абавязалася арганізаваць вытворчасць па перапрацоўцы і захоўванні нафтапрадуктаў магутнасцю 1,5 мільёна тон за год, пагасіць даўгі прадпрыемства і інвеставаць у яго 270 мільёнаў долараў да 2021 года.
Аднак ужо ў снежні 2012 года было прынятае рашэнне аб адмове ад рэалізацыі інвестпраекта, звязанага з нафтаперапрацоўкай. Эканамічная сітуацыя і спыненне так званага «растваральнага бізнесу» (махінацый беларускага боку з расійскай нафтай) зрабілі праект нерэнтабельным.
У 2013 годзе на базе маёмаснага комплексу завода планавалася стварэнне трох новых вытворчасцей: завода цягавых і старцерных акумулятарных батарэй, завода гідрацыліндраў і завода спецыяльных машын. Аднак у 2015 годзе было прынятае рашэнне аб адмове ад рэалізацыі гэтых інвестпраектаў.
У 2015 годзе завод спыніў сваю дзейнасць як самастойнае прадпрыемства.
Спасылкі
правіць- Наваполацкі завод БВК у базе Kartoteka.by