Народны камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі БССР

Наро́дны камісарыя́т рабо́ча-сяля́нскай інспе́кцыі Белару́скай ССР (РСІ, Рабкрын) быў утвораны ў снежні 1920 года на базе Камісарыята рабоча-сялянскай інспекцыі Ваенрэўкама БССР[1]. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантролю, які пачаў ажыццяўляцца пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

Народны камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі Беларускай ССР
Выява лагатыпа
Агульная інфармацыя
Краіна
Юрысдыкцыя БССР
Дата стварэння 17 снежня 1920
Папярэдняе ведамства Камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі Ваенрэўкама БССР
Дата скасавання 8 сакавіка 1934
Заменена на Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР
Вышэйшае ведамства ЦВК БССР

Гісторыя

правіць

З мая 1918 года пачала дзейнічаць Уліковая кантрольная камісія пры Аблвыканкамзаху. У студзені 1919 года створаны Камісарыят дзяржаўнага кантролю Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Паводле рашэнняў I Усебеларускага з’езда Саветаў ён пераўтвораны ў Камісарыят дзяржаўнага кантролю ССРБ, 27 лютага 1919 года яго функцыі перайшлі да Наркамата дзяржаўнага (з сакавіка 1919 года — народнага) кантролю ЛітБелССР. У сувязі з польскай акупацыяй дзейнасць органаў народнага кантролю на яе тэрыторыі Беларусі спынілася.

На 1 студзеня 1921 года структура НК РСІ БССР складалася з эканамічнай інспекцыі з секцыямі (тэхніка-прамысловай; харчовай і сельскагаспадарчай; каштарыснай-касавай) і аддзелаў (адміністрацыйна-судовага; сацыяльна-культурнага; аховы працы і аховы здароўя).

У адпаведнасці з Палажэннем аб рабоча-сялянскай інспекцыі, зацверджаным 17 снежня 1921 года, на НК РСІ БССР ускладаліся:

  • кантроль за дзейнасцю ўсіх цэнтральных і мясцовых савецкіх устаноў, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый;
  • барацьба з бюракратызмам і цяганінай; назіранне за правядзеннем у жыццё дэкрэтаў, пастаноў і распараджэнняў Савецкай улады;
  • удзел у абмеркаванні фінансавых і матэрыяльных каштарысаў і планаў вытворчасці;
  • дача заключэнняў па каштарысах ведамстваў і бюджэце БССР.

У абавязкі НК РСІ ўваходзілі таксама расследаванне і назіранне за разборам скаргаў і заяў, што паступаюць у цэнтральныя і мясцовыя органы. Рабоча-сялянская інспекцыя падпарадкоўвалася непасрэдна ЦВК БССР і яго Прэзідыуму.

На аснове дагавора ад 16 студзеня 1921 года аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж ССРБ і РСФСР заключана пагадненне паміж адпаведнымі наркаматамі. Народны камісарыят РСІ ССРБ з’яўляўся органам дзяржаўнага кантролю на яе тэрыторыі, а таксама паўнамоцным прадстаўніком Народны камісарыят РСІ РСФСР, атрымаў рэвізійна-інспекцыйныя правы ў адносінах да ўсіх устаноў, якія знаходзіліся на тэрыторыі савецкай Беларусі, але падпарадкоўваліся дзяржаўным органам РСФСР.

У красавіку 1923 года ў сувязі з прынятым XII з’ездам РКП(б) рашэннем аб аб’яднанні партыйнага і дзяржаўнага кантролю, РСІ і ЦКК КП(б)Б аб’ядналіся ў адзіны кантрольны орган — ЦКК РСІ Беларусі, а 1 жніўня 1923 года была зацверджана новая структура Наркамата РСІ БССР, якая складалася з двух цэнтральных упраўленняў: агульнага і аператыўнага.

3 лістапада 1924 года ЦВК БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Наркамаце РСІ БССР, у якім адзначалася, што РСІ — асноўны орган Савецкай улады па правядзенні ў жыццё мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзяржапарату, прыстасаванню яго да задач сацыялістычнага будаўніцтва.

Пастановай СНК БССР ад 7 ліпеня 1927 года Наркамату РСІ БССР было прадастаўлена права канчатковага сцвярджэння штатаў наркаматаў і цэнтральных устаноў БССР.

У 1931 годзе пры СНК БССР арганізуецца Камісія выканання, якая існавала разам з наркаматам РСІ і на якую ўскладалася праверка выканання дырэктыў урада і ўмацаванне дысцыпліны на прадпрыемствах і ва ўстановах.

У 1934 годзе ў сувязі з рашэннем XVII з’езда ВКП(б) аб стварэнні Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б) і Камісіі савецкага кантролю пры СНК СССР (замест ЦКК РСІ) пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8 сакавіка 1934 года НК РСІ БССР быў скасаваны, а на яго базе была створана Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР.

Народныя камісары

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Камітэт Дзяржаўнага кантролю. Гістарычная даведка Архівавана 5 лютага 2017.
  2. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 7 ліпеня 1932 г. «Аб вызваленні т. Калніна А. Я. ад абавязкаў Народнага Камісара Рабоча-Сялянскай Інспекцыі БССР» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1932. — № 49. — С. 11.
  3. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 7 ліпеня 1932 г. «Аб прызначэнні т. Лычова Народным Камісарам Рабоча-Сялянскай Інспекцыі БССР» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1932. — № 49. — С. 11.

Літаратура

правіць
  • Злотник, М. И. Деятельность органов партийно-государственного контроля БССР в государственном строительстве (1917—1934 гг.) / М. И. Злотник. — Мн.: Наука и техника, 1969. — 495 с.
  • Кушнер, В. Рабоча-сялянская інспекцыя / Васіль Кушнер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 27. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг.) / АН БССР, Ин-т философии и права. — Мн.: Наука и техника, 1968. — 327 с.