Нумізматыка ў Беларусі
Беларуская нумізматыка — тэрытарыяльная галіна нумізматыкі.
Гісторыя
правіцьСтанаўленню нумізматыкі як навукі папярэднічаў у гісторыі працяглы перыяд збірання манет. На землях Беларусі захапленне манетамі пашырылася ў 2-й палове XVII стагоддзя.
Найперш гэта багатая манетна-медальная калекцыя Радзівілаў у Нясвіжы, якая існавала ў XVI—XVIII стагоддзях.
Мікалай Радзівіл Чорны (1515—1585) меў першую вядомую на землях Беларусі калекцыю манет у Нясвіжы. Значную калекцыю складалі скарбы, якія знаходзілі сяляне, апрацоўваючы яго зямлю. Для манет спецыяльна былі зроблены дзве велізарныя шафы з шуфлядкамі. Усе манеты былі раскладзены па асобных ячэйках, абшытых аксамітам, раскладзеныя ў шуфлядках па краінах і па гораду чаканкі. У калекцыі пераважна былі манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай — дукаты, талеры, пенязі, шэлегі, арабскія, рымскія, галандскія і іншыя грашовыя знакі.
Мікалай Радзівіл Сіротка (1549—1616) працягнуў збор калекцыі. У наноў збудаваным замку ў Нясвіжы Сіротка змясціў нумізматычную калекцыю ў спецыяльным пакоі.
У 1812 годзе, пасля сыходу французскага войска, расійскія часткі захапілі ў Нясвіжы сярод іншага 12 209 залатых і сярэбраных манет і медалёў. Усе яны былі перададзены ў 1813 годзе Харкаўскаму ўніверсітэту, пры якім у 1807 годзе быў заснаваны музей.
Крыху меншую, але таксама вялікую і славутую калекцыю старажытнасцей мелі Сапегі. Так званы «Сапежынскі збор» у Ружанах меў нумізматычную калекцыю. Потым той збор дзяліўся паміж спадкаемцамі, а асноўная частка перавезена ў Дзярэчын. Пасля паўстання 1831 года калекцыю канфіскавалі. Далейшы лёс яе невядомы.
Частка з «Сапежынскага збору» трапіла да Ганны Казіміраўны Сапега (па мужы Яблонская) (1728—1800). Тая, жывучы ў Сямяцічах на Гродзеншчыне, стварыла «Кабінет натуральнай гісторыі», дзе ў другой зале разам з вырабамі мастацтва была выстаўлена і нумізматычная калекцыя.
Вядома, што Альбета Агінская (? — пам. 1767) у сваім маёнтку Лучай паміж Глыбокім і Паставамі збірала антыкварыят, плаціла сваім сялянам, калі яны знаходзілі ў зямлі старыя рэчы ці манеты.
Мікалай Румянцаў распачаў збор сваёй калекцыі ў пачатку 1820-х гадоў. У лісце ад 7 лістапада 1821 года ён пісаў, што ў належачым яму Гомелі знайшлі збан з сярэбранымі манетамі Жыгімонта Вазы 1620-х гадоў. У 1822 годзе да калекцыі патрапіў скарб манет Арабскага Халіфату IX—X стагоддзя, знойдзены таксама ў Гомелі. Напрыканцы таго самага года да Румянцава патрапіў скарб з-пад Магілёва, які змяшчаў арабскія манеты VIII—IX стагоддзяў. Тады ж Румянцаў набывае скарб з Трокаў і шукае звесткі пра скарб, адкапаны ў Віцебску. У 1825 годзе ўсходняе аддзяленне Румянцаўскага збору налічвае 950 манет. У 1828 годзе ў калекцыі 524 антычных грэчаскіх манет. Пасля смерці Румянцава ў 1826 годзе яго калекцыя трапляе ў казённае ведамства (Санкт-Пецярбург) і ў 1831 годзе выстаўляецца для прагляду. У 1861 годзе калекцыя трапляе ў Маскву, дзе складае аснову Румянцаўскага музея.
Буйным збіральнікам манет у 1840—1860 гадах быў Яўстах Тышкевіч. Ён перадаў у створаны Віленскі музей старажытнасцей 3072 манеты. Той музей меў асобны аддзел, дзе выстаўляліся манеты і медалі, падзеленыя па дзяржавах. У 1858 годзе нумізматычны збор Віленскага музея налічваў 3264 манет (539 антычных, 283 усходніх, 426 расійскіх, 2016 літоўскіх, польскіх і заходнееўрапейскіх). У 1879 годзе манет было ўжо 4659 (319 Старажытнай Грэцыі, 160 старажытнарымскіх, 720 ўсходніх, 1318 расійскіх, 2142 літоўскіх, польскіх і заходнееўрапейскіх) і 1283 медаля.
Юзаф Слізень у сярэдзіне XIX стагоддзя ў сваім маёнтку Мсціжы (Барысаўскі павет) сярод іншых старажытных рэчаў меў вялікі збор манет.
Значную калекцыю манет меў у 1880—1890-я і Марачэўскі (Вільня), уладальнік маёнтку Хожава Вілейскага павета. Напачатку XX стагоддзя — Брадоўскі (Вільня). У 1870—1890-я вельмі актыўна на Міншчыне пачаў збіраць манеты Генрых Татур — значная частка яго калекцыі патрапіла ў 1921 годзе ў Беларускі музей у Вільні.
У той самы час на Міншчыне таксама вядомы вялікі збор Эмерыка Чапскага, які выпускаў таксама і каталогі манет Рэчы Паспалітай. У 1894 годзе частка калекцыі была перавезена ў Кракаў, дзе склала аснову музея імя Чапскага.
У 1880-х гадох распачаў працу ў Віцебску музей Вацлава Федаровіча, дзе былі манеты, знойдзеныя ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях.
Напрыканцы XIX стагоддзя рэгістрацыя і збор манетных скарбаў паступова пераходзіць да музеяў, якія стварылі ў 1870—1880 гадах пры статыстычных камітэтах Віленскай, Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Багатыя німізматычныя калекцыі мелі Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, Мінскі царкоўна-археалагічны музей.
Нумізматыка ў БССР
правіцьМіжваенны перыяд
правіцьЛіхалецце Першай сусветнай вайны, рэвалюцый і перасоўванне па беларускай зямлі розных акупацыйных войскаў не лепшым чынам спрыяла захаванню манетных збораў, не кажучы ўжо пра вывучэнне і новыя даследванні.
Замежнае войска і проста злодзеі расцягнулі большасць збораў. Вядома напрыклад, што ў 1920 годзе польскае войска вывезла з Мінска Беларускі абласны музей разам з манетным зборам.
У 1918 годзе Антон Брадоўскі падараваў частку сваёй калекцыі (4,5 тыс. манет і медалёў) Віцебскаму губернскаму музею.
Пасля падзелу Беларусі і ўсталявання міру ў Заходняй Беларусі й БССР пачаўся падлік захаванага і аднаўленне страчанага.
Найлепшыя зборы манет ў Савецкай Беларусі ў міжваенны перыяд захоўвалі:
- Беларускі Дзяржаўны музей у Мінску (заснаваны 19 лістапада 1922 году на падставе калекцый мінскага царкоўна-археалагічнага музея, мінскага гарадскога музея, музеяў з Горак, Мсцілава і Чэрыкава. У 1927 годзе налічваў 14 тысяч манет, з якіх 11 тысяч са скарбаў, знойдзеных на землях Беларусі)
- Віцебскі абласны краязнаўчы музей (у лістападзе 1918 году меў перавезены Віленскі вайсковы збор)
- Гомельскі абласны краязнаўчы музей (створаны ў 1919 годзе, з нацыяналізаваных прыватных збораў — аснова калекцыя Паскевічаў)
- Магілёўскі абласны краязнаўчы музей (створаны ў 1919 на падставе былога Магілёўскага царкоўна-археалагічнага музея і калекцыі беларускага этнографа Еўдакіма Раманавіча Раманава)
У Заходняй Беларусі:
- Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей (заснаваны ў 1922 годзе на аснове калекцыі Юзафа Ядкоўскага. Працягваў працу пасля ўваходу ў склад Беларусі і пасля вайны)
- Віленскі беларускі музей
Большасць са збораў згаданых музеяў загінулі падчас Другой сусветнай вайны ці былі назаўсёды перавезены ў музеі РСФСР.
Навуковыя нумізматычныя працы ў міжваенны перыяд у БССР былі распрацаваныя слаба. Першымі працамі па нумізматыцы лічацца два артыкулы, надрукаваныя у 1927 годзе дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея Паўлам Харламповічам у Гісторыка-археалагічным зборніку. Адзін артыкул пра пражскія грошы XIV—XV стагоддзя ў манетных скарбах, другі — апісваў манетныя скарбы на землях Беларусі.
Дасюль не надрукаваны нумізматычныя працы Н. Н. Шчакаціхіна. У Дзяржаўным Эрмітажы захоўваюцца два ягоныя рукапісы «Топография кладов с литовскими монетами на территории древнего Литовского государства» (1933—1934) і «Очерк истории литовской монеты 16—17 веков», першая частка (1932—1937). Вядома, што ў 1929 годзе Шчакаціхін падрыхтаваў да друку «Обзор монетных находок Белоруссии за 1926—1928 гг.» і «Описание монетных находок на территории Минска». Аднак лёс тых прац невядомы.
У Заходняй Беларусі ў 1933 годзе Юзаф Ядкоўскі апісаў на польскай мове скарбы, знойдзеныя ў 1928—1930 гадах.
Пасляваенны перыяд
правіцьНумізматычныя даследаванні аднавіліся ў Беларусі толькі ў 1960-я гады. Аднак мелі спарадычны характар. Першым сталым даследчыкам і заснавальнікам сучаснай беларускай нумізматыкі стаў Валянцін Рабцэвіч. Дзякуючы яму і на аснове яго ўласнай калекцыі ў БДУ быў заснаваны нумізматычны кабінет.
Сучасны стан
правіцьПасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе грамадства пачало праяўляць зацікаўленасць да беларускай нумізматыкі, як, зрэшты, і да ўсёй гісторыі Беларусі. У СМІ і гістарычных выданнях пачалі з’яўляцца артыкулы пра грошы ВКЛ. Выдаюцца значныя працы: энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі» ў 1993 годзе, значная праца Валянціна Рабцэвіча «Нумизматика Беларуси» з’яўляецца ў 1995 годзе.
Пасля на нейкі прамежак часу надыходзіць зацішша. І толькі на пачатку XXI стагоддзя адбываецца ўздым беларускай нумізматыкі. У «Банкаўскім весніку» рэгулярна друкуюцца артыкулы, прысвечаныя манетам ВКЛ. У 2005 годзе выходзіць першы каталог-цэннік «Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707», праз два гады ўбачылі свет дзве кнігі на беларускай мове: навукова-папулярная «Манеты беларускай даўніны» Дзмітрыя Гулецкага і даведнік «Манеты Беларусі да 1707 года» Дзмітрыя Гулецкага, Аляксандра Грамыкі, Аляксандра Крываручкі. Матэрыялы па нумізматыцы друкуюцца ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». У Беларусі адбываюцца міжнародныя нумізматычныя канферэнцыі. У 2008 годзе выходзіць на прыватную ініцыятыву беларускіх калекцыянераў кніга «Калекцыйная спадчына Вялікага княства», дзе найбольш друкуецца матэрыялаў па нумізматыцы.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.
- Дзмітрый Гулецкі, Аляксандр Грамыка, Аляксандр Крываручка. Манеты Беларусі. да 1707 года: даведнік. — Мінск: выд. І. П. Логвінаў, 2007.
- Дзмітрый Гулецкі. Манеты беларускай даўніны. — Мінск: Беларусь, 2007.
- Генадзь Каханоўскі. Вытокі музейнай справы на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс № 2-1994. С. 79—86
- Віктар Какарэка, Ілля Шталенкоў. Монеты Великого княжества Литовского, 1492—1707: каталог. — Мінск: УП «Экоперспектива», 2005.
- Валянцін Рабцэвіч. Нумизматика Беларуси. — Мінск: Полымя, 1995.
- Иван Синчук. Клады Беларуси: законодательство и практика. Минск : РУП «Минсктиппроект», 2003.
- Іван Сінчук. Беларуска-літоўская нумізматычная бібліяграфія 1950—2000. Мінск : ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», 2017.
- Павел Харламповіч. Пражскія грошы ў беларускіх манетных скарбах // Гісторыка-археалагічны зборнік № 1. — Мінск, 1927.
- Павел Харламповіч. Манетныя скарбы, знойдзеныя ў Беларусі // Гісторыка-археалагічны зборнік № 1. — Мінск, 1927.
- Нумізма́тыка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 539. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.