Нёўда (рака)
Нёўда, Нявода, Палужанка — рака ў Навагрудскім і Карэліцкім раёнах Гродзенскай вобласці, левы прыток ракі Сэрвач (басейн р. Нёман). Даўжыня 39 км. Плошча вадазбору 240 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 3,4 ‰.
Нёўда | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 39 км |
Басейн | 240 км² |
Расход вады | 1,7 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 53°32′58,62″ пн. ш. 25°49′45,97″ у. д.HGЯO |
Вусце | Сэрвач |
• Каардынаты | 53°31′50,3″ пн. ш. 26°09′59,9″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 3,4 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сэрвач → Нёман → Балтыйскае мора |
Краіна | |
Рэгіён | Гродзенская вобласць |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьНазва Нёўды мае балцка-яцвяжскае паходжанне. Пра гэта сведчыць элемент -da у назве, які пайшоў ад яцвяжскага *udā «вада; рака».
Яцвяжскае *udā роднаснае балцкай гідранімічнай аснове Ud- : Vad- : Ved-, што роднасная з лат. ūdens, пруск. (w)undan, літ. vanduo «вада». Варыянты гэтай асновы ў балцкіх назвах такіх рэк, як літоўскія Vedega, Vadaktis, Ūdara[1], пасожская Удага, падняпроўская Ведаса і пад.[2] У прусаў вядомы гідронім Asege-wad «Яршовае возера»[3].
Апроч Нёўды, другая аснова -da і ў рачных назвах Ясельда, Грыўда, Сёгда, Саколда, Голда. Гэтыя назвы паказваюць арэал менш-больш паміж Навагрудкам на ўсходзе, Беластокам на захадзе і Івацэвічамі на поўдні. У гэтым арэале таксама сканцэнтраваныя гідронімы яцвяжскага паходжання: Свіцязь, Сіпа, Зэльва, *Zeita (> Zietela > Дзятлава), у якіх бачны пераход усходнябалцкага š, ž у заходнябалцкае s, z.
Магчыма, форму, блізкую да Ne-ud-, раней мела рака Няводніца (польск. Niewodnica), што ўцякае ў Нараў каля Беластока, недалёка ад Саколды і Голды.
Назва Нёўда мела такое ж значэнне, што і гідронімы тыпу Нецеч, Сухацечка , Сухадроўка: непаўнаводная рэчка, што ў цяплейшую пару года высыхае, «не цячэ».
Гідраграфія
правіцьПачынаецца каля вёскі Нёўда Навагрудскага раёна, цячэ ў межах Навагрудскага ўзвышша па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі.
Уцякае ў раку Сэрвач на поўначы ад вёскі Беразавец Карэліцкага раёна. Даліна пераважна трапецападобная, шырыня 2—3 км, са стромкімі схіламі вышынёй да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шырыня 100—150 м.
Рэчышча моцна звілістае, ад вёскі Аколіца да вусця каналізаванае. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў. Асноўныя прытокі — Крамаўка (злева), Зямчатка (справа).
Зноскі
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 351, 358.
- ↑ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — М., 1962. — С. 157, 169—170, 178, 211.
- ↑ K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.