Нама (саманазва Namagua) — кайсанскі народ на поўдні Афрыкі. Жывуць пераважна ў Намібіі і ПАР. Агульная колькасць (2014 г.) — 324 000 чал.[1].

Нама
(Namagua)
Агульная колькасць 324000 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання  Намібія — 261 тыс.
 Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 63 тыс.
Мова нама
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы гатэнтоты, бушмены, грыква, дамара, орлам

Гісторыя правіць

Нама па паходжанню блізкія да гатэнтотаў, фактычна з’яўляюцца адной з груп гэтай супольнасці. У XVII ст. насялялі тэрыторыі ў раёне Кейптаўна. У выніку шчыльных узаемасувязяў з галандскімі каланістамі ўжо ў XVII — XVIII стст. перанялі многія рысы еўрапейскай культуры. Аднак імкненне каланістаў забраць землі мясцовых жыхароў, а таксама эпідэмія воспы вымусіла нама мігрыраваць у пустынныя раёны вакол Аранжавай ракі. Гэтыя тэрыторыі атрымалі назву Намакваленда. Яны прасціраліся на поўнач да сучаснага Віндхука. Перасяленне суправаджалася ўзброенымі канфліктамі з герэра. Дзякуючы наяўнасці агнястрэльнай зброі нама звычайна атрымоўвалі перамогі.

У 1884 г. Намібія была пераўтворана ў пратэктарат Германіі. Нямецкія каланісты стваралі на качавых тэрыторыях нама і герэра свае фермы, вынішчалі свойскую жывёлу афрыканцаў. У 1904 г. успыхнула паўстанне герэра. Нама першапачаткова падтрымалі нямецкую адміністрацыю, але пасля задушэння паўстання герэра германскія ўлады звярнуліся да правадыроў нама з загадам раззброіцца і пакінуць землі, якія належалі каланістам. Ваенны канфлікт паміж немцамі і нама цягнуўся да 1906 г. і скончыўся паражэннем афрыканцаў. У баях і ад рук карнікаў загінула каля 10 тысяч чалавек.

Выжылыя 9 тысяч нама былі перамешчаны ў спецыяльныя канцлагеры. Асабліва жорсткія ўмовы склаліся ў лагерах на ўзбярэжжы Атлантыкі, дзе большасць зняволеных гінула ад хвароб і голаду. Целы мёртвых выкарыстоўваліся немцамі для папаўнення антрапалагічных калекцый і даследаванняў. У 1908 г. з-за ціску з боку іншых еўрапейскіх дзяржаў Германія была вымушана зачыніць канцлагеры і перасяліць выжылых на землі каланістаў, дзе яны апынуліся фактычна ў стане рабоў. У 2004 г. урад ФРГ прынёс нама і герэра свае прабачэнні ў генацыдзе.

У наш час большасць нама насяляюць поўдзень Намібіі і памежныя землі ПАР, займаюцца жывёлагадоўляй. Згодна з дакладам ААН 2005 г., нама і сан з’яўляюцца найбольш беднымі народамі Паўднёвай Афрыкі. Адной з галоўных праблем нама з’яўляецца высокая колькасць выпадкаў хранічных і смяротных захворванняў.

Асаблівасці культуры правіць

 
Хаціны нама

Асноўным заняткам нама здаўна была качавая жывёлагадоўля. Трымалі кароў. У наш час таксама трымаюць авечак і коз. Паляванне і збіральніцтва мелі дадатковы характар. З канца XIX ст. нама наймаліся на часовую працу на фермы нямецкіх каланістаў і бураў.

Лад жыцця нама значна змяніўся з XVII ст. пад уздзеяннем еўрапейскіх перасяленцаў. У пачатку XX ст. многія нама мелі еўрапейскія імёны, спавядалі хрысціянства і апраналі еўрапейскае адзенне, але пры гэтым захоўвалі родную мову і традыцыйную сацыяльную структуру. Нама складаліся з 13 племянных груп на чале з правадырамі-капітанамі. Плямёны падзяляліся на сямейна-сваяцкія групы, якія ў сваю чаргу складаліся з малых нуклеарных сем’яў. Сямейна-сваяцкія групы сумесна пасвілі жывёлу, асноўныя пытанні вырашалі старэйшыны або рада дарослых мужчын. Нават у нашы дні нама, што жывуць у гарадах або на фермах, захоўваюць сувязі са сваімі плямёнамі і сямейна-сваяцкімі групамі. Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі.

Нама знакаміты будаўніцтвам сваіх каркасных хацін, якія робяцца з дрэва, накрываюцца хмызняком, карой, у наш час — сучаснымі матэрыяламі. Хаціны проста разбіраюцца і пераносяцца на новае месца качэўя. Да прыходу еўрапейцаў качавалі ўслед за статкамі пешшу, пазней асвоілі язду на конях. Кожная сямейна-сваяцкая група мела свае тэрыторыі для качэўя, якія абараняла самастойна або з дапамогай племені.

Зноскі

Спасылкі правіць