Нясвіжская настаўніцкая семінарыя
Нясвіжская настаўніцкая семінарыя — навучальная ўстанова для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых школ, якая дзейнічала ў Нясвіжы з 1875 па 1919 гады. Займала будынак скасаванага дамініканскага кляштара.
Гісторыя
правіцьБыла адкрыта па ініцыятыве царскага ўрада як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму, што гняздзіцца ў Нясвіжыі яго ваколіцах». Фінансавалася з дзяржаўнага бюджэту, таксама атрымлівала грашовую дапамогу ад мясцовай сельскай грамады, Нясвіжскай павятовай земскай управы. «Гэта была найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за навуку, а лепшым вучням, якія добра вучыліся, давалі стыпендыю»[1].
Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Меліся фізічны, прыродазнаўчы кабінеты, хімічная лабараторыя, клас для заняткаў ручной працай, актавая зала, вучнёўская дамавая праваслаўная царква, інтэрнат для навучэнцаў. У пачатку 1900-х гадоў пры семінарыі была ўтворана метэаралагічная станцыя, у 1910 годзе — музей наглядных навучных дапаможнікаў і прыстасаванняў. Станам на 1914 год фундаментальная бібліятэка семінарыі мела 1850 найменняў кніг (3630 тамоў), вучнеўская бібліятэка адпаведна 980 і 1710. Пры семінарыі дзейнічала ўзорная пачатковая школа (вучылішча).
У час Першай сусветнай вайны, семінарыя была эвакуіравана ў Вязьму, дзе працавала з 1915 па 1917 гады[2]. У гэты час на вучобу прымаліся пераважна бежанцы — беларусы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пачалі прымаць асоб неправаслаўнага веравызнання і жаночага полу. Летам 1917 года на запыт Нясвіжскага гарадскога самакіравання семінарыя вернута ў Нясвіж. Педагагічная рада семінарыі распрацавала праграмы і курсы датычныя беларускай гісторыі і мовы. Курс лекцый па гісторыі Беларусі чытаў С. А. Кулагін, геаграфію Беларусі чытаў С. А. Гурыновіч. В. Гадлеўскі выкладаў беларускую мову, а таксама для навучэнцаў-каталікоў выкладаў па-беларуску асновы рэлігіі. Пры семінарыі адкрылася беларуская бібліятэка-чытальня. У кастрычніку 1919 года В. Гадлеўскаму было даручана правесці беларусізацыю семінарыі.
У снежні 1919 года семінарыя закрылася з-за адмовы ў фінансаванні з боку польскай акупацыйнай улады.
Славутыя навучэнцы
правіцьЗноскі
- ↑ Кузьма Чорны. Аўтабіяграфія
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 415. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 344. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.