Наезд (звычай)
Нае́зд (польск.: zajazd) — першапачаткова, у старым польскім заканадаўстве, спосаб выканання вырашэння суда сіламі істца. Пазней — узброены напад з мэтай адабрання ўласнасці.
Гісторыя
правіцьПольшча
правіцьНаезд, як шлях выканання вырашэння суда сіламі істца, у старым польскім заканадаўстве быў звычайным спосабам выканаўчага справаводста. Традыцыя была абумоўленая слабасцю ўлады і дэ-факта была дзейсным шляхам абароны шляхтай сваіх праў.[1]
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэчы Паспалітай, наезд быў чацвёртым, самым крайнім спосабам выканання рашэння суда. Ён праводзіўся пры неэфектыўнасці першых трох этапаў выканаўчага справаводства, паводле ўказання старасты павета, як правіла, сіламі істца.[2]
На канец XVII стагоддзя наезды сталі праводзіцца і без удзелу ўлад павета, фактычна ператварыўшыся ў незаконныя набегі з мэтай адабрання чужой уласнасці.[3]
Вялікае Княства Літоўскае
правіцьУ ВКЛ наезд быў нападам на маёнтак, спалучаным з гвалтоўнымі дзеяннямі, пашкоджаннем ці рабаваннем маёмасці, захопам зямель і сялян. З дапамогай наезду феадалы імкнуліся павялічыць свае ўладанні і маёмасці або вырашыць спрэчкі самасудам. Звычайна наезд чыніўся самім феадалам з удзелам слуг або ён падбухторваў на гэта іншых залежных ад яго людзей[4].
Пакаранне за наезд не было дакладна акрэслена ў Судзебніку 1468 года, таму ў кожным выпадку яго вызначаў сам вялікі князь з панамі-радай. У Статуце ВКЛ 1588 года наезду прысвечана 15 артыкулаў, якія вызначалі некалькі відаў наезду, у тым ліку просты, гвалтоўны, крывавы, зроблены ў ваенны час. Пры вызначэнні пакарання ўлічваўся маёмасны стан і саслоўная прыналежнасці злачынцаў і пацярпелых. Справы разглядаў гаспадарскі суд, Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, гродскі суд таго павета, дзе адбывалася злачынства.
Злачынцы, схопленыя на месцы ці на працягу сутак пасля наезду, падлягалі неадкладнай дастаўцы ў суд без папярэдняга ўручэння позваў. Злачынец, які без уважлівай прычыны не прыходзіў у суд па позве ці адмовіўся з’явіцца, мог быць выгнаны за межы дзяржавы (за зробленае ім злачынства належала кара смерцю). За наезд, абцяжараны забойствам, смяротнай кары палягалі і саўдзельнікі, з іх спаганялася таксама двайная галоўшчына і кампенсацыя навязкай. За нанясенне ран непасрэднага выканаўцу каралі смерцю, а саўдзельнікаў — турэмным зняволеннем. Шляхціц, чальцы сям’і якой зрабілі наезд, павінен быў асабіста даставіць іх у суд, інакш да адказнасці прыцягвалі яго самога.
Пацярпелыя мелі права на неабходную абарону і не неслі адказнасці, калі забівалі каго-небудзь з тых, хто нападаў. Пра нанясенне пабояў і ран сведчыў возны. Пасля гэтага рабілася афіцыйная заява ў суд з абавязковым занясеннем яе ў адпаведныя кнігі. Па справах аб наездзе Статут вызначаў 3-гадовы тэрмін даўнасці. Калі на працягу яго пацярпелы не звяртаўся ў суд, то траціў права на судовы разгляд[4].
У літаратуры
правіцьНайбольш вядомым літаратурным апісаннем наезду ёсць твор Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (польск.: Pan Tadeusz), створаны ў Парыжы ў 1832—1834 гадах. Поўная назва гэтай эпічнай паэмы — «Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве. Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам» (польск.: Pan Tadeusz czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem pisana).
Зноскі
- ↑ Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego, wyd. LexisNexis, Warszawa 2003, s. 13.
- ↑ Мальченко О. Шляхетські наїзди у світлі маєткових актів кінця XVI — першої половини XVII ст. (військовий аспект). «Київська старовина», 1997, № 3—4.
- ↑ Zygmunt Gloger Zajazdy // Encyklopedia staropolska, tom IV., Warszawa, Druk P. Laskauera i W. Babickiego, 1900.
- ↑ а б Доўнар 2005.
Літаратура
правіць- А. В. Блануца. НАЇЗД // Енциклопедія історії України : у 10 т. : [укр.] / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наукова думка, 2003. — Т. 1 : А — В. — 688 с. : іл. — ISBN 966-00-0734-5.
- Gąsiorowski A. Dobrzy i podlejsi: Pryczynek do dziejуw kary pуznosredniowiecznej w Polsce. «Czasopismo prawnohistoryczne», 1985, t. 37, zesz. 2.
- Гулевич В. «Наїзди» у русько-литовському праві XV — кінця XVI ст. (Розвиток та еволюція права на прикладі наїздів). В кн.: Просемінарій: Медієвістика: Історія Церкви, науки і культури, вип. 5. К., 2003.
- Доўнар Т. Наезд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 341. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.