Свержанская фаянсавая мануфактура

Свержанская фаянсавая мануфактура («фарфурня») — колішняя вытворчасць фаянсавых вырабаў у Свержані (цяпер Новы Свержань), другое прадпрыемства гэтай галіны ў Рэчы Паспалітай. Заснавана ў 1742 годзе князем Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам. Працавала па тэхналогіях вынайдзеных галандскімі майстрамі, вырабляла сталовы і дэкаратыўны посуд, фігуратыўную і дэкаратыўную пластыку, санітарна-гігіенічную кераміку і кафлю. Функцыянавала каля 20 гадоў, закрылася пасля смерці заснавальніка ў 1762 годзе.[1][2]

Заснаванне вызначана ўзрослай у Рэчы Паспалітай папулярнасцю і попытам на фаянсавае начынне пад уплывам еўрапейскай моды пачатку XVIII ст., калі ў арыстакратычных колах фаянс увайшоў ва ўжытак замест срэбранага посуду[2]. Першай у Рэчы Паспалітай фаянсавай мануфактурай была фарфурня ў Бяле-Падляскай («Farfurnia Holenderska fajansowa w miescie Bialej») княгіні Ганны з Сангушкаў Радзівіл, маці Міхала Казіміра[3].

Мірскія падданыя кн. Міхала Казіміра — майстры Ян Крупус і Мацей Кручкоўскі вучыліся ў Бяле, скончылі навучанне ў жніўні 1741 года і перад ад’ездам прысягнулі, што «быўшы на навуцы ў фарфурні галандскай фаянсавай у горадзе Белай і вярнуўшыся да свайго пана, не павінны нікому ў рабоце сакрэтаў выдаваць, як у паленні фарфураў, глазураў, у маляванні і іншых рэчах». Па вяртанні, з дапамогай мясцовага ганчара Яна Граймовіча, узяліся за арганізацыю фаянсавай мануфактуры ў Свержані. У красавіку 1742 г. зроблены абпал першай партыі вырабаў. У лісце да князя, ад 5 жніўня 1743 г., кіраўнік прадпрыемства Ксаверы Гескі пісаў: «… фарфурня, дзякаваць Богу, штогод лепш спраўляецца…». У 1747 г. пад наглядам свержанскіх майстроў была заснавана мануфактура ў Жоўкве ва Львоўскай зямлі.[4]

Сакрэты гатавання фармовачнай масы, эмаляў, роспісу вырабаў ведалі толькі галоўны майстар і тыя два, што вучыліся ў Бяле. Найбольшым сакрэтам была рэцэптура палівы і фарбаў. «Бісквітныя» вырабы размалёўвалі вогнетрывалымі керамічнымі фарбамі па вільготнай або падсушанай фонавай эмалі. Амаль усе вядомыя цяпер вырабы свержанскай мануфактуры распісаны кобальтам. Тэхналагічны працэс завяршаўся высокатэмпературным абпалам (1000°C і вышэй).[5]

Малюнак на вырабах свержанскай мануфактуры мог быць «просты», «лепшы», «найлепшы з пазалотай». 3 кожным ускладненнем роспісу кошт узрастаў прыкладна на 1 злоты. Рэестры мануфактуры змяшчаюць больш пэўную інфармацыю наконт роспісаў, згадваецца, напрыклад, міска для ўмывання «галандская», «чарка для супу іспанская», роспісы тыпу «grotto» (гратэск) і «flotto» (кветкавы), ужываліся такія арнаментальныя матывы як гербы, кветкі, ягады («фрукты»), птушкі. Захаваўся посуд у роспісе якога ўжыты раслінныя кампазіцыі і выявы птушак, вельмі папулярныя ў аздабленні фаянсу ў XVIII ст. Найбольшую цікавасць выклікаюць другарадныя дэкаратыўныя элементы, якія служылі фонам для асноўнай кампазіцыі — касая сетка з кропкамі ў кожнай ячэйцы (адзінарнымі ці падвоенымі), падвоеная тонкая абводка, своеасаблівыя разеткі, медальёны або рэзервы са стылізаванай раслінай, якія звычайна размяшчаліся адзін супраць другога. Менавіта такія дэталі былі візітнай карткай прадпрыемстваў. На некаторыя вырабы ставілі клеймы -- s.m.[6]

Асартымент прадукцыі свержанскай фаянсавай мануфактуры І. У. Ганецкая падзяляе на 4 групы: сталовы і дэкаратыўны посуд, пластыка, санітарна-гігіенічная кераміка, кафля.[1]

У рэестрах мануфактуры пералічаны шматлікія віды сталовага і дэкаратыўнага посуду — талеркі трох стандартных памераў, міскі розных формаў, паўміскі круглыя, авальныя і шматвугольныя, сподачкі, «тэрыны» (міскі і паўміскі з накрыўкамі для падачы гарачых страў), супніцы, сухарніцы, маслёнкі, цукерніцы, кубачкі і філіжанкі са сподкамі, ванначкі для лімонаў і лёду, куфлі з накрыўкамі і без, збанкі для кавы, малака і піва, імбрычкі, тронкі для нажоў, відэльцаў і лыжак, гаршчочкі, падносы, вазы для кветак і дэкаратыўныя, якія ставілі на каміны, і шмат іншага. З усіх гэтых рэчаў па жаданні заказчыка камплектаваліся сталовыя сервізы, у якія магло ўваходзіць ад некалькіх да сотні рэчаў. Стандартны вялікі сервіз налічваў тры тузіны — 36 прадметаў.[1]

У другую групу вырабаў -- творы пластыкі — уваходзіла начынне для касцёльнага ўжытку (сасуды, распяцці, скульптурныя дэталі алтароў), фігуркі шляхцічаў, бюсты старажытных філосафаў і «айцоў касцёла», а таксама ліхтары, люлькі, садовая скульптура, вазы.[1]

Санітарна-гігіенічная кераміка — міскі для ўмывання і галення, паласкальніцы, аптэкарскія «пушкі», начныя гаршчкі і г.д.[5]

Кафля прыносіла добры прыбытак, яе выраблялі пячнымі наборамі. У дакументах згадваюцца печы белага і вішнёвага колеру, падчас археалагічных раскопак сустракана свержанская кафля з бірузовай эмаллю. У Нясвіжскім замку захавалася белая печ з роспісам па перыметры кожнай кафліны.[6]

На чале фарфурні стаяў адміністратар (у розныя часы яго называлі дыспазітарам ці суперінтэндантам). Кандыдаты на пасаду адміністратара выбіраліся і прызначаліся князем. Першым кіраўніком фарфурні быў Ксаверы Гескі, мастак з Нясвіжа (красавік 1742 — восень 1744), які выконваў функцыі адміністратара і галоўнага майстра. Далей у дакументах згадваюцца адміністратар Пясецкі (1744), ротмістр Бек (восень 1744 — красавік 1746), суперінтэндант Ян Пятроўскі (красавік 1746—1752). Пасля звальнення Я. Пятроўскага на яго месца часова быў прызначаны нейкі Бэвен, якому дапамагаў паручнік Варанецкі. Пачынаючы з 12 мая 1752 года кіраваў прадпрыемствам дыспазітар Ян Пархімовіч.[7]

Спачатку адміністратар непасрэдна не адказваў за працу прадпрыемства, быў, фактычна, пасярэднікам паміж работнікамі і гаспадаром. Ён не меў дачынення да ўліку гатовай прадукцыі і, напэўна, да касы мануфактуры. Першыя пяць гадоў асобы, што займалі гэтую пасаду, нават не жылі ў Свержані. Напрыклад, кіраванне фарфурняй было не адзіным клопатам ротмістра Бека, асноўным заняткам для яго заставалася вайсковая служба пры нясвіжскім двары. Далейшае развіццё і пашырэнне вытворчасці мануфактуры патрабавала глыбокага ведання работы прадпрыемства, сталага нагляду і больш кампетэнтнага кіраўніцтва, таму роля адміністратара ўзрасла.[7]

Разам з іншымі адказнымі асобамі (пісарам і галоўным майстрам) кіраўнік прадпрыемства павінен быў прысутнічаць пры загрузцы і разгрузцы печаў, весці ўлік прадукцыі на кожнай стадыі тэхналагічнага працэсу. Адміністратар адказваў за захаванасць гатовай прадукцыі, удзельнічаў у продажы вырабаў, у захаванні грошай, выдаваў патрэбныя сумы на аплату работнікам, на набыццё сыравіны і прылад працы, рамонт будынкаў і абсталявання. Ён меў паўнамоцтвы «караць за кожную правіну не толькі майстроў, але і хлопцаў», падпісваў дакументы мануфактуры (пераважна фінансавыя справаздачы), трымаў сваю пару ключоў ад склада і касы, дакладваў князю пра стан прадпрыемства, звяртаўся з рознымі просьбамі, атрымліваў ад князя распараджэнні. Адміністратар кіраваў яшчэ і шліферняй, уладжваў непаразуменні паміж работнікамі двух прадпрыемстваў. У пачатковы перыяд існавання мануфактуры (1742—1744) адміністратар быў галоўнай афіцыйнай асобай, яму падначальваліся пісар і галоўны майстар.[7]

Пісар быў не проста сакратаром. Разам з адміністратарам ён вёў улік прадукцыі на ўсіх стадыях вытворчасці, падлічваў выдаткі і выручку ад продажу, рабіў фінансавыя справаздачы. Разам з адміністратарам меў права падпісваць дакументы мануфактуры, трымаў свае ключы ад склада і касы. Пісар прызначаўся князем. Са зместу архіўных дакументаў вынікае, што на пачатку існавання мануфактуры пісар меў больш паўнамоцтваў за адміністратара. Ён павінен быў таксама «сачыць, каб майстры п’янствам не займаліся і каля працы панскай пільна хадзілі».[8]

I адміністратар, і пісар павінны былі штомесяц складаць рэестры ўсёй прадукцыі (кожны свой), у тым ліку бракаванай, прадаваць яе па ўстаноўленых коштах, захоўваць усе рахункі выдаткаў. Паводле «Пунктаў…» 1744 года, трымаць касу і весці ўлік прадукцыі пры загрузцы і разгрузцы печаў павінны былі толькі пісар і галоўны майстар. У дакументах згадваюцца пісары: Баркоўскі (1742—1746), Стэфан Дамброўскі (1746—1752, звольнены разам з Янам Пятроўскім за ўчыненую бойку), Дзеружынскі (1752).[9]

Галоўны майстар, майстар-фарфурнік, пасада якога ў дакументах пісалася з вялікай літары, ведаў усю тэхналогію вытворчасці, нёс асабістую адказнасць за брак (мусіў кампенсаваць страты за свой кошт), сачыў за працай падначаленых, вёў разам з адміністратарам і пісарам улік прадукцыі, выручкі і выдаткаў, меў свае ключы ад склада і касы. У яго абавязкі таксама ўваходзіла прафесійная падрыхтоўка здольных мясцовых хлопцаў. Галоўным майстрам прызначаўся, звычайна, самы кваліфікаваны спецыяліст, прынамсі, на пачатку дзейнасці мануфактуры пасаду займалі мастакі. Дакументаў майстры не падпісвалі, таму іх прозвішчаў вядома менш: Ксаверы Гескі, прыдворны мастак з Нясвіжа (красавік 1742 — восень 1744); немец Кюнтцэльман, пераведзены з фарфурні ў Бяле-Падляскай (сакавік 1744—1752); Кюнтцэльмана, напэўна, змяніў Мацей Кручкоўскі з Міра, мастак, які ўдзельнічаў у стварэнні прадпрыемства, не выключана, што ён кіраваў вытворчасцю да закрыцця мануфактуры.[9]

Майстроў набіралі з мясцовых рамеснікаў. Згадваюцца наступныя спецыяльнасці: ганчар, ганчар-токар, мастак, кафельнік, цясляр. На мануфактуры працавалі два-тры мастакі. Усе яны былі прафесіяналамі, большасць раней працавала пры нясвіжскім двары. Мастакам дапамагалі яшчэ два-тры спецыяльна навучаныя хлопцы. Складаней вызначыць колькасць ганчароў і кафельнікаў, пісьмовыя крыніцы не згадваюць гэтага. Агульная колькасць майстроў, напэўна, складала 9-10 чалавек. Яны адказвалі за «недапільнаванне» ў працы, якое прывяло да браку, і абавязаны былі кампенсаваць нанесеную па іх віне шкоду. Для дадатковых работ прыцягваліся рамеснікі з боку. Сярод майстроў згадваюцца мастак Мацей Кручкоўскі (з 1741), ганчар Ян Граймовіч (з 1742), мастак Тамаш Астроўскі (1744), майстар Антон Гіжэўскі (ці Гільчэўскі), мастак Станіслаў Мікалаеўскі (магчыма, з вёскі Мікалаеўшчына), цясляр Стальмах.[9]

Арганізоўвалі новую вытворчасць і дастасоўвалі тэхналогію да мясцовай сыравіны мясцовыя майстры, за ўсю гісторыю прадпрыемства тут працаваў толькі адзін іншаземец — пераведзены ў 1744 годзе з мануфактуры ў Бяле немец Кюнтцэльман. Ён быў выдатным прафесіяналам, «malarz de Fayence» (мастак па фаянсе), як пра яго з павагай пісаў Ксаверы Гескі. Адным з найважнейшых абавязкаў замежнага спецыяліста была падрыхтоўка мастакоў з мясцовых хлопцаў, гэта ён зрабіў выдатна — пасля звальнення Кюнтцэльмана яго вучні працавалі паспяхова.[1]

Простымі работнікамі былі мяшчане Свержаня і жыхары навакольных вёсак. У расходных ведамасцях 1742—1744 гадоў яны фігуруюць як «хлопы» (г. зн. сяляне). Трапіўшы на мануфактуру, сяляне набывалі статус наёмных работнікаў, у пазнейшых дакументах іх называюць «людзі», «людзі фабрычныя» ці «хлопцы». Яны дапамагалі майстрам і выконвалі нізкакваліфікаваную працу. У пачатковы перыяд простых работнікаў было двое (1742—1744), у жніўні 1744 — пяць, у 1752 годзе згадваецца ад дзесяці да трынаццаці асоб. Павелічэнне колькасці памочнікаў майстроў абумоўлена, відавочна, развіццём вытворчасці, пашырэннем асартыменту вырабаў.[10]

Летам праца пачыналася а пятай гадзіне раніцы і заканчвалася а сёмай вечара, па гадзіне адводзілася на сняданак і абед. Такім чынам, летні рабочы дзень працягваўся 10 гадзін. Майстры і хлопцы павінны былі «добра працаваць, не піць, не чыніць сварак, ва ўсім падпарадкоўвацца дыспазітару». У архіўных запісах сустракаюцца імёны некаторых работнікаў: Ян Руцкі, Антон Рудзік, Мацей Сянкевіч, Рыгор Пальчэўскі, Даніла Гаўрыловіч, Ядка, Крыштоф, Тамаш.[1]

Усіх супрацоўнікаў мануфактуры называлі фарфурнікамі, фабрыкантамі. Агульная колькасць работнікаў складала каля 20-25 чалавек, што ацэньвае прадпрыемства як невялікае.[1]

Захавалася апісанне свержанскай мануфактуры датаванае 1765 годам. Згадваецца, што налева ад брамы стаяла «фарфурня вялікая» з пяццю памяшканнямі, дзе фармавалі, сушылі і распісвалі посуд і дробную пластыку. Далей знаходзіўся «скарбец» з закратаваным акном. Уздоўж яго сцен стаялі «шафы з лаўкамі для складання фарфураў», пасярэдзіне — вялікі прадаўгаваты стол са скругленымі вугламі, да сцяны быў прыкаваны малы столік з акаванай шуфлядай, дзе трымалі касу. За будынкам «скарбца» размяшчалася вялікае гумно ці адрына. Насупраць знаходзіўся вялікі будынак кафельні, крыты дранкай, з сенямі і двума памяшканнямі. У адным з іх стаяла некалькі варштатаў для вырабу кафлі. Каля кафельні — мураваная печ для абпалу кафлі, злучаная з кафельняй навесам, крытым драніцай. Каля ўязной брамы быў будынак з сенямі і двума памяшканнямі з круглага дрэва. У сенях падлога з дошак, печ для абпалу фарфураў, у «ізбе» — печ для «палення фарфураў» з двума «анкрамі» жалезнымі. Насупраць — памяшканне з цаглянай печчу дпя таплення волава і свінца. Каля акна стаяла «шафа простая» з 9 дошкамі для «ставення» работы. Тэрыторыя мануфактуры была абнесена дылёвым парканам. Будынкі размяшчаліся па перыметры паркана на адпегласці пяці праслаў адзін ад аднаго.[4]

Архіўныя дакументы адлюстроўваюць працэс станаўлення і развіцця вытворчасці на прадпрыемстве, асабліва за два перыяды: красавік 1742 — красавік 1744 года і 1752—1755 гады. Найбольш поўная інфармацыя даецца ў справаздачах княжацкіх кантралёраў, якія перыядычна правяралі як ідуць справы на мануфактуры. Калі ў першы год працы (1742) выхад якаснай прадукцыі ў сярэднім складаў толькі 60 %, то ўжо ў 1743 — 84 %. Далей вытворчасць працавала дастаткова стабільна. Мясцовым майстрам спатрэбілася менш года, каб не толькі асвоіць новыя прафесійныя навыкі, але і адрэгуляваць тэхналагічны працэс. Нягледзячы на тэхнічныя цяжкасці і недахоп грошай, пра што сведчаць бясконцыя скаргі адміністратара князю, прадпрыемства ўсё ж развівалася. На першым этапе сваёй дзейнасці фарфурня павінна была выдаваць гатовай прадукцыі па адной печы ў месяц. На такія аб’ёмы вытворчасці прадпрыемства выйшла прыкладна ў сярэдзіне 1743 г. Паводле інструкцыі 1752 г., фарфурнікі абавязаны былі выпускаць ужо па дзве партыі гатовай прадукцыі (без уліку кафлі) у месяц, а здаралася, што рабіла і па тры. У 1742 г. штомесяц у сярэднім рыхтавалі да канечнага абпалу 43 вырабы, у наступным годзе — ужо 76, у 1744 г. колькасць гатовых рэчаў вырасла да 178 штомесяц, а ў 1753—1755 гг. — да 228 адзінак «добрага посуду».[1]

Фарфурня не толькі забяспечвала патрэбы нясвіжскага двара, але і стала прапаноўвала значную частку сваіх вырабаў на продаж. Выконвала заказы на вытворчасць камплектаў посуду і набораў кафлі для печаў. Сярод пакупнікоў свержанскага фаянсу былі прадстаўнікі рознага сацыяльнага статусу — магнаты, шляхта, жыхары Нясвіжа і іншых мястэчкаў, работнікі мануфактуры. З магнатаў і шляхты згадваюцца, напрыклад, сваякі Радзівілаў, Тышкевічы, Агінскія, Валадковічы, Дзернатовічы, Любецкія, Аскеркі, Багушэвічы, біскуп луцкі. Пан Абрамовіч набыў сервіз з 90 рэчаў за 124 злотыя 28 грошаў, пан Грабоўскі заказаў камплект з 86 рэчаў з гербамі.

У 1742 г. аб’ём прададзенай прадукцыі быў нязначны: выручка склала 76 злотых 7 грошаў. У 1743 годзе сума выручкі вырасла да 692 злотых. За восем месяцаў 1744 г. было рэалізавана вырабаў на 626 злотых, агулам за гэты час прададзена тавару на 124 злотыя 13 грошаў больш за выдаткаванае на закупку сыравіны і аплату работнікам. У суму не ўключаны кошт вырабаў, якія былі пастаўлены ў замкі Міхала Радзівіла ў Нясвіжы і Міры. У пачатку працы прадпрыемства «фарфуры» пастаўляліся ў замкі гаспадара бясплатна. Пазней іх кошт пачалі ацэньваць і ўлічваць у фінансавых справаздачах.[11]

Атрыманыя ад рэалізацыі вырабаў грошы ішлі перш за ўсё на патрэбы вытворчасці. Большая частка выручкі выдаткоўвалася свержанскай мануфактурай на заробкі. Усе работнікі, у тым ліку часовыя, атрымлівалі за сваю працу плату грашыма, што ёсць важнай характарыстыкай эканамічнай сутнасці прадпрыемства.[11]

Зноскі

Літаратура правіць

  • Ганецкая І. У. Свержанская фаянсавая мануфактура XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2004. — № 12 (65).
  • Здановіч Н. І., Трусаў А. А. Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст.. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
  • Гісторыя беларускага мастацтва (у 6 т.). — Мн.: Навука і тэхніка, 1987.
  • Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у 2 т.). — Мн.: Беларусь, 2007.
  • Грунтоў С. У. Свержанская «фарфурня» і посуд для піцця гарбаты ў сярэдзіне XVIII ст.: да ранняй гісторыі кітайскіх культурных уплываў на Беларусі // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 19 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2015. — В. 19.
  • Сахута Я. М. Свержанская фаянсавая мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 251. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).