Новая Мыш

вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі

Но́вая Мыш[1] (трансліт.: Novaja Myš, руск.: Новая Мышь) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навамышскага сельсавета. Размешчана за 8 км на захад ад Баранавічаў, на скрыжаванні аўтадарог на Івацэвічы, Стоўбцы, Слонім, Моўчадзь, на рацэ Мышанцы.

Вёска
Новая Мыш
Вуліца
Вуліца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
188 м
Насельніцтва
1 370 чалавек (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 163
Паштовы індэкс
225331
Аўтамабільны код
1
СААТА
1204860051
Новая Мыш на карце Беларусі ±
Новая Мыш (Беларусь)
Новая Мыш
Новая Мыш (Брэсцкая вобласць)
Новая Мыш

Назва правіць

Субстантыўны кампанент Мыш у састаўной геаграфічнай назве літаральна паўтарае старажытны гідронім Мыша — на беразе ракі была ўзведзена сядзіба. Інвентар 1692 года яшчэ згадвае пра раку Мышу, але з часам рака стала ўспрымацца як больш дробны аб’ект, і наступны інвентар 1730 года паведамляе ўжо пра Мышанку. Даследчыкі шукаюць паходжанне гідроніма як у славянскіх, так і ў балцкіх мовах.

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Упершыню Мыш згадваецца ў першай палове XV стагоддзя як сяло Новагародскага павета. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў мясцовасць за ваенныя заслугі жмудскаму старосце Я. К. Хадкевічу. Пад 1566 годам паселішча значыцца ў дакументах як мястэчка. У XVI—XVII стагоддзях тут існаваў замак. У XVII стагоддзі ў мястэчку дзейнічалі касцёл і школа, у двары (Старая Мыш) існаваў кляштар езуітаў. У другой чвэрці XVII стагоддзя мясцовасць перайшла ў валоданне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі войскі Маскоўскай дзяржавы. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[2]:

  В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку.  

У другой палове XVII стагоддзя кашталян новагародскі Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі заснаваў у Мышы езуіцкі калегіум. У XVIII стагоддзі ўладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII стагоддзя апошнія заснавалі тут шкляную гуту. Станам на 1725 у мястэчку было больш за 100 двароў, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1784 годзе маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новая Мыш апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці ў Навагрудскім павеце. У 1825 годзе з цэглы ўзведзены Праабражэнскі касцёл. У 1842 годзе адбыліся 2 кірмашы (1 і 29 верасня), на якіх у асноўным гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі і жывёлай. У 1859 годзе ў мястэчку на сродкі казны і тутэйшых сялян пабудавана драўляная Праабражэнская царква. Праваслаўны прыход налічваў каля 3500 вернікаў, сярод якіх пісьменных было толькі каля 10 %.

У 1860-я гады ў мястэчку было 132 двары, царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, штотыднёвыя таргі, 1 рэгулярны кірмаш.

У першай палове 1880-х гадоў у мястэчку каля 160 двароў, 1030 жыхароў, дзейнічалі царква, народнае вучылішча (адчынена ў 1862), валасное праўленне, касцёл, сінагога, З яўрэйскія школы, бальніца, 21 крама, бровар, цагельны завод, паравы і ветраны млыны. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кузнецкі, па вырабе розных рэчаў з дрэва.

Найноўшы час правіць

У пачатку XX стагоддзя Новая Мыш уяўляла сабой вялікае і шматмоўнае мястэчка, у народным вучылішчы вучылася каля 150 дзяцей (з іх толькі 25 дзяўчынак). Дзейнічалі прызыўны ўчастак і аптэка.

У Першую сусветную вайну Новую Мыш занялі нямецкія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1939 годзе Новая Мыш увайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры яе вызваленні вызначыўся наводчык, камандзір гарматы М. П. Акімаў, які падбіў 5 варожых танкаў, знішчыў 50 акупантаў і ўтрымаў рубеж да прыходу асноўных сіл сваёй часці. За гэты подзвіг Акімаву 25 верасня 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці.

У 1996 годзе ў Новай Мышы ў гонар паэта і фалькларыста Яна Чачота быў усталяваны помнік[3]. Станам на 1998 год у вёсцы быў 691 двор.

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1830 год — 524 мужчыны, з іх шляхты 5, духоўнага саслоўя 2, мяшчан-іўдзеяў 147, мяшчан-хрысціян і сялян 367, жабракоў 3[4]; 1865 год — 884 чал.
  • XX стагоддзе: пачатак XX ст. — 320 двароў, каля 3860 жыхароў; 1921 год — 327 дамоў, 1815 жыхароў[5]; 1959 год — 1942 жыхары; 1998 год — 511 гаспадарак, 1752 жыхары.

Інфраструктура правіць

У Новай Мышы працуюць філіял Баранавіцкай фабрыкі дзіцячых цацак, выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, Дом быту, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, бальніца, аўтаматычная тэлеф. станцыя, племстанцыя, ветэрынарная лячэбніца, прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аптэка, сталовая, 2 магазіны.

Славутасці правіць

 
Капліца могілкавая

Страчаная спадчына правіць

  • Капліца могілкавая (XIX стагоддзе)

Галерэя правіць

Вядомыя жыхары правіць

З Новай Мышы паходзіць бацька польскага палітыка Яцака Пратасевіча[6].

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  3. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 111. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  4. Соркіна 2010, с. 413.
  5. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  6. Мой род з Беларусі — размова з еўрадэпутатам Я. Пратасевічам // «Ніва» № 3, 20 студзеня 2008.
  7. http://www.yiddishmusic.jewniverse.info/nachbushnoah/index.html

Літаратура правіць

Спасылкі правіць