Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ) — беларуская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта і з кампусамі ў Наваполацку і Полацку.
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ) | |
---|---|
Міжнародная назва | Saint Euphrosyne Polotsk State University |
Дэвіз | лац.: Docendo discimus |
Заснаваны | 1968 |
Рэарганізаваны | 1993 |
Тып | класічны ўніверсітэт |
Рэктар | Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі |
Студэнты | 12 000 |
Бакалаўрыят | 33 спецыяльнасці |
Магістратура | 25 спецыяльнасцей |
Аспірантура | 22 спецыяльнасці |
Краіна | |
Размяшчэнне | Наваполацк |
Кампус | Полацк |
Юрыдычны адрас | вул. Блахіна 29, 211446 Наваполацк, Віцебская вобл., Беларусь |
Сайт | psu.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Названы ў гонар Святой Ефрасінні, полацкай князёўны і асветніцы, першай святой на беларускіх землях.
Гісторыя
правіцьВытокі
правіцьВышэйшая адукацыя ў Полацку мае даўнія традыцыі. У 1581 годзе каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем у Полацку быў заснаваны езуіцкі калегіум.
12 студзеня 1812 года ўказам расійскага імператара Аляксандра I калегіум быў ператвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўніверсітэта[1].
Акадэмія дзейнічала на працягу 1812—1820 гадоў і з’яўлялася першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь[2].
Політэхнічны інстытут
правіць14 ліпеня 1968 года быў створаны Наваполацкі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута. 10 лютага 1969 года было вырашана перадаць Наваполацкі філіял БПІ Беларускаму тэхналагічнаму інстытуту. У 1972/1973 навучальным годзе на дзённым аддзяленні НФБТІ вучыўся 801, а на вячэрнім — 483 студэнты. У 1973 годзе ў ВНУ адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў.
1 студзеня 1974 года НФБТІ быў ператвораны ў самастойны Наваполацкі політэхнічны інстытут (НПІ), які стаў другім політэхнічным інстытутам у Беларускай ССР. Рэктарам НПІ быў прызначаны былы дырэктар Наваполацкага філіяла — Эрнст Міхайлавіч Бабенка. Пры магутнай падтрымцы рэспубліканскай і мясцовай улады, галоўным чынам за кошт галіновых міністэрстваў СССР, закладвалася грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база НПІ. Актыўна будаваліся вучэбна-лабараторныя карпусы, кватэры для выкладчыкаў, інтэрнаты для студэнтаў. У маладую ВНУ былі запрошаны цэлыя навуковыя школы з многіх навуковых і прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза: Чалябінска, Валгаграда, Саратава, Калінінграда, Растова. Таленавітыя выкладчыкі — прафесары С. І. Лугоўскі, А. М. Левін і А. І. Сямёнаў, дацэнты Ю. П. Ашчэпкаў, Б. П. Чэмісаў і іншыя — забяспечылі не толькі паспяховую навуковую дзейнасць, але таксама заклалі базу навуковых кірункаў кафедраў. Былі заключаны буйныя гаспадарчыя пагадненні з прадпрыемствамі па распрацоўцы новых тэхналогій павышэння трываласці дэталяў хімічнага абсталявання, разнастайных машын і апаратаў, стварэнню сістэм вентыляцыі і водаачысткі, выкарыстанню новых будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. У 1976 годзе была створана кафедра геадэзіі, і адбыўся першы набор на спецыяльнасць «Прыкладная геадэзія». У выніку паспяховага развіцця гэтага напрамку ў 1979 годзе ў НПІ быў адкрыты першы і доўгі час адзіны ў Беларусі геадэзічны факультэт. У 1982 г. у склад НПІ уваходзіла 6 факультэтаў (санітарна-тэхнічны, будаўнічы, тэхналагічны, машынабудаўнічы, геадэзічны і вячэрні), 23 кафедры і навукова-даследчы сектар. З 1985 года ў інстытуце сталі навучацца замежныя студэнты.
Ужо ў першыя гады існавання ВНУ у ёй зараджаецца будатрадаўскі рух. Неўзабаве наваполацкія будатрады зарэкамендавалі сябя з самага лепшага боку як у рэспубліцы, так і за яе межамі. У 1980 годзе Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР Наваполацкаму політэхнічнаму інстытуту было прысвоена імя Ленінскага камуністычнага Саюза моладзі Беларусі. Складаныя працэсы, якія адбываліся ў СССР, а пасля яго распаду — у Беларусі — у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. выклікалі значныя змены ў НПІ. У 1989 г. быў створаны радыётэхнічны факультэт, а ў 1992 г. — фінансава-эканамічны і на базе машынабудаўнічага — асобны факультэт па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, з часам пераўтвораны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры НПІ.
Пераўтварэнне ў класічны ўніверсітэт
правіцьЗ’яўленне першых гуманітарных спецыяльнасцяў, а галоўнае — патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах для эканомікі рэгіёна і краіны ў цэлым паставілі пытанне аб неабходнасці істотнай перабудовы работы ВНУ. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 618 ад 14 верасня 1993 года Наваполацкі політэхнічны інстытут быў пераўтвораны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У сувязі з гэтым адбыліся значныя змены ў структуры навучальнай установы. На шляху ператварэння ПДУ у еўрапейскі ўніверсітэт класічнага тыпу былі створаны гісторыка-філалігічны (1993) і юрыдычны факультэты (1997), адкрыты новыя спецыяльнасці ў аспірантуры і створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый.
У пачатку 1990-х гг. кіраўніцтва НПІ, улады горада Полацка, дзеячы навукі і культуры Беларусі і Полаччыны сталі ўздымаць пытанне аб перадачы інстытуту комплекса будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума, дзе ў той час размяшчаўся ваенны шпіталь. Атрыманне ВНУ статуса ўніверсітэта спрыяла пачатку станоўчага вырашэння гэтага пытання. 18 кастрычніка 1993 г. у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па далейшаму развіццю Полацка і захаванню яго культурна-гістарычнай спадчыны» Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту было дадзена даручэнне сумесна з Беларускай ваеннай акругай разгледзець пытанне аб вызваленні будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума для перадачы яго гісторыка-філалагічнаму факультэту ПДУ. Тым не менш рэалізацыя пастановы сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі і была адкладзена на няпэўны тэрмін[3].
ПДУ на сучасным этапе
правіцьШтуршок далейшаму развіццю ПДУ дало наведванне ВНУ ў 2001 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Згодна з пратаколам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ад 1 верасня 2001 года Міністэрства абароны перадала ўніверсітэту комплекс будынкаў езуіцкага калегіума. У лютым 2003 года адбылася ўрачыстая перадача гістарычных будынкаў. Такім чынам, выкладчыкі і студэнты ПДУ сталі гаспадарамі аднаго з старэйшых універсітэцкіх гарадкоў на постсавецкай прасторы і найстарэйшага — у Беларусі. На сённяшні дзень на полацкай пляцоўцы ВНУ размяшчаюцца гуманітарны факультэт (з 2005 г.) і факультэт інфармацыйных тэхналогій (з 2008 г.)[4].
З 2016 года юрыдычны факультэт і кафедра фізвыхавання і спорту гуманітарнага факультэта валодае ўласным кампусам у пасёлку Міжрэчча. На гэтай жа базе дзейнічае Рэгіянальны вучэбна-навукова-практычны Юрыдычны цэнтр[5]. У кастрычніку 2017 года ўніверсітэт сумесна з Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам і ТАА «Нафтан» з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйна-прамысловага Наваполацкага нафтахімічнага кластара, стварэнне якога скіравана на ўмацаванне сувязі паміж адукацыяй, навукай і вытворчасцю і спрыянне далейшаму развіццю нафтахімічнай галіны, а таксама іншай навукаёмістай і высокатэхналагічнай вытворчасці[6].
У ходзе рэарганізацыі вучэбных падраздзяленняў універсітэта ў 2017 годзе былі аб’яднаныя спартыўна-педагагічны і гісторыка-філалагічны факультэты, а таксама інжынерна-тэхналагічны факультэт і факультэт машынабудавання і аўтамабільнага транспарту. У выніку былі ўтвараны гуманітарны і механіка-тэхналагічны факультэты адпаведна. Па стане на май 2018 года ПДУ аб’ядноўвае 9 факультэтаў, у тым ліку па рабоце з замежнымі студэнтамі і давузаўскай падрыхтоўцы, і 27 кафедраў. Універсітэт прапаноўвае 83 праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры тэхнічнага, фінансава-эканамічнага, гуманітарнага і педагагічнага профіля, а таксама 18 праграм дактарантуры. У 2017—2018 вучэбным годзе ў ВНУ налічвалася каля 10 000 студэнтаў дзённай, завочнай і дыстанцыйнай формаў навучання, сярод якіх замежныя грамадзяне з 24 дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. У ПДУ працуе каля 440 выкладчыкаў, 39 % з якіх маюць навуковыя ступені[7]. Пры ўніверсітэце працуюць Цэнтр вывучэння замежных моў «Uiniversum»[8], Цэнтр дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця «УНІВЕРык»[9], аўташкола Архівавана 17 жніўня 2018..
У ВНУ выдаецца «Вестник Полоцкого государственного университета»[10], які уваходзіць у «Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў»[11], а таксама зборнік «Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета». Універсітэт з’яўляецца базай для правядзення цэлага шэрагу традыцыйных міжнародных навуковых форумаў, напрыклад, канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысціплінарных даследаваннняў»[12].
Іншагароднія і замежныя студэнты, а таксама ўсе аспіранты і магістранты забяспечваюцца месцамі ў адным з шасці інтэрнатаў[13]. Ва ўніверсітэце працуюць Народны студэнцкі тэатр «Арт»[14], клуб інтэлектуальных гульняў «Рубон»[15], студыя спеваў «Настроение»[16], студэнцкая відэастудыя «Канспект», студыя сучаснага танца «TORYDANCE»[17], студыя выяўленчага мастацтва «Образ»[18]. Выходзіць студэнцкі бюлетэнь «Настежь» і альманах «Литературный ОбъектИФФ»[19]. Турыстычныя паслугі ажыццяўляе Турыстычны цэнтр ПДУ[20]. Штогод у маі ладзіцца Урачыстая цырымонія ўручэння спецыяльнага прыза «Крыніца ведаў», прымеркаваная да Дня ўніверсітэта[21].
13 ліпеня 2022 года ўніверсітэту было прысвоена імя Ефрасінні Полацкай.
Рэпрэсіі
правіцьУ межах распачатага пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года тэрору супраць любой нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі 23 мая 2023 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылася маштабная аблава, у выніку якой затрымалі вядучую выкладчыцу кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Алену Храмцову, дацэнта кафедры гісторыі і турызму Віктара Чараўко, былую загадчыцу кафедры архітэктуры Галіну Захаркіну, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына, супрацоўніцу рэпазіторыя Лідзію Зуеву. Амаль усе атрымалі 10-15 сутак арышту, Захаркіна — штраф[22][23]. Таксама з універсітэта былі звольнены прафесар кафедры гісторыі і турызму Уладзімір Лобач, дацэнты кафедры сацыяльнай камунікацыі Ігар Бортнік і Віктар Якубаў і іншыя выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.
Сімвалы ўніверсітэта
правіцьУніверсітэт мае афіцыйныя сімвалы: сцяг, эмблему і гімн. Аўтарам слоў гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца Генадзь Бураўкін.
Факультэты
правіцьРэктары
правіць- Эрнст Міхайлавіч Бабенка (1974—1976)
- Пётр Іванавіч Швед (1976—1986)
- Эрнст Міхайлавіч Бабенка (1987—2003)
- Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі (2003—2021)
- Алег Аляксандравіч Раманаў (2021—2022)
- Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі (з 1 жніўня 2022)[24]
Крыніцы
правіць- ↑ Шалькевіч В. Полацкая езуіцкая акадэмія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : У 6 т. — Т. 5. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 531. — ISBN 985-11-0141-9 (белор.)
- ↑ Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі: гісторыя і сучаснасць(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2018. Праверана 16 жніўня 2018.
- ↑ Полоцкий государственный университет (с 1993) Архівавана 16 жніўня 2018.
- ↑ Полацкі дзяржаўны універсітэт: вытокі, гісторыя станаўлення і дзейнасць (да 40-годдзя заснавання). — Наваполацк: ПДУ, 2008. — С. 37—38.
- ↑ Региональный учебно-научно-практический Юридический центр Архівавана 16 жніўня 2018.
- ↑ ПГУ вступил в состав инновационно-промышленного нефтехимического кластера Архівавана 16 жніўня 2018.
- ↑ Общеуниверситетское собрание — 2017 Архівавана 16 жніўня 2018.
- ↑ [1] Архівавана 17 жніўня 2018.
- ↑ [2] Архівавана 17 жніўня 2018.
- ↑ Журнал «Вестник ПГУ» Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ Перечень научных изданий Республики Беларусь для опубликования результатов диссертационных исследований Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў» Архівавана 16 жніўня 2018.
- ↑ Общежития УО «ПГУ»
- ↑ [3] Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ [4] Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ [5] Архівавана 14 жніўня 2018., фальклорны гурт «Варган»[6] Архівавана 23 верасня 2018.
- ↑ [7] Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ [8] Архівавана 26 лістапада 2020.
- ↑ [9](недаступная спасылка)
- ↑ [10]
- ↑ ПГУ — 50! Церемония вручения специальной премии «Крыніца ведаў-2018» Архівавана 14 жніўня 2018.
- ↑ 77-гадовую Галіну Захаркіну аштрафавалі на 2 960 рублёў // Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
- ↑ Наваполацкую выкладчыцу Алену Храмцову арыштавалі на 10 сутак // Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
- ↑ Лукашэнка рэктару Полацкага дзяржуніверсітэта: будзьце сапраўдным беларусам і гэтак жа выхоўвайце моладзь
Спасылкі
правіць- Афіцыйны сайт ПДУ.
- Галава, якая размаўляла(недаступная спасылка) // Газета «Звязда»