Нараджэнне Маці Божай (Пётр Яўсеевіч)

ікона са Свята-Успенскай царкве ў Магілёве

«Нараджэнне Божай Маці» — абраз сярэдзіны XVII стагоддзя са Свята-Успенскай царквы ў горадзе Магілёве. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь[1][2].

Пётр Яўсеевіч
Нараджэнне Божай Маці. 1649
Матэрыял дошка для жывапісу[d] і яечная тэмпера
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
(інв. ДБЖ-141)

Сюжэт правіць

Дзея адбываецца ў вялікім памяшканні з пліткавай падлогай, раскрытым у прастору праз шырокую арку-вакно[3].

Злева пад светла-карычневым балдахінам (полагам) з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на высокім ступенчатым узвышшы, на ложку, нібы на троне, сядзіць праведная Ганна, абапіраючыся спіной на гару белых з тканымі прошвамі падушак[4]. Яе ногі прыкрытыя чырвонай, у кветкі, коўдрай. Адзенне Ганны сіняга колеру, на галаве белая з чырвонымі затканымі палосамі намітка[4].

Побач з ёй — жанчыны-служанкі, якія трымаюць посуд з падарункамі ў руках. Іх вопратка светла-вохрыстая, цёмна-чырвоная, сіняя, светла-зялёная. Трэцяя жанчына, з непакрытымі валасамі, клапатліва расхінае занавес над Ганнай[3]. На чырвоным поясе ў адной служанкі жоўты кашалёк[4].

Каля ўзвышша сядзяць насупраць адна другой жанчыны ў вохрыстым, цёмна-чырвоным, сінім адзенні, у намітках. На руках адной з іх на белым покрыве ляжыць маленькая Марыя, якую толькі што выкупалі. Побач стаіць цэбар значных памераў з вадой і просценькі вазок, засланы для дзіцяці[3].

Справа, ля накрытага зялёным з цёмна-чырвоным шлякам абрусам стала, на якім стаяць букет кветак у збане і керамічная чаша[3], паказаны Іаакім у сінім хітоне і цёмна-чырвоным гімаціі з кіем у руцэ. Яго выява з’яўляецца на абразах з XIV стагоддзя[2]. Трэба адзначыць, што Іаакім знаходзіцца ў тым жа пакоі, а не выдалены на галерэю ці ў падсобнае памяшканне, як на старажытных абразах[4].

На заднім плане ў ружовым з авальным завяршэннем акне за рэльефнай рашоткай намаляваны тры шэрыя дамы. Рэльеф рашоткі створаны густым рэнесансавым арнаментам, выразаным па ляўкасе і пазалочаным; у яго ўкрапаны камяніцы рэнесансавага тыпу[3].

Вохрыста-фіялетавая падлога расчэрчана чырвонымі лініямі на квадраты. Фігуры прыземістыя. Справа ўнізе надпіс бяліламі ў два радкі, а таксама надпісы над німбамі Ганны і Іаакіма[4].

Паходжанне правіць

Абраз выяўлены ў 1918 годзе ва Успенскай царкве Магілёва[5].

Ікона раскрыта ў Дзяржаўнай мастацкай рэстаўрацыйнай майстэрні М. А. Баранавым  (руск.), В. В. Філатавым  (руск.), А. М. Рабінінай у 1954—1956 гадах (Масква)[4].

Значэнне іконы правіць

 
Фрагмент іконы

«Нараджэнне Маці Божай» 1649 года з Магілёва — адзін з першых падпісных і датаваных абразоў музейнага збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублік Беларусь. У правым ніжнім вугле захаваўся надпіс з датай: «Року Бжого 1649 Петръ Евсеевич з Голынца». Невядома, хто пакінуў гэты надпіс — іканапісец або фундатар. У архіўных дакументах было выяўлена імя жыхара Магілёва Зурасты Пятра Яўсеевіча, з якім сёння звязваюць паходжанне абраза[2].

Аўтар твора, захоўваючы асноўныя рысы традыцыйнай іканаграфіі, перадае змест сюжэта рэалістычна, са мноствам этнаграфічных і бытавых дэталяў: на жанчынах народныя галаўныя ўборы — сялянскія вышываныя наміткі; на падушках — вязаныя карункі-прошвы. У кампазіцыю абраза ўведзены адлюстраванні керамічнага і драўлянага посуду, драўлянага ложка, збана з палявымі кветкамі на стале. Іканапісец надзяляе персанажы канкрэтнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць нацыянальнаму беларускаму тыпажу. Цяжка знайсці больш дакладную этнаграфічна, поўную і праўдзівую перадачу прадметаў сялянскага побыту ў помніках іканапісу першай паловы XVII стагоддзя[2].

Выстаўкі правіць

  • Мінская абласная выстаўка. Мінск. 1918
  • 1-я Усебеларуская мастацкая выстаўка. Мінск. 1926
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Тэмперны жывапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў. Мінск. 1988
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Мастацтва Беларусі XVI—XVIII стагоддзяў. Знаходкі М. М. Шчакаціхіна (1886—1940). Мінск. 1996
  • Мастацтва Магілёўшчыны XVII—XVIII стагоддзяў. Мінск. 1998
  • Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII—XVIII стагоддзяў. Мінск. 2000.

У культуры правіць

 
Паштовая марка Беларусі.

У 1996 годзе выява іконы была выкарыстана на паштовай марцы «Белпошты».

Зноскі

  1. Балыкина Е. Н. ШЕДЕВРЫ ИКОНОПИСИ БЕЛАРУСИ XII—XVIII ВВ. Архівавана 28 лютага 2021. (руск.)
  2. а б в г Пётр Яўсеевіч. Нараджэнне Маці Божай. 1649(недаступная спасылка)
  3. а б в г д Ярашэвіч А. А. [http://media.catholic.by/nv/n17/art5.htm СЮЖЭТЫ НАРАДЖЭННЯ БАГАРОДЗІЦЫ Ў СТАРАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ]
  4. а б в г д е Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 41-42.
  5. Жывапіс Беларусі ХІІ-XVІІІ стагоддзяў. Аўтар уступнага тэксту Н. Высоцкая. Мн., 1992. № 17-19

Спасылкі правіць