Гра́фства Намю́р (фр.: Comté de Namur) — сярэднявечнае графства са сталіцай у Намюры, якое размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Бельгіі.

Графства Намюр у 1400.
Графства Намюр у складзе Бургундскіх Нідэрландаў па стане на 1477 год

Гісторыя

правіць

Напачатку X стагоддзя існавала графства Лом (Ламгау), графам якога з 907 года быў граф Берэнгер. У 946 годзе графствам кіраваў яго сваяк Роберт I, родапачынальнік Намюрскага дому. Яго сын Альберт I (пам. да 1011) ажаніўся з Ірменгардай (Алейдай), дачкой герцага Ніжняй Латарынгіі Карла I. Альберт у 992 годзе атрымаў тытул графа Намюра. Яго ўнук Жафруа I (1067/1068 — 19 жніўня 1139 года) ажаніўся з Эрмезіндай I (1075 — 24 чэрвеня 1143), спадчынніцай Люксембурга, дзякуючы чаму іх сын Генрых I Сляпы (1111/1113 — 14 жніўня 1196) атрымаў у спадчыну Люксембург пасля смерці графа Люксембурга Конрада II у 1136 годзе. Пасля смерці бацькі ў 1139 годзе Генрых атрымаў у спадчыну і Намюр, аб'яднаўшы абодва графствы. Таксама Генрых атрымаў у спадчыну пасля смерці сваіх кузенаў графствы Ла Рош і Дзюрбюі.

У Генрыха была толькі дачка, Эрмезінда II (1186 — 12 лютага 1247). Але яшчэ ў 1171 годзе бяздзетны тады Генрых прызначыў спадчыннікам графства свайго пляменніка Бадуэна (Балдуіна) V (1150 — 17 снежня 1195), графа Эно. І Бадуэн пасля нараджэння ў Генрыха дачкі ў 1186 годзе, звярнуўся да імператара Фрыдрыха I Барбаросы, які ў 1189 годзе ўзвёў Намюр у маркграфства і перадаў яго Бадуэну V дэ Эно, Эрмезінда павінна была атрымаць у спадчыну Дзюрбюі і Ла Рош, а Люксембург імператар перадаў графу Бургундыі Атону I, але ён у 1197 годзе вярнуў Люксембург Эрмезіндзе. Генрых захоўваў тытулы графа Намюра і Люксембурга да сваёй смерці.

Пасля смерці Бадуэна Намюр атрымаў у спадчыну яго другі сын Філіп I Высакародны (1175 — 12 кастрычніка 1212). Пасля таго, як яго браты адправіліся ў Чацвёрты Крыжовы паход, ён стаў рэгентам уладанняў старэйшага брата, Балдуіна. Пазней ён быў апекуном дочак Балдуіна, але прадаў у 1208 апякунства каралю Францыі. Перад смерцю бяздзетны Філіп перадаў Намюр сыну сваёй сястры Іаланды і П'ера II дэ Куртэнэ (які стаў у 1216 годзе імператарам Лацінскай імперыі), Філіпу II дэ Куртэнэ (1195—1226).

У 1263 годзе былы імператар Лацінскай Бадуэн (Балдуін) II (1217—1273), якому ў 1237 годзе перайшлі правы на Намюр, прадаў іх сыну графа Фландрыі Гі дэ Дамп'еру (1225—1305). Але Намюр яшчэ ў 1256 годзе захапіў граф Люксембурга Генрых Бялявы (1216—1281), сын Эрмезінды II і ўнук графа Генрыха I Сляпога. Гі распачаў вайну супраць Генрыха Люксембургскага, якая скончылася ў 1264 годзе заключэннем дагавора, паводле якога Гі ажаніўся з дачкой Генрыха, Ізабелай (каля 1247 — 1298), і атрымаў у пасаг Намюр. Пасля яе смерці Намюр атрымаў Жан I, старэйшы сын Гі ад гэтага шлюбу. Яго нашчадкі кіравалі маркграфствам да смерці ў 1429 года ўнука Жана I, Жана III (пам. 1429), які прадаў у 1421 годзе правы на Намюр герцагу Бургундыі Філіпу III Добраму. З гэтага моманту Намюр увайшоў у склад Бургундскага герцагства.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Пиренн А. Средневековые города Бельгии. — СПб.: Издательская группа «Евразия», 2001. — 512 с. — 2000 экз. — ISBN 5-8071-0093-X

Спасылкі

правіць
  • Namur (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 24 жніўня 2010.
  • Міраслаў Марэк.. Намюрскі дом (англ.)(недаступная спасылка). GENEALOGY.EU. Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2012. Праверана 24 жніўня 2010.
  • Міраслаў Марэк.. Фландрскі дом (англ.)(недаступная спасылка). GENEALOGY.EU. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2012. Праверана 24 жніўня 2010.
  • Міраслаў Марэк.. дом Куртэнэ (англ.)(недаступная спасылка). GENEALOGY.EU. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2012. Праверана 24 жніўня 2010.
  • Міраслаў Марэк.. дом Дамп'ер (англ.)(недаступная спасылка). GENEALOGY.EU. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2012. Праверана 24 жніўня 2010.