Нарач (азёрная станцыя)
Азёрная станцыя «Нарач» — даследчая ўстанова Беларускага рэспубліканскага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і кантролю прыроднага асяроддзя. Працуе ў курортным пасёлку Нарач з 1960 года па праграме азёрных станцый СССР[1].
Нарач | |
---|---|
Дата заснавання / стварэння | 1960 |
Краіна | |
Знаходзіцца ў адміністрацыйнай адзінцы | |
У сваім складзе мае метэаралагічную пляцоўку (вядуцца назіранні па праграме метэастанцыі 2-га разраду), выпаральную ўстаноўку на акваторыі возера, гідралагічныя пасты на азёрах: Нарач, Мястра (Гатавічы), Мядзел (Цімошкаўшчына) — працуюць па праграме азёрных гідралагічных пастоў 1-га разраду, Свір (пост 2-га разраду); на р. Нарач — Чарэмшыцы (за 7 км ад вытоку з Нарачы), на пратоцы Скема — Мікольцы (злучае азёры Нарач і Мястра), на ручаях без назвы (Сіманы, Купа, Антонізберг, Урлікі, Логавіны, Пронькі, ГМС). Гідралагічныя пасты на рэках і ручаях вядуць назіранні за ўзроўнем і тэмпературай вады, велічынёй сцёку, лядовымі з’явамі, воднай расліннасцю, на азёрах — за ўзроўнем, тэмпературай (на паверхні і на глыбіні), колерам, празрыстасцю і хімічным саставам вады, лядовымі з’явамі, вышынёй і шчыльнасцю снегу на лёдзе, у бязлёдавы перыяд дадаткова — за тэмпературай, вільготнасцю паветра, скорасцю ветру на вышыні 2 м ад воднай паверхні, на акваторыі возера і метэапляцоўцы — за выпарэннем вады. З 1969 года дадаткова вядуцца назіранні па міжнароднай гідралагічнай праграме (на 2-х участках — у лесе і ў полі): за вільготнасцю глебы, снегавым покрывам, інтэнсіўнасцю раставання снегу, грунтавымі водамі, фарміраваннем паводкі[1].
Блізкасць вялікіх азёр (Нарач, Мястра, Баторына) аказвае пэўны ўплыў на тэмпературу паветра, вільготнасць, скорасць ветру ў прыземным слоі, такія паказчыкі асноўных элементаў адрозніваюцца ад суседніх метэаралагічных станцый. Працягласць перыяду з сярэднясутачнымі тэмпературамі вышэй за 0 °C — 239 сутак, вегетатыўны перыяд 186 сутак, безмарозны — 129 сутак. Апошні замаразак у паветры ў сярэднім 14 мая, першы — 21 верасня. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені ад −0,6 °C (1975) да −13,5 °C (1969), у ліпені ад 13,5° (1979) да 20 °C (1972). Раз у 7 гадоў назіраюцца павышана-вільготныя гады (ападкаў больш за 730 мм), у засушлівыя гады не больш за 450 мм ападкаў. Раз у 5 гадоў максімальная сутачная колькасць ападкаў больш за 40 мм, раз у 20 гадоў больш за 46 мм. Вільготных дзён (з адноснай вільготнасцю ≥ 80 %) за год — 138, сухіх (з вільготнасцю за адзін з тэрмінаў назірання ≤ 30 %) — 5[1].
Матэрыяламі Нарачанскай азёрнай станцыі карыстаюцца аздараўленчыя арганізацыі курорта Нарач, Нарачанская біялагічная станцыя, праектныя і будаўнічыя арганізацыі. Метэаралагічная інфармацыя перадаецца ў Беларускі гідраметцэнтр 8 разоў у суткі, звесткі пра тэмпературу вады, таўшчыню лёду — раз у 5 дзён. Матэрыялы назіранняў друкуюцца ў Дзяржаўным водным кадастры[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- З. X. Таўціева, В. А. Ярмоленка. Нарачанская азёрная станцыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.