Нацыянальная меншасць
Нацыянальныя меншасці — нацыянальныя супольнасці ў поліэтнічных дзяржавах, якія складаюць адносную меншасць насельніцтва ў параўнанні з асноўнай нацыянальнасцю краіны. Да іх звычайна адносяцца групы людзей, што пастаянна жывуць на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, маюць яе грамадзянства, але адрозніваюцца сваім этнічным паходжаннем, матэрыяльнай і духоўнай культурай, самасвядомасцю, мовай, рэлігіяй, ментальнасцю. Нацыянальныя меншасці існуюць ва ўсіх шматэтнічных краінах свету. Іх асноўныя правы і свабоды забяспечваюцца адпаведнымі дзяржаўнымі законамі, міжнароднымі канвенцыямі і дэкларацыямі. У прынятай ААН у 1992 «Дэкларацыі правоў асоб, што належаць да нацыянальных ці этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей» абвешчаны іх правы на бесперашкоднае развіццё сваёй культуры, мовы і рэлігіі, стварэнне ўласных аб'яднанняў і таварыстваў, а таксама магчымасць карыстацца ўсімі грамадзянскімі свабодамі без ніякай дыскрымінацыі і абмежавання. Закон «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», прыняты ў 1992, гарантуе свабоднае развіццё культур, моў (моўныя правы), традыцый усіх этнічных супольнасцей у Беларусі, садзейнічае гарманізацыі міжнацыянальных адносін, дазваляе ствараць нацыянальныя грамадскія арганізацыі і культурна-асветныя ўстановы.
У Беларусі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей упершыню з'явіліся ў сярэднявеччы (пераважна ў 14-16 ст.), што было абумоўлена геапалітычным становішчам беларускіх зямель на скрыжаванні шляхоў паміж Польшчай і Расіяй, Украінай і Літвой, міграцыйнымі працэсамі, войнамі, міжэтнічнымі кантактамі і г.д. Паводле перапісу 1989 у БССР пражывалі прадстаўнікі каля 100 нацыянальных меншасцей, у т.л. 1342 тыс. рускіх (13,2%), 418 тыс. палякаў (4,1%), 291 тыс. украінцаў (2,9%), 111,9 тыс. яўрэяў (1,1%); жывуць таксама татары, літоўцы, латышы, немцы, цыганы і інш. Усе разам яны складаюць звыш 20% насельніцтва Беларусі. У канцы 1980-х г. узніклі першыя культурна-асветніцкія таварыствы нацыянальных меншасцей. Зарэгістраваныя згуртаванні маюць палякі, яўрэі, рускія, украінцы, татары, літоўцы, немцы, армяне, азербайджанцы і карэйцы. У чэрвені 1994 годзе ў Мінску заснаваны Цэнтр нацыянальных культур Беларусі.
Спасылкі
правіць- Рэкамендацыі Форума ААН па правах меншасцяў (англ.), 2008
- Заўвага агульнага парадку Камітэта па правах чалавека № 23. «Артыкул 27», ААН
- Рэкамендацыя 1255 (1995) пра абарону мае рацыю нацыянальных меншасцяў, ПАСЕ
- Тэматычныя рэкамендацыі Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцяў Архівавана 20 красавіка 2015. АБСЕ
- Усеагульная дэкларацыя моўных правоў (англ.) ЮНЕСКА
- Міждзяржаўныя арганізацыі
- Вярхоўны камісар АБСЕ па нацыянальных меншасцях
- Падкамісія па правах меншасцяў ПАСЕ
- Еўрапейскі цэнтр па правах меншасцяў, Германія—Данія
- Незалежны эксперт па справах меншасцяў і Форум па справах меншасцяў Архівавана 2 ліпеня 2012., ААН
- Правы меншасцяў у сістэме ААН
- Міжнародныя НГА
- Арганізацыя еўрапейскіх меншасцяў Архівавана 14 лютага 2008.
- Minority Rights Group International
- CEDIME-SE Архівавана 20 лютага 2008.
- Каталогі