Адкрыць галоўнае меню

Напалеон Феліксавіч Яленскі

Напалеон Феліксавіч Яленскі (польск.: Napoleon Jeleński, руск.: Наполеон Феликсович Еленский), 1810, вёска Лучыцы, Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 11 мая 1883, Цепліцы, Чэхія, Аўстра-Венгрыя, — грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

Напалеон Феліксавіч Яленскі
POL COA Korczak.svg
герб «Корчак»
 
Адукацыя:
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 1810
Смерць: 11 мая 1883(1883-05-11)
Род: Яленскія
Бацька: Фелікс Янавіч Яленскі, мазырскі павятовы маршалак (1805—1808)
Маці: Каміла Янаўна-Хрызастомаўна Рдултоўская
Жонка: бязжэнны
Дзеці: няма

Паходжанне і сям'яПравіць

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Новагародскім і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе і займалі высокія земскія пасады.

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Лучыцы Мазырскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі ў сям'і Фелікса Янавіча Яленскага (нар.1775) і яго жонкі Камілы Янаўны-Хрызастомаўны Рдултоўскай. Яго поўнае імя, дадзенае пры хросце, Напалеон-Міхал-Ян Феліксавіч Яленскі.

Бацька Фелікс быў сынам новагародскага кашталяніца і мазырскага павятовага маршалка (1795—1802) Яна Рафалавіча Яленскага (1756—1810) і яго жонкі Юсціны Абуховіч, служыў мазырскім павятовым харунжым (1797—1802), старшынёй II дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні (1802—1805) і мазырскім павятовым маршалкам (1805—1808).

Маці Каміла была дачкой новагародскага падваяводы і новагародскага харунжага (1768—1791) Яна-Хрызастома Антонавіча-Ежавіча Рдултоўскага (1735—1791) са Снова і яго трэцяй жонкі графіні Францішкі Станіславаўны-Фердынандаўны Ржавускай (дачкі графа Станіслава-Фердынанда Ржавускага і князёўны Кацярыны Радзівіл).

У 18011802 упамінаецца, што за Феліксам Янавічам Яленскім у Мазырскім павеце лічыўся спадчынны маёнтак Касейск (Касейкі) з трыма вёскамі (262 рэвізскія душы), які ў 1838 быў ва ўладанні яго маці Камілы з Рдултоўскіх Яленскай, налічваў ужо 162 мужчынскія душы і 171 жаночую і быў аддадзены ў арэнднае трыманне. Ад бацькі Феліксу перайшоў родавы маёнтак Лучыцы (фальварак Лучыцы, вёскі Лучыцы, Слабада, Хойна і Рудня) у Мазырскім павеце, дзе ў 1839 налічвалася 238 мужчынскіх душ і 297 жаночых. У 1814 за Феліксам Яленскім у яго маёнтку Дудзічы ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні налічвалася 329 рэвізскіх душ, а ў Мазырскім павеце ў яго маёнтках налічвалася 609 душ. Паводле рэвізіі 1816 Фелікс Яленскі валодаў маёнткам Дудзічы ў Рэчыцкім павеце, дзе ўжо мелася 285 душ (97 двароў), а ў 1817 — 329 душ.

Стрыечным братам Напалеона Яленскага быў Антон Паўлавіч Яленскі (1818—1874), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.

АдукацыяПравіць

Скончыў гімназію ў Вільні і Віленскі ўніверсітэт у 1829.

Удзел у паўстанні 1830—1831 гадоўПравіць

У 1831 стаў членам таемнага таварыства — Віленскага камітэта. У ходзе Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў на Напалеона Яленскага быў напісаны данос аб тым, што ён збіраў змоўцаў у сваім доме ў Мазырскім павеце і ўзбройваў сялян для паўстання. Аднак Яленскі быў вызвалены следчай камісіяй у Мінску з-за недахопу доказаў. Быў заўважаны ў вольнадумных выказваннях, але супраць расійскага ўрада не дзейнічаў. Паводле ўласнага прызнання на допытах пасля арышту ў 1838 па справе таемнага таварыства ў Мазырскім павеце, Яленскі ўдзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў у радзівілаўскім апалчэнні, але атрымаў дараванне сваім дзеянням з боку расійскіх улад. Вярнуўся адразу ў свае маёнткі ў Мазырскім павеце, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з маянткоўцам Янам Казіміравічам Рудзяеўскім, сваім суседам па павету і будучым мазырскім павятовым маршалкам[1].

Таемнае таварыства ў Мазырскім павеце (1833—1839)Правіць

У 1833 у Мазырскім павеце было створана (невялікае па колькасці) таемнае таварыства, якое падзяляла ідэі «арыстакратычнай партыі» польска-ліцвінскай палітычнай эміграцыі на чале з князем Адамам-Ежы Чартарыйскім ў Парыжы. Мэтай дзейнасці таварыства было аднаўленне Рэчы Паспалітай праз узброенае паўстанне і стварэнне дзяржавы на канстытуцыйна-манархічных падставах. Пачатак стварэнню таварыства быў пакладзены ініцыятывай Д. Булеўскага, эмісара «арыстакратычнай партыі» Чартарыйскага, прысланага з-за мяжы для вярбоўкі прыхільнікаў у Мінскую губерню. Таварыства праіснавала да 18381839, калі былі арыштаваны і ўтрымліваліся ў вязенні ў Вільні яго члены (Ян Былеўскі, Напалеон Яленскі, Ян Яленскі, Ян Рудзяеўскі, Пётр Грабоўскі, Генрык Зялёнка і Аляксандр Гутоўскі)[2].

Першым заахвочаным членам і арганізатарам таварыства стаў у 1833 шляхціц Ян Былеўскі, сын Маўрыцыя Былеўскага, ураджэнец Пінскага павета Мінскай губерні і гаспадарчы камісар маёнтка Рафалаўка графіні Алізар, размешчанага ў Луцкім павеце Валынскай губерні. Менавіта Яну Былеўскаму эмісар Булеўскі даручыў стварыць у Пінскім і Мазырскім паветах таемныя таварыствы, для чаго неабходна было прыводзіць завербаваных членаў да прысягі вернасці таварыству, завесці сакратара, назапашваць грошы і зброю і быць гатовым у любы момант далучыцца да паўстання. Аднымі з першых, з кім павёў размовы Ян Маўрыцавіч Былеўскі аб стварэнні таемнага таварыства, былі тагачасны мазырскі павятовы маршалак Ян Казіміравіч Рудзяеўскі, Напалеон Феліксавіч Яленскі і ксёндз петрыкаўскага касцёла Пётр Шыманавіч Грабоўскі, якія падтрымалі ініцыятыву Былеўскага і адразу прынеслі прысягу вернасці таварыству ў доме Яна Рудзяеўскага ў маёнтку Маісеевічы Мазырскага павета. Ксёндз Грабоўскі быў прызначаны сакратаром. У таварыства было ўцягнута вельмі малая колькасць людзей[3].

Пазней, пасля арышту ў 1839, Пётр Грабоўскі паведаміў следчай камісіі ў Вільні, што стварэнне мазырскага таварыства было выпадковым і нават несур'ёзным, што складана знайсці ў Мазырскім павеце нават пяць членаў камітэта (як задумвалася арганізатарамі) і дзейнасць таварыства скончылася нічым. Грабоўскі расказаў, што ніякіх дакументаў аб дзейнасці таварыства (інструкцый, уставы, правіл) не мелася, грашовых складак не было, а толькі распаўсюджваліся ў павеце таемна прысланыя з-за мяжы Булеўскім кніга Адама Міцкевіча (1798—1855) «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» у 20 экзэмплярах і часопіс, які выдаваўся ў Парыжы польска-ліцвінскай эміграцыяй. На допытах ксёндз паведаміў, што ідэі таварыства ў Мазырскім павеце распаўсюджваліся слаба з-за нізкай актыўнасці членаў: Ян Рудзяеўскі быў заняты жаніцьбай, а Напалеон Яленскі — уладкаваннем новай гаспадаркі. Арыштаваны расійскімі ўладамі ў 1838 Ян Рудзяеўскі паведаміў, што «увесь гэты саюз скончыўся на першым жа сходзе» (на тым, які адбыўся ў доме Рудзяеўскага ў 1833)[4]. Аднак гэта было не зусім так.

Фактычна таемнае таварыства ў Мазырскім павеце ў 1833—1839 было групай людзей (Ян Былеўскі, Напалеон Яленскі, Ян Яленскі, Ян Рудзяеўскі, Пётр Грабоўскі), аб'яднаных сваяцкімі і сяброўскімі сувязямі, што былі незадаволены расійскім панаваннем у краі, але імкнуліся скрываць свае думкі ад шырокага наваколля людзей. Ян Яленскі быў стрыечным братам Напалеону Яленскаму і родным братам Антону Паўлавічу Яленскаму (1818—1874), аднаму з будучых кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў. У гэтых людзей былі свае прадстаўленні аб годнасці і гонары. Канкрэтная сутнасць іх дзейнасці заключалася ў тым, што, рызыкуючы сваёй небяспекай, яны дапамагалі хаваючымся ў беларускіх і ўкраінскіх губернях Расійскай імперыі ўдзельнікам паўстання 1830—1831 гадоў, эмігрантам і іх сваякам. Яны чыталі і распаўсюджвалі ў паветах забароненую расійскімі ўладамі літаратуру, імкнуліся знайсці сувязі з адзінадумцамі ў Мінску і Вільні, цікавіліся тым, што адбывалася ў эміграцыйным асяродку, збіралі сродкі ў дапамогу бедным суайчыннікам. Пры гэтым на працягу некалькіх год ім удавалася не прывабліваць увагу мясцовай паліцыі[5]. На кантрактах у Мінску ў 1836 Напалеон і Ян Яленскія пацікавіліся ў прыехаўшых дваран з усёй Мінскай губерні аб палітычнай дзейнасці польска-ліцвінскай эміграцыі, а такасама тым, ці ёсць «ад яе дзеючыя асобы ў краі».

У 1836 г. на кантакт з гэтай групай людзей выходзіць Шыман Канарскі праз свайго прадстаўніка Ігната Родзевіча, маянткоўца Пінскага павета. Верагодна, Шыман Канарскі даведаўся аб Напалеону Яленскім ад кагосьці з эмігрантаў з Галіцыі, бо прасіў Родзевіча знайсці Яленскага ў Мазырскім павеце. У тым жа 1836 г. Ігнат Родзевіч паехаў да Напалеона Яленскага, аб'явіў яму аб існаванні таемнага дэмакратычнага таварыства «Садружнасці польскага народа» (1835—1837) і паспрабаваў змяніць сутнасць дзейнасці таемнага таварыства дваран у Мазырскім павеце: адысці ад пазіцый «арыстакратычнай партыі» палітычнай эміграцыі на чале з князем Чартарыйскім і перайсці на «дэмакратычныя» погляды дэмакратычнага таварыства «Садружнасці польскага народа» (1835—1837), якое ўзначальваў Шыман Канарскі. У прыватнасці, Ігнат Родзевіч прапанаваў Напалеону Яленскаму ўступіць у склад «Садружнасці польскага народа», склаў арганізацыйныя дакументы і прасіў Яленскага імем эмісара Шымана Канарскага і імем Станіслава Казакевіча прыняць абавязкі сакратара дэмакратычнага таварыства. Яленскі пакінуў у сябе перададзеныя яму дакументы і кнігі[1].

Аднак калі Родзевіч праз некалькі дзён вярнуўся, каб даведацца аб рашэнні Напалеона Яленскага, апошні адмовіўся ўступаць у дэмакратычнае таварыства «Садружнасці польскага народа», іх размова прывяла да спрэчкі. Яленскі быў нязгодны з Родзевічам па пытанні аб новых адносінах шляхты з сялянамі, што прапагадавалі Канарскі і яго дэмакратычнае таварыства: аб неабходнасці асветы сялян і прыцягненні іх, як роўных сабе, да магчымага паўстання супраць расійскага ўрада, што будзе гарантыяй поспеху паўстання. Акрамя таго, Напалеон з падазронасцю аднёсся да чарговага эмісара (пасля эмісара Булеўскага), які навязвае мясцовым маянткоўцам свае «правілы гульні»: пасады, прысягу і інш., што падвяргае вялікай небяспецы лёсы і нават жыцці ўдзельнікаў таемнага таварыства ў выпадку выкрыцця яго расійскімі ўладамі. Незадаволены гэтымі спрэчкамі Родзевіч звярнуўся да стрыечнага брата Напалеона Яна Паўлавіча Яленскага, якому расказаў аб існаванні таемнага таварыства «Садружнасць польскага народа» і аб адмове Напалеона і прапанаваў стаць сакратаром, што Ян Яленскі і абяцаў зрабіць[6].

Аднак, у канечным выніку, ідэя ўступлення ў дэмакратычнае таварыства Канарскага не знайшла падтрымкі членаў мазырскага таемнага таварыства дваран, бо ім не спадабалася ідэя «пасябраваць з сялянамі», якую прапагандаваў Шыман Канарскі. Кантакты і размовы з прадстаўнікамі Шымана Канарскага не прымусілі членаў таемнага таварыства ў Мазырскім павеце перайсці на «дэмакратычныя пазіцыі» («пасябраваць з сялянамі») і не зрабілі дзейнасць таварыства болей актыўнай ці арганізаванай, але зрабілі яе болей небяспечнай, бо царскія ўлады даўно вялі вышук Канарскага. Арышт 27 мая 1838 на станцыі Крыжоўка паміж Вільняй і Мінскам Шымана Канарскага, а пазней і яго прадстаўнікоў, прывёў да арышту ў 1838—1839 і многіх людзей, якія спачувалі ці мелі цесныя кантакты з Канарскім, у тым ліку — і членаў таемнага таварыства ў Мазырскім павеце. Сам Напалеон Яленскі быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў 1838.

Напалеон Яленскі на следстве заявіў, што з Шыманам Канарскім уласна не быў знаёмы, на допытах трымаўся мужна, прызнальныя паказанні даваў толькі пад ціскам неабвержных доказаў, вочных ставак, доказаў з боку іншых падследных. У прыватнасці, ён вымушаны быў прызнаць існаванне ў Мазырскім павеце таемнага таварыства, створанага па правілах эмісара Булеўскага, аднак падкрэсліваў, што стварэнне таварыства праходзіла ў несур'ёзнай, хутчэй, жартоўнай абстаноўцы, прысягу ніхто не прыносіў і надалей ніякай дзейнасці не ажыццяўляў. На следстве найбольш сур'ёзныя абвінавачанні супраць Напалеона Яленскага паказаў Ігнат Родзевіч. І Напалеон Яленскі вымушаны быў згадзіцца, што аднойчы завёў размову аб знаёмым купцы з Бабруйска, у якога можна было набыць порах, свінец і зброю, і цікавіўся, ці след зрабіць такі запас. Следчая камісія ў Вільні таксама выявіла, што Напалеон Яленскі прыняў канспірацыйнае імя «Ксеард», чытаў арганізацыйныя дакуметы дэмакратычнага таварыства, якія пазней спаліў, каб пазбегчы іх выяўлення. У паперах Яленскага была знойдзена ўстава «Садружнасці польскага народа», перапісаная ўласнай рукой Напалеона Яленскага, што сведчыла аб інтарэсе Яленскага да дзейнасці дэмакратычнага таварыства «Садружнасці польскага народа» на чале з Шыманам Канарскім[1].

Высылка на КаўказПравіць

У 1839 Яленскі быў асуджаны за ўдзел у таемным таварыстве і антыўрадавай дзейнасці, аднесены да трэцяга разраду дзяржаўных злачынцаў, пазбаўлены дваранства і сасланы шараговым салдатам служыць у расійскае войска ў асобны Каўказскі корпус. Яго нерухомую маёмасць было дазволена пакінуць законным спадчыннікам.

Ваяваў у складзе свайго корпуса на КаўказеЧачні). За ўдзел у сутычках і штурме расійскімі войскамі чачэнскага аула Ахульго атрымаў афіцэрскі чын з правам пражывання ў Пензенскай губерні Расійскай імперыі. Паводле слоў Станіслава Шумскага, Напалеон Яленскі вызначаўся прыкрым характарам, не меў даверу да суссыльных, падазраваў іх у даносах уладам.

Вяртанне ў Мазырскі паветПравіць

Пасля вяртання ў 1844 у родны маёнтак Лучыцы ў Мазырскім павеце, займаўся гаспадаркай і нідзе не служыў. У 1836 паводле рэвізіі яго маёнткі Лучыцы і Касейск налічвалі 450 мужскіх і 490 жаночых душ. Пасля многіх год, якія мінулі з часу дзейнасці ў таемным таварыстве дваран у Мазырскім павеце, Напалеон Яленскі змяніў свае стаўленне да ідэі Шымана Канарскага «пасябраваць з сялянамі». Яленскі арганізаваў у сваіх маёнтках школу для сялянскіх дзяцей, якіх і сам там вучыў.

У 1844 мінскі губернскі маршалак (1823—1847) Леў Францавіч Оштарп (1785—1851) прасіў у мінскага губернатара (1844—1850) Аляксея Васільевіча Сямёнава (1799—1864) пашпарт для праезда Напалеона Феліксавіча Яленскага ў Вількамірскі павет Ковенскай губерні да сваякоў Яленскіх.

14 студзеня 1857 мазырскі земскі спраўнік прасіў Напалеона Яленскага прыбыць у маёнтак Капцэвічы Мазырскага павета ў сувязі з хваляваннямі і непавінавацтвам сялян.

Дзейнасць у ходзе сялянскай рэформы і напярэдадні Студзеньскага паўстанняПравіць

 
Напалеон Феліксавіч Яленскі (злева) і Геранім Феліксавіч Кеневіч (1834—1864), маянткоўцы Мазырскага павета

20 лістапада 1857 былі падпісаны першыя рэскрыпты расійскага імператара Аляксандра II на імя віленскага генерал-губернатара (1855—1863) генерал-лейтэнанта Уладзіміра Іванавіча Назімава і Санкт-Пецярбургскага генерал-губернатара (1854—1864) Паўла Мікалаевіча Ігнацьева (1797—1879), дзе была напісана праграма расійскага ўрада аб адкрыцці губернскіх камітэтаў па сялянскай справе (камітэтаў па падрыхтоўцы дваранамі праектаў сялянскай рэформы), што дало пачатак працы па вызваленні сялян ад прыгону і паставіла дваранства Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў у авангард гэтага працэса. Пасля гэтага губернскія камітэты па сялянскай справе пачалі арганізоўвацца і ў іншых губернях, і пачалася актыўная праца дваран за распрацоўку мер і форм вызвалення сялян. 30 жніўня 1858 быў створаны Мінскі губернскі камітэт па сялянскай справе, на чале якога стаў мінскі губернскі маршалак (1853—1859) Людвік Антонавіч Слатвінскі, а намеснікам — Атон Ігнатавіч Горват, былы губернскі маршалак. У камітэт уваходзілі члены ад кожнага павета губерні. Напалеон Феліксавіч Яленскі ўвайшоў членам ад Мазырскага павета (разам з Антонам Паўлавічам Яленскім (1818—1874), Артурам Даніэлевічам Горватам (1838—1903) і Геранімам Геранімавічам Кеневічам (1831—1911)) у склад створанага 30 жніўня 1858 Мінскага губернскага камітэта па сялянскай справе. Як і многія маянткоўцы літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі, Яленскі выказваўся за скасаванне прыгону, але за вызваленне сялян без надання іх зямлёй. У канечным выніку гэтая прапанова дваран «заходніх губерняў» была адхілена царскім урадам — было вырашана вызваляць сялян з зямельным надзелам.

У пачатку 1860-х напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў далучыўся да таемнай арганізацыі — групоўкі «белых» у літоўска-беларускіх губернях і стаў адным з яе кіраўнікоў, побач з Якубам Гейштарам (1827—1897), Аляксандрам Уладзіслававічам Аскеркам (1830—1911), Антонам Паўлавічам Яленскім (1818—1874), які быў стрыечным братам Напалеона Яленскага, Віктарам Старжынскім (1826—1882), Ігнатам Юзафавічам-Мікалаевічам Лапацінскім (1822—1882), Францам Дамінікавічам Далеўскім (1825—1904), графам Станіславам Міхалавічам Зіберг-Плятэрам (нар. 1823).

17 лістапада 1862 у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з мінскім губернскім маршалкам (1847—1853) Аляксандрам Дамінікавічам Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. віленскі генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа; а таксама падпісалі слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878), дзяцька вядомага Эдварда Вайніловіча, старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і інш. Напалеон Яленскі таксама выказваўся за паданне дваранамі Мінскай губерні адрасу да імператара Аляксандра II аб далучэнні Мінскай губерні да польскіх губерняў. У сувязі з гэтым у 1863 быў сасланы ў Вятку Вяцкай губерні Расійскай імперыі. Па моцы ўказу 10 снежня 1865 Напалеон Яленскі вымушаны прадаць свае маёнткі.

Вяртанне з ВяткіПравіць

Вярнуўся ў 1868 са ссылкі і пасяліўся ў Варшаве. Памёр 11 мая 1883 у Цепліцах (Чэхія, Аўстра-Венгрыя). У сваім тэстаменце запісаў 23 800 рэйнскіх залатых на асвету і стыпендыю для сялянскіх дзяцей свайго былога маёнтка ў Мазырскім павеце. За сваё жыццё ніколі не жаніўся і афіцыйных нашчадкаў не пакінуў.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 307.
  2. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 298.
  3. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 298—299
  4. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 302—303
  5. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 303.
  6. Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»… С. 306—307.

ЛітаратураПравіць

  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Berghauzen, J. Jeleński Napoleon Jan / J. Berghauzen // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1964. — T. XI/1. Zesz. 48 : Jarosław — Jelowicki Aleksander. — S. 144.
  • Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники / С. Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2010. — С. 297—315.