Адкрыць галоўнае меню
Нёманская нізіна

Нёманская нізіна — нізіна на захадзе Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобласці, уздоўж ракі Нёман ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады (Літва). Працягласць з захаду на ўсход — 160 км, шырыня з поўначы на поўдзень — 20-55 км. Вышыня над узроўнем мора — 80—160 м. Плошча — каля 8,3 тыс. км². Падзяляецца на Верхнянёманскую і Сярэднянёманскую нізіны.

Мяжуе з Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім і Ашмянскім узвышшамі, а таксама з Капыльскай градой і Лідскай раўнінай.

На тэрыторыі працякае мноства рэк, буйнейшыя з якіх Нёман і яго прытокі — Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Котра, Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Чорная Ганча. Сустракаюцца невялікія азёры ледавіковага перыяду. Буйныя азёры: Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Верхаўскае.

Каля 35 % нізіны займаюць лясы (сасновыя, яловыя, змешаныя), радзей — дубровы. У межах Нёманскай нізіны знаходзяцца заказнікі дзяржаўнага значэння: ландшафтныя — Азёры, Ліпічанская пушча, Котра; біялагічныя — Гожаўскі, Парэцкі, Сапоцкінскі. На беразе Нёмана ўнікальнае геалагічнае агаленне Самастрэльнікі (Мастоўскі раён). Зоны адпачынку: дзяржаўнага значэння — Азёры, Масты; мясцовага значэння — Дзітва, Морына, Воўпа, Скідаль, Сонічы, Высокае і іншыя.[1]

На тэрыторыі нізіны маюцца радовішчы карысных выкапняў — гліны, крэйды, мергелю, будаўнічых пяскоў.

Месца, дзе Нёман перасякае мяжу з Літвой, з'яўляецца самай нізкай кропкай Беларусі (81 м).

Зноскі

  1. Турысцкая энцыклапедыя Беларусі. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9