Нягневічы
Нягне́вічы[1] (трансліт.: Niahnievičy, руск.: Негневичи) — аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Нягневіцкага сельсавета. Насельніцтва 1098 чал. (2008). Знаходзяцца за 20 км на паўночны ўсход ад Навагрудка, за 44 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня.
Аграгарадок
Нягневічы
| ||||||||||||||||||||||
ГісторыяПравіць
Першы пісьмовы ўспамін пра Нягневічы датуецца 1401. У 1428 сяло ўваходзіла ў склад Наваградскай зямлі і знаходзілася ва ўладанні вялікага князя Вітаўта, які падараваў яго сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай.
У сяр. XV ст. Нягневічы сталі цэнтрам маёнтка Радзівілаў у Наваградскім павеце. З 1600 у мястэчку праводзілся кірмашы.
У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 Нягневічы спаліла шведскае войска. Станам на 1757 тут было 67 хрысціянскіх і 29 яўрэйскіх дамоў, працавала карчма.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Нягневічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. У 1809 мястэчка набыў граф А. Храптовіч. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 90 двароў, 98 дамоў, народнае вучылішча, 2 царкоўнапрыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Нягневічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Наваградскім павеце. У гэты час тут было 53 жылыя будынкі.
У 1939 Нягневічы ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1998 тут было 414 двароў.
НасельніцтваПравіць
- XIX стагоддзе: 1897 — 575 чал.
- XX стагоддзе: 1921 — 406 чал.; 1992 — 2065 чал.[2].
- XXI стагоддзе: 2008 — 1098 чал.
ІнфраструктураПравіць
У Нягневічах працуюць гімназія (на 1 верасня 2007 — 262 дзяцей), бальніца сястрынскага дагляду (на 25 ложкаў), амбулаторыя, пошта, філіял АСБ Беларусбанк № 416, лазня на 30 месцаў.
ЭканомікаПравіць
- Сельскагаспадарчыя кааператывы: «Нягневічы», «Камунар-агра»
- СП «Валорэкс»
- Кацельная РУП ЖКГ г. Наваградак
Турыстычная інфармацыяПравіць
СлавутасціПравіць
На могілках знаходзіцца пахаванне салдат Першай і Другой Сусветных войнаў
- Касцёл (1850; цяпер Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай, БЭМП)
Страчаная спадчынаПравіць
- Капліца могілкавая (XVIII ст.)
- Царква (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
Славутыя землякіПравіць
- Мікалай Кацянееў — першы сакратар Маймінскага гараймкама УКП(б) (1931—1933), першы сакратар Усць-Каксінскага райкама УКП(б) (1933—1936)
- Іван Ігнатавіч Малышэўскі (1828—1897) — расійскі гісторык, педагог, доктар багаслоўя, прафесар
- Аляксандр Орса — беларускі дзеяч, доктар прыродазнаўчых навук
- Галіна Орса (1930—1984) — беларуская грамадска-культурная дзяячка, педагог.
- Пётр Орса — беларускі грамадска-палітычны дзеяч
- Наталля Орса — беларускі педагог
- Платон Цэсевіч — артыст оперы і камерны спявак. Народны артыст РСФСР[3]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Негняві́чы
- ↑ Міхаіл Спірыдонаў. Нягневічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 339.
- ↑ Цесевич, Платон Иванович
ЛітаратураПравіць
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Niehniewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 76.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нягневічы
- Нягневічы на Radzima.org