Насельніцтва Францыі

З насельніцтвам 67 мільёнаў чалавек, па звестках на студзень 2019 года, Францыя з’яўляецца 21-й у свеце краінай паводле колькасці насельніцтва і трэцяй паводле колькасці насельніцтва ў Еўропе[1]. Для Францыі характэрны высокі па еўрапейскіх мерках натуральны прырост насельніцтва, гэтаксама краіна з’яўляецца магнітам для мігрантаў. Этнічны склад стракаты. Дзяржаўная мова — французская, самая распаўсюджаная рэлігія — каталіцтва. Найбуйнейшыя гарады — Парыж, Ліён, Марсель, Ліль.

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Дэмаграфія

правіць

Ад часу сканчэння Бэбі-буму (1973) сумарны каэфіцыент нараджальнасці падаў, дасягнуўшы рэкордна нізкага 1,7 у 1994. Далей адзначыўся рост каэфіцыента да 2 у 2010, пасля чаго ён трошкі скараціўся (1,93 у 2017). Сённяшні нізкі, але станоўчы (і адзін з найвышэйшых у Еўропе!) каэфіцыент натуральнага прыросту насельніцтва (3—4 на 1000) абумоўлены ў тым ліку і высокай нараджальнасцю сярод шматлікіх імігрантаў з былых калоній. У 2010 у 27 % нованароджаных хаця б адзін з бацькоў нарадзіўся па-за межамі Францыі. Удзельная вага асоб замежнага паходжання, якія не з’яўляліся грамадзянамі Францыі на момант нараджэння, перавышае 10 %. У ХХІ стагоддзі ў Францыю штогадова прыязджае каля 200 000 легальных мігрантаў.

Этнічны склад

правіць

Афіцыйнай этнічнай статыстыкі ў Францыі не існуе, паколькі збор этнічных даных забаронены законам яшчэ ад часу Вялікай французскай рэвалюцыі. Паводле розных ацэнак, каля 80 % насельніцтва складаюць французы. Астатнія 20 % насельніцтва — гэта нацыянальныя меншасці (брэтонцы, карсіканцы, эльзасцы) і імігранты.

У французскім народзе гістарычна перапляліся кельцкія, лацінскія, аквітанскія і германскія карані. Розныя рэгіёны краіны маюць характэрны мясцовы этнічны субстрат: брэтонскі на паўночным захадзе, аксітанскі на паўднёвым захадзе, скандынаўскі на поўначы, нямецкі на захадзе, лігурыйскі на паўднёвым усходзе.

Увогуле сёння этнічны склад Францыі стаў надзвычай стракатым, галоўным чынам, дзякуючы буйнамаштабнай іміграцыі за апошняе стагоддзе. Першая буйная хваля іміграцыі прыйшлася на 1920-я, другая — у 1960-х — была вынікам дэкаланізацыі. У 2004 85 % жыхароў Францыі складалі белыя (з іх каля 5 млн чалавек мелі італьянскае паходжанне), 10 % — паўночнаафрыканскія арабы, 3,3 % былі чорнымі, 1,7 % — азіятамі[2]. Маецца значнае цыганскае прадстаўніцтва, частку якога ў 2009—2010 французскі ўрад дэпартаваў назад у Румынію ды Балгарыю.

Згодна з другім артыкулам Канстытуцыі, дзяржаўная мова Францыі — французская, раманская мова, што паходзіць ад лацінскай. З 1635 найбольшым аўтарытэтам у французскім мавазнаўстве лічыцца Французская акадэмія. З сярэдзіны XVII па першую палову ХХ стагоддзя французская была мовай міжнародных зносін і лінгва франка для адукаваных еўрапейцаў. Цікава, што ў самой Францыі ў 1794 годзе з 25 млн жыхароў краіны толькі 3 мільёны назвалі французскую мову роднай, астатнія размаўлялі на рэгіянальных мовах і дыялектах. Распаўсюжданне французскай у нацыянальным маштабе адбылося дзякуючы ўсеагульнай сістэме адукацыі, працэсу ўрбанізацыі і інш. Пагроза англізацыі падштурхнула ўлады Пятай Рэспублікі да ўмацавання пазіцый французскай мовы ў Францыі і папулярызацыі яе за межамі дзяржавы праз Франкафонію. Сёння на французскай па ўсім свеце ўмее размаўляць ад 300 да 500 млн чалавек. Да рэгіянальных моў французскі ўрад адносіць аксітанскую, брэтонскую, каталанскую, баскскую, фламандскую, эльзаскі дыялект. Да 1859 афіцыйнай мовай Корсікі была італьянская. Паводле даследавання 2007 года, другой па колькасці носьбітаў (2,3 млн) матчынай мовай стала арабская.

Рэлігійны склад

правіць
 
Рэймскі сабор да 1825 года служыў месцам каранацыі французскіх манархаў

Свабода веравызнання адносіцца да правоў, дэклараваных Канстытуцыяй. Падчас даследавання 2016 года 51,1 % французаў назвалі сябе хрысціянамі (пераважная большасць — каталікі, а з 47 000 французскіх культавых пабудоў 94 % — каталіцкія); 39,6 % заявілі аб сваім атэізме або агнастыцызме, 5,6 пацвердзілі сваю прыхільнасць да ісламу, 0,8 % назваліся іўдаістамі (гэта трэцяя ў свеце пасля ЗША і Ізраіля іўдзейская абшчына)[3].

Размяшчэнне і рассяленне

правіць

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва па еўрапейскіх мерках невысокая — 116 чал/км². Для краіны характэрны высокі ўзровень урбанізацыі. Гараджане складаюць 77 % насельніцтва краіны. У Францыі налічваецца 73 агламерацыі, у кожнай з якіх жывуць больш за 100 тысяч чалавек. Найбольш буйнымі агламерацыямі (больш за 1 млн жыхароў) з’яўляюцца Парыж, Марсель, Ліён і Ліль, Тулуза, Бардо. Ад 500 тыс. да 1 млн чалавек жывуць у агламерацыях Ніцы, Нанта, Рэна і Страсбурга. Колькасць насельніцтва ў гарадскіх агламерацыях значна перавышае колькасць жыхароў у адпаведных гарадскіх ядрах. Так, у Вялікім Парыжы пражывае каля 12,4 млн чал. (18,5 % насельніцтва краіны), у горадзе Парыжы — 2,2 млн.

 
Дахі Ліёна
Найбуйнейшыя агламерацыі Насельніцтва ў 2012 годзе[4]
Парыж 12,4 мільёны
Ліён 2,2 мільёны
Марсель 1,8 мільёнаў
Ліль 1,4 мільёны
Тулуза 1,3 мільёны

Зноскі