Адкрыць галоўнае меню

Не́ўры (стар.-грэч.: Νευροί, лац.: Neuri) — народ, які ў часы антычнасці жыў на тэрыторыі Усходняй Еўропы, магчыма на землях Беларусі.

ГістарыяграфіяПравіць

Неўры ўпершыню ўзгадваюцца ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота, як народ, што жыве «вышэй за скіфаў»:

У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Бо не толькі іх уласная зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Таму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод іх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, вядома, не могуць упэўніць; аднак пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта. Калі скіфы звярнуліся да неўраў па дапамогу супраць персідскага цара Дарыя, тыя адмовіліся і тлумачылі, што не маюць спрэчак з персамі, і не дапамогуць скіфам, якія самі прычынілі вайну.

Старажытнарымскія аўтары 1—5 ст. (Пампоній Мела, Гай Пліній Секунд, Марцін Капела) звязвалі тэрыторыю герадотавых неўраў з рэкамі Гіпаніс (Паўднёвы Буг), Тырас (Днестр) і Барысфен (Дняпро).

У Новы час шведскі гісторык Олаф фон Далін (XVIII ст.) вызначыў неўраў як «сумесь рас» і лакалізаваў іх месца знаходжання ў Скандынавіі. У XIX ст. славацкі гісторык П. Ё. Шафарык размяшчаў неўраў у басейне Нарава (сучасная Усходняя Польшча) і лічыў іх славянамі. Беларускі этнограф і краязнавец П. М. Шпілеўскі меркаваў, што неўры насялялі тэрыторыю Беларусі, бо тут найбольш былі пашыраныя ўяўленні пра ваўкалакаў-пярэваратняў. Савецкі археолаг В. М. Мельнікоўская (1950-1960-я) лічыла неўраў насельніцтвам мілаградскай археалагічнай культуры, якое ў 8—3 ст. да н.э. займала паўднёвы ўсход Беларусі. Яна меркавала, што плямёны мілаградскай археалагічнай культуры прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з заходняй часткі Валыні. Гэтую думку падтрымаў акадэмік Б. А. Рыбакоў на падставе таго, што будзіны, да якіх перасяліліся неўры, жылі на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласці, побач з Гомельшчынай.

Беларускі археолаг С. Я. Рассадзін лакалізаваў неўраў у басейне Гарыні (заходняя частка мілаградскага арэала), на яго думку, адтуль неўры рушылі да Паўднёвага Буга — да скіфаў, а ўзгаданне будзінаў — памылка перапісчыка. З ім згодны даследчык скіфскай культуры А. І. Цераножкін. Змеі Герадота, на думку Рассадзіна, азначаюць змены клімату — паніжэнне сярэдніх тэмператур і ўзрастанне вільготнасці (шмат дажджоў, паводкі, забалочванне нізінаў), якія адбыліся ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. і прымусілі неўраў перасяліцца на сушэйшыя месцы. Паводле Рассадзіна, і на падставе таго, што да неўраў па дапамогу звярталіся скіфы, неўры былі даволі шматлікімі, і даволі моцнымі; не былі дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю — «норавы скіфскія»[1] Частка беларускіх этнолагаў мяркуе, што доказам месцазнаходжання неўраў на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца пашыранае існаванне гідронімаў з коранем «нар». Таксама варта ўпамянуць сведчанні Герадота, што неўры кожны год на некалькі дзён быццам ператвараліся ў ваўкоў, а таксама тое, што яны змянілі сваё месца жыхарства з-за змей, якіх шмат там развялося. Навукоўцы, як у доказ гэтаму, сталі прыводзіць беларускія легенды аб ваўках-пярэваратнях і змеях, а таксама "Слова пра паход Ігараў", дзе згадваецца князь Усяслаў Полацкі, які быццам мог ператварацца ў ваўка[2].

Аднак агульна прынятай лакалізацыі і этнічнага вызначэння неўраў у гістарыяграфіі да цяперашняга часу пары няма.

Зноскі

  1. У тагачаснай Скіфіі ўжо склалася рабаўладальніцкая дзяржава.
  2. Невры (руск.) 

ЛітаратураПравіць

  • Беларусь на мяжы тысячагоддзяў / Рэд. калегія: А. П. Вайтовіч, А. м. данілаў, А. І. Падлужны, Г. П. Пашкоў, М. Ф. Піліпенка і інш. — Мн.: БелЭн, 2000;
  • Геродот. История в девяти книгах. — Л.: Наука‚ 1972;
  • Гісторыя Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс. / Дз. С. Самахвалаў, В. М. Лянцэвіч, С. А. Кізіма, А. А. Крыварот. / Пад агульн. рэд. Дз. С. Самахвалава; Мінскі інстытут кіравання. — Мн.: Выд-ва МІК, 2004;
  • Нейхардт А. А. Скифский рассказ Геродота в отечественной историографии. — М.: Наука, 1982;
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2006. — С. 26, 27.