Надзвычайнае становішча
Надзвычайнае становішча — асаблівы прававы рэжым дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання , прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, які ўводзіцца ў краіне ці асобных яе раёнах для абароны ад знешняй ці ўнутранай пагрозы, падтрымання грамадскага парадку. Магчымасць увядзення звычайна прадугледжваецца канстытуцыяй[1].
Рэжым надзвычайнага становішча прадугледжвае абмежаванне правоў і свабод грамадзян, юрыдычных асоб, а таксама ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў. Уводзіцца ў выпадку стыхійнага бедства, тэхналагічнага здарэння, узброенага сутыкнення і грамадскага беспарадку[2].
Беларусь
правіць24 чэрвеня 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь № 117-З «Аб надзвычайным становішчы». Паводле 1-га артыкула Закона, надзвычайнае становішча азначае часовы прававы парадак дзейнасці ўстаноў і службовых асоб, што дапускае прыпыненне правоў і свабод асоб і ўстаноў і ўскладанне дадатковых абавязкаў на іх. Паводле 3-га артыкула, падставай для яго ўвядзення служыць:
- бедства, што выклікала чалавечыя ахвяры, шкоду прыроднаму асяроддзю і значныя матэрыяльныя страты, парушыла ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва і патрабуе правядзення шырокай і безадкладнай выратавальнай працы.
- гвалт з боку згуртавання асоб і ўстаноў, у выніку якога ўзнікла пагроза жыццю людзей і існаванню дзяржавы[3].
У выпадку бедства падставай бывае тэхнагеннае здарэнне і прыроднае (стыхійнае) бедства, у тым ліку экалагічнае: эпідэмія і эпізаотыя. Надзвычайнае становішча ўводзіцца ўказам прэзідэнта Беларусі з унясеннем яго ў 3-дзённы тэрмін на зацвярджэнне Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Указ страчвае сілу, калі Савет Рэспублікі зацвярджае яго меншасцю галасоў ад свайго поўнага складу. Паводле 9-га артыкула, «Тэрмін дзеяння надзвычайнага становішча, якое ўводзіцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не можа перавышаць 30 содняў, а ўводзімага ў яе асобных мясцовасцях, — 60 содняў». Для падаўжэння яго тэрміна дзеяння патрабуецца новы ўказ прэзідэнта[3].
Захады
правіцьПаводле 11-га артыкула Закона 2002 г. «Аб надзвычайным становішчы», указ прэзідэнта Беларусі можа прадугледжваць у якасці захадаў:
- прыпыненне дзейнасці дзяржаўных устаноў;
- абмежаванне на выезд і ўезд і на свабоду перасоўвання;
- усталяванне дзяржаўнай аховы грамадскіх перавозак і інфраструктуры жыццядзейнасці насельніцтва;
- абмежаванне перамяшчэння грошай і тавараў і ажыццяўлення паслуг;
- устанаўленне парадку продажу, набыцця і размеркавання харчавання і побытавых вырабаў першай неабходнасці;
- забарону сходаў, вулічных шэсцяў і пікетавання з боку згуртаванняў асоб і ўстаноў;
- прыпыненне стачак на тэрмін да 3 месяцаў;
- абмежаванне руху і надгляд сродкаў перавозкі;
- прыпыненне вытворчасці, у якой выкарыстоўваецца выбуховае, радыяактыўнае, біялагічна і хімічна небяспечнае рэчыва;
- перамяшчэнне (эвакуацыю) каштоўнасцей у бяспечную мясцовасць[3].
Пры бедстве таксама могуць прадугледжвацца:
- часовае адсяленне жыхароў у жылыя памяшканні ў бяспечнай мясцовасці;
- каранцін;
- перанакіраванне ўстаноў на вытворчасць патрэбных пры бедстве тавараў і змяненне раскладу іх працы, прыцягненне дзяржаўных матэрыяльных запасаў;
- прызначэнне часовых выканаўцаў абавязкаў кіраўнікоў устаноў замест адхіленых за неналежную працу;
- прыцягненне працаздольнага насельніцтва і сродкаў перавозкі грамадзян да безадкладнай выратавальнай працы[3].
Пры гвалце могуць прадугледзіць:
- забарону ва ўсталяваны час знаходзіцца ў грамадскім месцы (на вуліцы) без пропуску і пасведчання асобы (каменданцкая гадзіна);
- папярэднюю цэнзуру СМІ і арышт друкаваных вырабаў, гукаўзмацняльных, множыльных і радыёперадавальных прыладаў, абмежаванне акрэдытацыі журналістаў;
- прыпыненне дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў;
- праверку пасведчанняў асобы, асабісты надгляд, надгляд рэчаў, жылля і сродкаў перавозкі;
- забарону продажу і часовы адбор зброі, боепрыпасаў, атрутных, выбуховых і радыяактыўных рэчываў, вайсковай тэхнікі, забарону продажу спіртовых вырабаў і абмежаванне продажу лекаў, што змяшчаюць дурманлівыя і псіхатропныя рэчывы;
- выдварэнне іншагародніх парушальнікаў абмежаванняў[3].
Паводле 14-га артыкула, на час надзвычайнага становішча адкладаюцца выбары і рэферэндум. 14-м артыкулам таксама дапускаецца скасаванне з боку прэзідэнта Беларусі заканадаўства ўстаноў дзяржаўнага кіравання. Для забяспячэння парадку надзвычайнага становішча выкарыстоўваюць сілы і сродкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўнутраныя войскі, Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Таксама могуць прыцягнуць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь і памежныя войскі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Паводле 24-га артыкула, прыцягнутым да выратавальнай працы грамадзянам выплочваецца заробак. Урад Беларусі пакрывае пацярпелым грамадзянам маёмасную шкоду і дае жыллё[3].
Гісторыя
правіцьУ СССР надзвычайнае становішча абвяшчалі падчас міжэтнічных хваляванняў у Азербайджанскай (Карабахская вайна), Армянскай і Узбекскай ССР[1].
Зноскі
- ↑ а б Надзвычайнае становішча // Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 329. — 636 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-087-4.
- ↑ Генадзь Маслыка. Надзвычайнае становішча // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 119. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5. Архівавана 10 снежня 2015.
- ↑ а б в г д е А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб надзвычайным становішчы» // Звязда : газета. — 6 ліпеня 2002. — № 157-158 (24536-24537). — С. 6. — ISSN 1990-763x.