Нарагансет

(Пасля перасылкі з Нарангасет)

Нарагансет (саманазва: Nahahiganseck) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў Род-Айлендзе. Агульная колькасць — каля 2 400 чал.

Нарагансет
Nahahiganseck
Малюнак 1681 г.
Агульная колькасць 2400
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова нарагансет
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы магіканы, моэган, вампаноаг, дэлавары, пеквот

Да пачатку XVII ст. нарагансет насялялі частку ўзбярэжжа Новай Англіі. Першы кантакт з еўрапейцамі быў усталяваны ў 1524 г., калі іх землі наведала экспедыцыя Джавані да Верацана. У 1636 г. правадыры нарагансет продалі частку сваіх зямель англійскім каланістам. У наступным годзе прынялі ўдзел у вайне з пеквот на баку англічан. У 1640-ыя гг. вялі вайну супраць моэган, саюзнікаў англічан, аднак пацярпелі паражэнне.

Падчас вайны Караля Філіпа спярша захоўвалі нейтралітэт, але былі абвінавачаны каланістамі ва ўкрывальніцтве вампаноаг. 19 снежня 1675 г. англійскае апалчэнне першым зрабіла напад на ваенны лагер нарагансет у Род-Айлендзе, аднак большасць дарослых воінаў збегла, аставіўшы толькі старых і дзяцей. У лютым 1676 г. нарагансет прымалі ўдзел у вынішчэнні англійскіх паселішчаў, рабілі напады на прыгарады Бостана, але з-за хвароб і нястачы пораху былі вымушаны перайсці да абароны. У сакавіку загінуў іх правадыр Кананчэт, пасля чаго воіны нарагансет змяшаліся з іншымі індзейскімі плямёнамі. Большасць палонных была ператворана ў рабоў.

Адраджэнню нарагансет спрыяла місіянерская дзейнасць. У 1740-ых гг. пры дапамозе каланістаў быў пабудаваны пратэстанцкі касцёл нарагансет. 3 акры зямлі, вылучаныя для яго пабудовы, сталі галоўнай родавай маёмасцю племені. Нягледзячы на значную асіміляцыю, вольныя нарагансет і рабы захоўвалі сваю племянную тоеснасць. Канчаткова рабства было адменена толькі падчас Грамадзянскай вайны.

У 1983 г. нарагансет былі прызнаны як аўтаномная нацыя з боку ўрада ЗША. Іх рэзервацыя ўключае 7,3 км² тэрыторый. Акрамя таго, нацыя нарагансет валодае іншымі землямі і маёмасцю ў ЗША.

Спасылкі правіць